Ва Ўкраіне завялі крымінальную справу ў сувязі зь лясным пажарам каля ЧАЭС. Ня выключаюць падпал

Паліцыя Кіеўскай вобласьці завяла крымінальную справу ў сувязі зь вялікім пажарам каля Чарнобыльскай АЭС, які пачаўся 5 чэрвеня і дагэтуль цалкам не патушаны.

«Праваахоўнікі праводзяць усе неабходныя мерапрыемствы, каб устанавіць прычыны пажару, высьвятляюць усе акалічнасьці задымленьня і ўзгараньня. Крымінальная вытворчасьць адкрытая паводле часткі 1 артыкулу 245 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — зьнішчэньне або пашкоджаньне лясных масіваў», — паведамілі Свабодзе ў Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Напярэдадні ўкраінскія СМІ паведамілі, што паліцыя на месцы ўзгараньня выявіла 3 ці 4 факелы, якія могуць сьведчыць пра наўмысны падпал, каб прыхаваць сьляды незаконнай высечкі лесу. Афіцыйна паліцыя гэты факт не пацьвярджае, але і не аспрэчвае.

У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый адзначаюць, што дзякуючы пажарнай авіяцыі, пажар удалося лякалізаваць і практычна ўдвая зьменшыць плошчу гарэньня — зь 10 да 5 гектараў. Паводле авіявыведкі, цяпер назіраюцца асобныя ачагі гарэньня і задымленьня.

У тушэньні пажару былі задзейнічаныя амаль 300 чалавек ды паўсотні адзінак тэхнікі, у тым ліку два самалёты АН-32П і верталёт Мі-8, якія скінулі на ачагі ўзгараньня 308 тон вады.​

Дзяжурны эколяг Белгідрамету сказаў карэспандэнту Свабоды, што радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі Беларусі кантралюецца, «яна стабільная, перавышэньня магутнасьці мы не назіраем».

У чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Ўкраіны вялікі пажар. Ці закрануў ён Беларусь?