За гады незалежнасьці колькасьць занятых у сельскай гаспадарцы Беларусі ўпала ў чатыры разы

  • БелаПАН

З 1991 года колькасьць занятых у сельскай гаспадарцы Беларусі скарацілася з 1 млн 88 тыс. да 272 тыс. У 2017-м, паведаміў намесьнік прэм’ер-міністра Уладзімер Сямашка 5 чэрвеня на адкрыцьці міжнароднай спэцыялізаванай выставы «Белагра-2018» у Менскім раёне.

«Роўна ў чатыры разы менш, але выпусьцілі прадукцыі ў два разы больш, а эфэктыўнасьць працы вырасла ў пяць-шэсьць разоў. І ў гэтым ёсьць заслуга навукі і прамысловасьці», — заўважыў Сямашка.

Намесьнік прэмʼер-міністра паведаміў, што за апошнія сем гадоў Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі на 16 млрд даляраў, агульны абʼём вытворчасьці сельгаспрадукцыі за гэты пэрыяд склаў 23 млрд даляраў.

«Даўно стала фактам, што Беларусь цалкам корміць сваю дзяржаву, сваіх людзей, а экспарт прадуктаў харчаваньня стаў адным з асноўных артыкулаў», — адзначыў віцэ-прэмʼер.

Выстава праходзіць 5–10 чэрвеня ў гандлёвым цэнтры «Глёбус парк» у пасёлку Шчомысьліца пад Менскам.