Пракуратура Берасьцейскай вобласьці накіравала ў суд Івацэвіцкага раёну крымінальную справу ў дачыненьні да былога дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства папраўчай установы № 5 у Івацэвічах, які абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Як паведамляе Генэральная пракуратура Беларусі, абвінавачаны, будучы службовай асобай, «у пэрыяд з 17 сакавіка 2009 году па 4 сакавіка 2013 году атрымаў ад прадстаўніка францускай кампаніі ў якасьці хабару 207365 эўра» за вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з заключэньнем і выкананьнем дамоваў аб пастаўках за межы краіны мэблі, вырабленай у калёніі.
Пасьля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы пракурор прыйшоў да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня і наяўнасьці дастатковых доказаў вінаватасьці былой службовай асобы.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.