Турма, мужчына і жанчына. Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Засуджаныя на сьмяротнае пакараньне. Ілюстрацыйнае фота

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона Х»: 47 расстрэлаў у год. Гісторыя расстралянага Ўладзіслава Кавалёва. Гісторыя нерасстралянага Вікенція Мінгіновіча. Гісторыя нерасстралянага Сяргея Праціраева. Гісторыя нерасстралянага Дзьмітрыя Хархаля.

ЗОНА Х


47 расстрэлаў за год

Вышка, найвышэйшая мера сацыяльнай абароны, выключная мера пакараньня — як толькі не называлі пазбаўленьне дзяржавай чалавека жыцьця.

У Беларусі з часу абвяшчэньня яе незалежнасьці (ад 1991 да 2017 году) было выканана больш за 330 расстрэлаў. Цяпер краіна застаецца адзінай у Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды. Інстанцыя, якая дае асуджанаму на сьмерць хоць маленькую, але ўсё ж надзею на жыцьцё — інстытут прэзыдэнцкага памілаваньня.

Згодна з апытаньнямі, якія некалькі гадоў таму былі праведзеныя на замову «Міжнароднай турэмнай рэформы» (Penal Reform Int.) пры кансультацыйнай падтрымцы Беларускага Хэльсынскага камітэту, траціну беларусаў гэтае пытаньне, як і раней, увогуле не хвалюе і яны нічога ня ведаюць пра тое, ці ўжываюць у Беларусі такую найвышэйшую меру, як расстрэл.

57,6% удзельнікаў апытаньня выказаліся ў падтрымку выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня. Супраць — 34,6% апытаных. Паводле сацыёлягаў, доля праціўнікаў сьмяротных прысудаў у Беларусі апошнім часам расьце. Адначасна расьце колькасьць тых, хто ставіцца да гэтага пытаньня індыфэрэнтна.

Самая вялікая колькасьць сьмяротных прысудаў у гісторыі незалежнай Беларусі прыпадае на 1990-я. Тады, як сьведчыць статыстыка, магло выносіцца да 47 сьмяротных выракаў у год. І толькі пачынаючы ад 2000 году іх колькасьць рэзка пайшла на спад.


Гісторыя расстралянага Ўладзіслава Кавалёва

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску адбыўся выбух, які забраў жыцьці 15 чалавек, некалькі сотняў былі параненыя. Арганізатарамі і выканаўцамі тэракту суд прызнаў двух віцебскіх хлопцаў — Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў у судзе

Іх расстралялі праз 11 месяцаў, у сакавіку 2012-га. Гэтае сьмяротнае пакараньне стала самым рэзанансным за ўсю гісторыю найноўшай Беларусі. Ня меншую нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве выклікала тады і адмова кіраўніка дзяржавы задаволіць прашэньне Кавалёва аб памілаваньні. (Фармальна на руках гэтага асуджанага не было крыві — ягоная віна афіцыйна палягала ў неданясеньні).

Любоў узгадвае, што да трагічнай падзеі 11 красавіка 2011 году яна і ня ведала, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсьць найвышэйшая мера пакараньня. Так было, пакуль гэта не закранула яе саму. У адзін момант жыцьцё назаўсёды падзялілася на «да» і «пасьля» выбуху.

Любоў Кавалёва

Згодна зь беларускімі законамі, целы расстраляных, нягледзячы на просьбы ды патрабаваньні сваякоў, сем’ям на пахаваньне не выдаюць. Такая самая практыка ў Кітаі, дзе сёньня прыводзяць у выкананьне самую вялікую колькасьць сьмяротных прысудаў. Ёсьць іншыя прыклады: у ЗША маюць права забраць цела родныя або нават сябры пакаранага. Калі ніхто не аб’яўляецца, нябожчыка хаваюць на могілках, як правіла на тэрыторыі турмы. На надмагільлі ўказваецца імя і дата сьмерці.

У Беларусі некаторыя маці расстраляных робяць сымбалічныя магілы. Зразумела, не на могілках. Проста знаходзяць нейкае месца, так ці інакш зьвязанае зь іх сынам, закопваюць там некаторыя ягоныя рэчы, ставяць невялікі крыж ці камень ды час ад часу прыходзяць туды паплакаць. Што да Любові Кавалёвай, то яна адразу ад такой ідэі адмовілася.


— Мне здаецца, што душа сына павінна здабыць спакой. Улада расстралялі ў адным месцы, калі пахавалі, то ў іншым. А тут яшчэ адна сымбалічная магіла... Усё ж трэба дамагацца ад уладаў, каб яны вярталі целы расстраляных. Яны ўжо ўсё зрабілі, што хацелі: пазьдзекаваліся з Улада, зь мяне. І цяпер працягваюць, прыкрываючыся артыкулам 176, згодна зь якім месца пахаваньня не абвяшчаецца, а цела не выдаецца.

За ўвесь час сьледзтва родным Улада Кавалёва толькі тройчы дазволілі ўбачыць сына і брата. Пастаянна ў памяці жанчыны апошняя сустрэча з сынам у СІЗА КДБ. Гэта было 11 сакавіка 2012 году.

— Пры сустрэчы я вельмі хвалявалася за яго здароўе, бо ён астматык і ў яго здараліся прыступы, а таму спыталася ў супрацоўнікаў, ці можна перадаць яму мэдыкамэнты. А тыя сказалі: калі ласка, не праблема, насупраць СІЗА ёсьць аптэка, і іх супрацоўнік можа набыць лекі, зьняўшы грошы з сынавага рахунку. Яшчэ яны на маю просьбу параілі, якія лепш купіць сыну кніжкі — у мяккай вокладцы. Пасьля спатканьня мы з Танюшкай адразу пабеглі ў кнігарню, што насупраць КДБ.

17 сакавіка дома ў Віцебску ў сваёй паштовай скрыні жанчына знайшла ліст з апавяшчэньнем зь Вярхоўнага Суду, датаваны 16.03.2012. Зь яго вынікала, што яе сын быў расстраляны 15 сакавіка. Адмову ў памілаваньні прэзыдэнт падпісаў 13 сакавіка.

— Праўдападобна, што з расстрэлам вельмі сьпяшаліся. Так сьпяшаліся, што расстралялі сына менш чым праз тры месяцы пасьля вынясеньня прысуду. Касацыйнага разгляду скаргі не было. Найвышэйшую меру выканалі, калі ААН паведаміла ўраду Беларусі, што скарга Кавалёва на прысуд у Камітэце ААН па правах чалавека пастаўленая на ўлік. Выходзіць, што Беларусь ня выканала сваіх абавязаньняў — адтэрміноўваць у такіх выпадках выкананьне прысудаў.

Жанчына і дагэтуль ня верыць у вінаватасьць сына. Адказнасьць за тэракт яна ўскладае на беларускія спэцслужбы. У барацьбе за жыцьцё Ўлада маці прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў Беларусі, стала для многіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці сымбалем барацьбы аднаго чалавека супраць сыстэмы.

Маці пакаранага за тэракт Уладзіслава Кавалёва даслалі зь СІЗА КДБ рэчы расстралянага сына

Ад кіраўніка расстрэламі

Колішні начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў падчас працы кіраўніком спэцгрупы са сьнежня 1996 па травень 2001 году, асабіста кіраваў 134 расстрэламі. Пра гэта сам ён распавядае ў шматлікіх інтэрвію.

У сакавіку 2012-га, неўзабаве пасьля расстрэлу Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва за тэракт у менскім мэтро, Аляксандар Лукашэнка на пытаньне расейскага журналіста адказаў, што за ўвесь час свайго праўленьня памілаваў толькі аднаго чалавека.

Ніякіх афіцыйных зьвестак пра гэтую памілаваную асобу, як і пра тое, што зь ёй цяпер, няма. З размоваў з былым турэмным начальнікам Алегам Алкаевым, палітолягам, дэпутаткай Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь ХІІІ скліканьня і Палаты прадстаўнікоў ІІ (2000–2004 гг.), і ІІІ (2004–2008 гг.) скліканьняў Вольгай Абрамавай ды іншымі «Свабодзе ў турмах» давялося пачуць аб некалькіх такіх памілаваных.

Палкоўнік унутранай службы Алег Алкаеў ужо больш як сямнаццаць гадоў жыве ў Нямеччыне. За час сваёй эміграцыі, як выглядала, ператварыўся ў пасьлядоўнага праціўніка сьмяротнага пакараньня. Аднак у адным з апошніх інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» зноў загаварыў пра сваю прыхільнасьць да гэтай найвышэйшай меры.

Разважаючы ў размове са «Свабодай у турмах» пра пакараньне Ўладзіслава Кавалёва, Алкаеў кажа, што ў тым канкрэтным выпадку ў прэзыдэнта былі падставы для памілаваньня, бо на руках Кавалёва не было крыві. Пра гэта палкоўнік казаў непасрэдна маці Ўладзіслава яшчэ да ягонага расстрэлу. Алкаеў адмыслова патэлефанаваў ёй у Страсбург, дзе яна выступала перад палітыкамі, ды параіў тэрмінова вяртацца ў Беларусь і шукаць шляхі выратаваньня жыцьця сыну менавіта там: «Калі хочам захаваць чалавеку жыцьцё, то трэба стукацца не ў брусэльскія дзьверы, а ў дзьверы Адміністрацыі прэзыдэнта. Менавіта ля гэтых дзьвярэй трэба дзяжурыць. Такія правілы існаваньня пры дыктатуры, хочам мы таго або не».

Палкоўнік міліцыі пацьвердзіў, што той адзіны выпадак прэзыдэнцкага памілаваньня, пра які казаў Аляксандар Лукашэнка, якраз адбыўся за часам службы яго, Алкаева, у Беларусі.

— Я толькі прозьвішча ня памятаю. Затое памятаю шмат чаго іншага. І тых, хто быў асуджаны на расстрэл пры Лукашэнку, і тых, каму прызначалі сьмяротнае пакараньне ў часы парлямэнцкай рэспублікі.

Стары спэцкалідор у Пішчалаўскім замку. Фота з тэлесюжэту каналу "Беларусь-1" "Гісторыя адной турмы"

​На пачатку 1990-х, паводле Алкаева, ён яшчэ не працаваў начальнікам СІЗА і ў склад спэцгрупы не ўваходзіў. Але быў апэратыўнікам, начальнікам рэжымнага аддзелу, а таму добра памятае, каму пашчасьціла пазьбегнуць расстрэлу.

— Напрыклад, у камэры сьмяротнікаў сядзеў салдат, які служыў у Нямеччыне. Ён пасек сякерай траіх ці чацьвярых «дэмбэляў». За дзедаўшчыну. Салдату далі расстрэл, потым памілавалі, замянілі дваццацьцю гадамі. Яшчэ быў адзін капітан міліцыі, які забіў двух сяброў з табэльнай зброі. Невядома, зь якой прычыны яго памілавалі. Але яму замянілі расстрэл таксама на дваццаць гадоў асаблівага рэжыму.

Тады шмат забойстваў было. Урэшце, у першай калёніі на Кальварыйскай, якую потым зруйнавалі, пры ліміце напаўненьня дзьве тысячы чалавек ці крышку болей пастаянна сядзелі пяцьсот чалавек, асуджаных за забойства. Аднак усіх расстрэл не закрануў. У выніку судовых пераглядаў асуджаныя замест расстрэлаў маглі атрымаць 15–20 гадоў турэмнага зьняволеньня. Ад 1997-га ў якасьці альтэрнатывы расстрэлу пачалі даваць пажыцьцёвае.

Паводле Алкаева, гэткіх пераглядаў расстрэльных вэрдыктаў судом найвышэйшай інстанцыі было шмат. Нярэдка журналісты, праваабаронцы ды іншыя блытаюць працэс касацыйна-нагляднай інстанцыі з памілаваньнем (індывідуальным правам прэзыдэнта), а гэта зусім ня так.

Гісторыя нерасстралянага Вікенція Мінгіновіча

Мяркуючы па ўсім, узгаданы Алкаевым сьмяротнік — капітан міліцыі, які ў п’яным стане з табэльнай зброі расстраляў дваіх калегаў і да якога невядома чаму аказалася добразычлівай беларуская Тэміда, — гэта колішні АМАПавец Вікенці Мінгіновіч. Прыкладна ў 2010 годзе ён выйшаў на волю пасьля 20 гадоў адседкі. Нейкі час быў ахоўнікам на старым Чэрвеньскім рынку. Што зь ім цяпер — невядома.

Журналісту Васілю Сямашку, аднак, на пачатку 2010-х неяк удалося паразмаўляць з былым асуджаным на сьмерць, калі той яшчэ працаваў на рынку. Мінгіновіч пераважна расказваў пра ўмовы ўтрыманьня ў камэры спэцкалідору на «Валадарцы». Тую размову журналіст запісаў на дыктафон, але нідзе не публікаваў.

«Нават у лазьню асуджаных на сьмерць выводзілі ўначы. Усё рабілася так, каб нас магла бачыць мінімальная колькасьць людзей. Часам адміністрацыя СІЗА прыдумляла вельмі зьняважлівыя спосабы перамяшчэньня па турэмным калідоры. Напрыклад, каб ішлі гусіным крокам, трымаючы рукі за сьпінай, або нізка нахіліўшы галаву і падняўшы рукі за сьпінай уверх, як на прэнгу.

Зьдзекаваліся з асуджаных на сьмерць нават у такіх дробязях, як прыём ежы. Ледзь наглядчык заканчвае раздачу супу ў апошняй камэры, ён тут жа ідзе ў першыя камэры накладаць у тыя самыя міскі кашу. Даходзіць да апошняй камэры, і потым пачынае забіраць міскі. Зьняволеныя-сьмяротнікі проста не пасьпявалі паесьці, але гэта нікога не хвалявала. Праўда, нейкае выйсьце намі было знойдзена. Раніцай мы рабілі нешта кшталту місак з паловы бохана чорнага хлеба, вылівалі туды суп. Потым хутка зьядалі кашу, а потым ужо выпівалі суп.

Сьмяротнікам не належала выдаваць пасьцельную бялізну. Толькі палатняны мех, які нацягваўся на матрац замест наматрацніка. Больш нічога. Накрываліся нейкай старой салдацкай коўдрай.

Пры гэтым накрывацца з галавой было забаронена, рукі павінны былі знаходзіцца на паверхні коўдры. Такім чынам прадухілялася спроба самагубства».

Васіль Сямашка ўскладае віну за такое абыходжаньне ў тым ліку і на палкоўніка міліцыі Алега Алкаева:

— Нягледзячы на тое, што Алег Алкаеў у свой час быў з самых прасунутых турэмных рэфарматараў, ён усё роўна застаўся турэмнікам, а на дадатак яшчэ і катам. Ён ня толькі браў удзел у расстрэлах, але і даваў сваім непасрэдным падначаленым поўны карт-блянш на тое, каб тыя зьдзекаваліся з асуджаных на сьмерць. Пры ім гэтыя зьняволеныя мусілі ўставаць па стойцы «зважай», апусьціўшы галаву і заплюшчыўшы вочы, пры ім кантралёры штодзень жорстка зьбівалі «сьмяротнікаў» ды пажыцьцёвікаў. Усё рабілася дзеля таго, каб канчаткова зламаць гэтых асуджаных, якім і так жыць заставалася няшмат.

Гісторыя нерасстралянага Сяргея Праціраева

Былы начальнік «Валадаркі» не камэнтуе ўмоваў утрыманьня «сьмяротнікаў», аднак сёе-тое пра адзінага, як ён памятае, памілаванага прэзыдэнтам расказаць пагаджаецца: гэта быў тройчы суджаны рэцыдывіст, якога прызналі вінаватым у забойстве. Алкаеў прыгадвае даволі спартовы выгляд вязьня, чалавека сярэдняга веку, але імя і прозьвішча ня памятае. Памятае мянушку — «Дырэктар».

— Так, гэта быў адзіны выпадак, калі прэзыдэнт замяніў расстрэл на дваццаць гадоў асаблівага рэжыму ў Глыбоцкай калёніі.

Як вынікае са сьведчаньняў іншых удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якія так або інакш кантактавалі з асуджаным на расстрэл, але памілаваным у тыя гады Сяргеем Праціраевым, ён і «Дырэктар» — адна і тая самая асоба.

Супадаюць вонкавыя прыкметы, тое, што калісьці ён працаваў брыгадзірам, што ў канцы 1990-х яму замянілі расстрэл на дваццаць гадоў Глыбокага.

Сяргей Праціраеў, як кажуць, змагаўся супраць свайго сьмяротнага прысуду да канца. Сваёй віны не прызнаваў. Паўтараў, што ўсе доказы сфабрыкаваныя сьледзтвам. Пісаў куды толькі мог. Зрэшты, так робяць ці ня ўсе «сьмяротнікі».

У чэрвені 1998-га, як паведаміў сайт ПЦ «Вясна», да праваабаронцаў праз турэмную пошту трапіла яго пасланьне з камэры сьмяротнікаў на «Валадарцы». Асуджаны на расстрэл перадаў на волю выкладзеныя на некалькіх старонках акалічнасьці крымінальнай справы, а таксама ўласны верш «Ліст, напісаны людзям». Вязень сьцьвярджаў, што ягоная гісторыя зусім не ўнікальная:

«Мы, беларусы, часта дзівіліся фактам незаконна расстраляных па справе маньяка Міхасевіча („Віцебская справа“). Але сёньня людзей працягваюць расстрэльваць, каб паказаць народу, якая ў нас вядзецца барацьба са злачыннасьцю. А што будзе далей, калі гэткіх, як я, „статыстаў“ расстраляюць? Тады будуць страляць звычайных людзей, бо машына беззаконьня набірае абароты і хутка ня будзе розьніцы, каго страляць, як у 1937 годзе».

Пра справу «Дырэктара» колішні кіраўнік расстрэльнай каманды Алкаеў узгадвае:

— Там знайшлі адну юрыдычную зачэпку. Ёсьць такое паняцьце — забойства, гэта калі чалавек адразу памёр, а ёсьць — цяжкія цялесныя пашкоджаньні, якія пацягнулі за сабой сьмерць пацярпелага. Чалавек памёр не адразу, а праз паўгадзіны, напрыклад. Ахвяры «Дырэктара» было нанесена дзесяць — пятнаццаць удараў манціроўкай па галаве. І зразумела — калі б’юць па галаве, гэта намер не на цяжкія цялесныя, а на забойства. І тое, што чалавек памёр не адразу, гэта не заслуга злачынцы — можа, проста слаба біў ці яшчэ што. Але за гэта зачапіліся. А чаму памілавалі — ня мне меркаваць.

Алег Алкаеў

У 1999 годзе праваабаронцы «Вясны» атрымалі нечаканы ліст з калёніі асаблівага рэжыму ў Глыбокім ад Сяргея Праціраева. Ён паведамляў, што ў апошні момант яму замянілі «вышку» 20 гадамі, што ён удзячны «вясноўцам» за іхнія бюлетэні, якія яны дасылаюць у гэтую закрытую ад астатняга сьвету зону, што «кантроль за вязьнямі тут вельмі жорсткі, што пісаць калектыўныя лісты на волю, скаргі, заявы ім забаронена».

«Тут у калёніі, — пісаў асуджаны, — хвароба косіць усіх без разбору, старых ды маладых. Прастудныя захворваньні мае кожны другі, бо арганізмы аслабленыя безь вітамінаў. Не хапае кіслароду, людзей у камэрах як селядцоў у бочцы».

Больш пра гэтага чалавека праваабаронцы ня чулі.

Гісторыя нерасстралянага Дзьмітрыя Хархаля

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава кажа, што ў яе на руках ёсьць дакумэнт ад камісіі па памілаваньні пры прэзыдэнце. У паперы, адрасаванай на яе імя, дакладна сфармулявана, што на яе дэпутацкі зварот была разгледжаная і перагледжаная справа Дзьмітрыя Хархаля.

На пачатку 2000-х, калі ў Менску ішоў судовы працэс над Дзьмітрыем Хархалем, менчуком 1970 году нараджэньня, раней неаднойчы суджаным, у СМІ ды інтэрнэце зьявіліся разнастайныя зьвесткі пра гэтую асобу. Хархаля абвінавачвалі ў забойстве сямейнай пары, і яму рэальна пагражала сьмяротнае пакараньне.

Адзеньне засуджанага на сьмяротнае пакараньне. Ілюстрацыйнае фота

У сваю чаргу праваабаронцы, спасылаючыся на сьцьвярджэньні адваката асуджанага, настойвалі на тым, што справа быццам была сфабрыкаваная, а таксама ўказвалі на «бесчалавечныя ды зьневажальныя ўмовы ўтрыманьня» Дзьмітрыя ў камэры сьмяротнікаў, на тое, як зьдзекаваліся зь яго ахоўнікі, як катавалі.

Сустрэча Вольгі Абрамавай з асуджаным на расстрэл Дзьмітрыем Хархалем адбылася на просьбу дэпутаткі. Напярэдадні яна атрымала ліст ад зьняволенага. Спасылаючыся на свайго адваката, ён пісаў, што Вольга Абрамава як адзіная парлямэнтарка-праціўніца сьмяротнага пакараньня — ёсьць ягонай апошняй надзеяй на выратаваньне. А расстрэл можа адбыцца вось-вось.

Дазвол на сустрэчу быў атрыманы Вольгай Абрамавай не бязь цяжкасьці:

— Буду шчырай, перад паходам на «Валадарку» я ня спала ноч і наступнай раніцай пайшла ў тую камэру на паўсагнутых нагах. Напярэдадні я вывучыла справу. Там сапраўды было нямала, як мне здалося, пытаньняў і нестыковак.

У сутарэньні СІЗА № 1, акрамя нас дваіх, прысутнічаў яшчэ адзін чалавек. Думаю, гэта было ў мэтах бясьпекі, паколькі ў нашай гутарцы ён ніяк ня ўдзельнічаў. Размова, напэўна ж, запісвалася. На самым пачатку я сказала, што знаёмая са справай, што гатовая выслухаць. Пацікавілася, што ён хацеў бы дадаць.

Вольга Абрамава

Паводле Абрамавай, Хархаль пачаў з таго, што ўсё зусім ня так, як намалявана ў справе: прысуд несправядлівы, забойца ня ён, а ягоны стрыечны брат, які ў той час хаваўся ў Польшчы. На яго, Дзьмітрыя, як звычайна ў гэткіх сытуацыях, дзеля таго, каб была раскрывальнасьць, склад злачынства «навесілі» сьледчыя. Хархаль быў вымушаны доўга хавацца ў Расеі, аднак там яго ўсё ж арыштавалі ды перадалі ў Беларусь. Асуджаны ўвесь час старанна абыходзіў пытаньне, хто быў ініцыятарам злачынства. Адказнасьць за непасрэднае выкананьне і за асноўную ідэю ён перакладаў на стрыечнага брата, а сябе называў ахвярай абставін.

Потым Хархаль перайшоў на характарыстыку сябе самога. Сказаў: «Я, вядома, не анёл», затым пераключыўся на цяжкае дзяцінства. Ён расказаў, што выхоўваўся ў няпоўнай сям’і і што тыя ўмовы былі вельмі неспрыяльныя для дзіцяці.

Ад Вольгі Абрамавай

— Я і цяпер у розных дэталях памятаю тую 40-хвілінную размову з Хархалем, ягоную мову цела, выраз твару, вочы.

Перада мной сядзела асоба, якая ўсё прадумала «ад» і «да». Асоба, цалкам сфармаваная. Жорсткая, калі не сказаць больш. Памятаю, як ён раззлаваўся і зіркнуў на мяне, калі я сказала яму на разьвітаньне: «Ведаеце, я вам не спачуваю, вы, з майго гледзішча, чалавек, які грунтоўна пераступіў закон і ад пачатку да канца разумеў, што ён робіць. Але вам вельмі пашанцавала. Вы сапраўды трапілі на адзінага дэпутата, які выступае супраць сьмяротнага пакараньня. Ваш адвакат сказаў вам праўду. Менавіта таму я буду зьвяртацца да прэзыдэнта з просьбай аб памілаваньні».

Дзьмітры Хархаль - вязень, засуджаны на сьмяротнае пакараньне, але памілаваны прэзыдэнтам

Вольга Абрамава дадае, што неўзабаве пасьля сустрэчы накіравала зварот у камісію па памілаваньні, дзе ўказала, напрыклад, на тое, што ў справу да разгляду не былі далучаныя дадзеныя экспэрта па балістыцы з 30-гадовым стажам. Згодна з той экспэртызай, зь месца, дзе знаходзіўся абвінавачаны, проста фізычна немагчыма было зрабіць тыя стрэлы, у выніку якіх загінулі двое людзей. Таксама прывяла некаторыя іншыя зьвесткі, якія б маглі сьведчыць, што абвінавачаны, па ўсёй верагоднасьці, не ўчыняў забойства, хоць і прысутнічаў пры гэтым.

Як узгадвае былая дэпутатка, «многія тады лічылі, што прысуд вось-вось будзе выкананы. Аднак прэзыдэнт усё ж перагледзеў вырак. Расстрэл быў заменены на пятнаццаць гадоў».

Ці напісаў гэты чалавек нейкія словы падзякі зь месца адбыцьця пакараньня?

— Пра што вы кажаце... Пасьля таго, як ён на мяне зіркнуў, я нават і не чакала нейкага ліста са словам «Дзякуй». Спадзяюся, што хоць прэзыдэнту ён напісаў нейкія словы падзякі... Усё ж яму выратавалі жыцьцё.

Дзьмітры Хархаль

На волі

На час, калі пішуцца гэтыя радкі, памілаванаму прэзыдэнтам Дзьмітрыю Хархалю — 47. Калі ён ужо быў на волі, журналісту «Эўрарадыё» Зьмітру Лукашуку ўдалося пагутарыць зь ім праз Skype. Мяркуючы па тым, што гэта быў канец 2013-га, застаецца пытаньне, ад якога часу судом былі налічаныя тыя пятнаццаць гадоў зьняволеньня.
Як сьведчыць Зьміцер Лукашук, на гэтую тэму Хархаль не гаварыў. Ён адказваў далёка не на ўсе пытаньні, да таго ж абмежаваў час размовы.

— Ніякіх падзякаў ён не выказваў. Пра Абрамаву дык я ўпершыню ад вас даведаўся. Ён усё ў асноўным пра сябе гаварыў. Што змагаўся, не здаваўся, усё сам. Адчуваньне пасьля размовы было хутчэй дваістае. З аднаго боку, добра, што чалавека не расстралялі, што ў яго зьявіўся шанец жыць далей... Аднак стоадсоткавай упэўненасьці ў тым, што ўсё было так, як ён сказаў, што ён ні ў чым не вінаваты, у мяне няма.

На пасьлятурэмных фота, якія можна знайсьці ў сеціве, Хархаль выглядае акуратным, дагледжаным. Ён, як вынікае з інтэрвію чатырохгадовай даўнасьці, пасьля зьняволеньня пачаў жыць па-новаму, зьехаў у Расею, мае там працу, хоча калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь.

Дзьмітры Хархаль

Дэпутатка Вольга Абрамава пагаджаецца: Дзьмітрыю Хархалю сапраўды моцна пашанцавала. Але, лічыць яна, шанец на жыцьцё павінен давацца кожнаму.

— Калі б на месцы Хархаля быў нейкі іншы чалавек, у чыёй віне я б ніколькі не сумнявалася, я б усё роўна зьвярнулася да прэзыдэнта з хадайніцтвам аб пераглядзе справы. Абавязкова, калі б была ў той час дэпутаткай, хадайнічала б за Кавалёва. Увогуле, я гатовая і цяпер прадметна прасіць за любога асуджанага на сьмерць, калі ён ці ягоныя родныя зьвернуцца да мяне па маю думку і маю магчымасьць дапамагчы. Бо лічу, што сьмяротнае пакараньне павінна быць адмененае.

У інстытуце прэзыдэнцкага памілаваньня Вольга Абрамава бачыць тую адзіную прамежкавую меру, якая павінна даваць асуджанаму на сьмерць нейкую надзею. Альтэрнатывы пры існаваньні сьмяротнага пакараньня няма, лічыць яна.

— Такое пытаньне, як адмена сьмяротнага пакараньня, павінна вырашацца тут, у краіне. Досьвед тых, хто хадайнічае наконт гэтага ў міжнародных арганізацыях, сьведчыць: на жаль, на тым самым прыкладзе Кавалёва — Канавалава, у нашых спэцыфічных умовах гэта дае толькі адмоўныя вынікі. Так здарылася і ў 2012-м, калі было прынятае надзвычай несправядлівае рашэньне ў дачыненьні да Ўладзіслава Кавалёва. Але ж здымаць адказнасьць за гэта з улады ніяк нельга. Што гэта за ўлада, якая ня можа прыняць адэкватнага рашэньня?

Папярэднія публікацыі

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў