Рэжысэр Шчэрбань пакінуў Свабодны тэатар, але гэта не раскол

Архіўнае фота. Уладзімер Шчэрбань (зьлева) і ангельскі драматург Лора Ўэйд на Міжнародным конкурсе сучаснай драматургі, 2014 год

Рэжысэр і сузаснавальнік «Беларускага свабоднага тэатру» Ўладзімер Шчэрбань паведаміў, што пакідае яго дзеля новага праекту.

Ці азначае гэта, што ў Свабодным тэатры адбыўся раскол? Як тэатар будзе існаваць далей? На пытаньні Свабоды адказаў другі сузаснавальнік — Мікалай Халезін.

Уладзімер Шчэрбань: «Я пакідаю Свабодны тэатар дзеля новага праекту — HUNCHtheatre»

Некалькі дзён таму Ўладзімер Шчэрбань, які разам зь Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой зьяўляецца сузаснавальнікам «Беларускага свабоднага тэатру» і рэжысэрам большасьці яго спэктакляў, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Дарагія сябры, вымушаны паведаміць, што ў выніку абставін, якія склаліся, я пакідаю „Беларускі свабодны тэатар“, сузаснавальнікам якога зьяўляюся.

Натальля Каляда, Мікалай Халезін і Ўладзімер Шчэрбань. 2010 год

Таксама я сузаснавальнік лябараторыі „Фортынбрас“ і рэжысэр большасьці спэктакляў тэатру — пачынаючы ад першага спэктаклю „Псыхоз 4.48“ і заканчваючы „Цэнтральным“, так упадабаным нашымі гледачамі. Хачу пажадаць посьпеху ўсім удзельнікам і датычным, і асобна падзякаваць першапраходцам — „залатому“ складу тэатру, дзякуючы якому і была напрацавана творчая рэпутацыя ў першыя гады існаваньня кампаніі. Я не выключаю нашага супрацоўніцтва ў будучыні, калі так будзе пажадана лёсу».

Уладзімер далей піша, што ня проста ўсё пачынаць з нуля, і просіць падтрымаць ягоны новы праект HUNCHtheatre, зь якім спадзяецца некалі прыехаць і ў Менск.

Мікалай Халезін: «Нічога экстраардынарнага няма ў тым, што Ўладзімер хоча пайсьці далей»

Мікалай Халезін патлумачыў Свабодзе, што, на яго думку, у тэатральным сьвеце арт-дырэктар і рэжысэр — гэта дзьве розныя прафэсіі, якія могуць супадаць, а могуць і не супадаць у адным чалавеку.

Мікалай Халезін

«Стратэгію разьвіцьця тэатру вызначае арт-дырэктар, а рэжысэр ставіць спэктаклі, якія ўкладваюцца ў канцэпцыю гэтай стратэгіі. Кожны рэжысэр хоча паспрабаваць выбудоўваць свой уласны кантэкст, што зьяўляецца ў тэатры самай складанай комплекснай працай. Калі шукаць аналёгіі, то ў журналістыцы гэта падобна да розьніцы паміж працай журналіста, які выбудоўвае свой матэрыял, і галоўнага рэдактара, які выбудоўвае структуру ўсяго выданьня.

Нічога дзіўнага або экстраардынарнага няма ў тым, што Ўладзімер хоча пайсьці далей у гэтым кірунку — гэта абсалютна нармальная для любога рэжысэра стратэгія, жаданьне мець уласны тэатар.

Хачу пажадаць яму посьпеху ў гэтай няпростай справе. І не выключаю, што мы і далей зможам супрацоўнічаць, калі знойдзем агульныя інтарэсы і магчымасьці.

А як далей жыць? Як і жылі. Гэта на пачатковым этапе было толькі два рэжысэры ў Свабодным тэатры — Шчэрбань і я. Цяпер, акрамя нас, ставяць і Юля Шаўчук, і Павал Гарадніцкі, і Марыя Сазонава. У нас ёсьць чарга рэжысэраў на пастаноўкі, таму ніякай праблемы я ня бачу», — так пракамэнтаваў Свабодзе сыход з тэатру рэжысэра Ўладзімера Шчэрбаня Мікалай Халезін.

Беларускі Свабодны тэатар — андэрграўндны праект прафэсійных актораў, рэжысэраў, драматургаў, які ўваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю. З 2005-га па 2010 год у Беларусі тэатрам было выпушчана каля дзесяці спэктакляў, амаль усе зь іх былі пастаўлены Ўладзімерам Шчэрбанем і паказваліся на падпольных пляцоўках.

Архіўнае фота. Мікалай Халезін з калектывам Свабоднага тэатру

У 2011 годзе сузаснавальнікі «Беларускага свабоднага тэатру» атрымалі палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі і працуюць у Лёндане. БСТ гастралюе па ўсім сьвеце, тэатар зьяўляецца ляўрэатам шматлікіх прэстыжных тэатральных прэмій.