Суд ухваліў блякаваньне сайту Радыё Свабода. У Азэрбайджане

Будынак мэдыякарпарацыі РСЕ/РС у Празе

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода выказала шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем Вярхоўнага суду Азэрбайджану ад 4 чэрвеня падтрымаць забарону ўрадам краіны інтэрнэт-сайту Азэрбайджанскай службы нашай кампаніі. На думку карпарацыі гаворка ідзе аб парушэньні прынцыпу свабоды слова.

У сваёй заяве карпарацыя адзначае, што працягне выкарыстоўваць усе законныя шляхі каб аспрэчыць гэтае рашэньне.

«У 2014 годзе, калі ўлады Азэрбайджану зачынілі нашае бюро ў Баку, не прымаючы пад увагу заканадаўчыя нормы, мы ўсьвядомілі, што, як і іншыя незалежныя СМІ, знаходзімся пад пагрозай» — сказаў прэзыдэнт РСЕ / РС Томас Кент. — Новая пастанова Вярхоўнага суду Азэрбайджану пацьвярджае гэта. Дзяржаўная ўлада выкарыстоўваецца ў Азэрбайджане для падаўленьня незалежных СМІ».

Рашэньне Вярхоўнага суду ня можа быць абскарджанае ўнутры краіны. Забарона была ініцыяваная генэральным пракурорам Азэрбайджану ў сакавіку 2017 года. Блякаваньне сайту azadliq.org было ініцыяванае з матывіроўкай, што ён нібыта ўяўляе сабой „пагрозу нацыянальнай бясьпецы“ і прапагандуе „гвалт, нянавісьць і паклёп“. Два звароты РСЭ / РС аб зьняцьці забароны былі адпрэчаныя, нягледзячы на тое што ўлады Азэрбайджану ў кожным разе не змаглі прадставіць доказы, якія пацьвярджаюць матывіроўку забароны.

Забарона, уведзеная падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Азэрбайджане, выклікала крытыку міжнародных праваабарончых арганізацый. Камітэт па абароне журналістаў у заяве ад 6 красавіка выказаў меркаваньне, што ўлады Азэрбайджану ачысьцілі палітычны ляндшафт сваёй краіны практычна ад усіх спосабаў выказваньня іншадумства».

Прынятае на гэтым тыдні рашэньне Вярхоўнага суду закранула таксама сайты іншых няўрадавых СМІ, у тым ліку апазыцыйнай газэты «Азадлыг», «Мэйдан ТБ» і дзьве праграмы інтэрнэт-тэлебачаньня.

Азэрбайджанская служба РСЭ / РС — Radio Azadliq тым ня менш застаецца важнай крыніцай незалежных навін для онлайн- і спадарожнікавых аўдыторый. У 2017 годзе каналы і акаўнты Азэрбайджанскай службы ў YouTube, Facebook і іншых сацыяльных сетках зарэгістравалі каля 90 мільёнаў наведваньняў.