Берасьцейскія ўлады забаранілі мітынг супраць акумулятарнага заводу, што плянаваўся 10 чэрвеня ў цэнтры гораду.
Заяўнікамі акцыі выступілі трое берасьцейцаў.
Падставай для адмовы стала рашэньне гарвыканкаму, у адпаведнасьці зь якім на плошчы Леніна не дапускаецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк.
Раней з аналягічнай прычыны Берасьцейскі гарвыканкам забараніў мітынг супраць акумулятарнага заводу, які плянаваўся на 31 сакавіка на плошчы Свабоды, а таксама дэманстрацыю і мітынг «Марш супраць сьвінцу» 3 чэрвеня.
«Я лічу, гарвыканкам спэцыяльна стварыў фармальныя падставы для забароны акцый у цэнтры гораду па заяве грамадзян. І гэта грубае парушэньне права людзей на мірныя сходы і свабоднае выказваньне сваёй думкі, — заявіў Кісьляк.
Забароны акцый супраць акумулятарнага заводу будуць абскарджаны спачатку ў судзе, а затым у Камітэце ААН па правах чалавека, сказаў Кісьляк.
Будуе акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» ТАА «АйПаўэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя».
На заводзе плянуюць наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.
Амаль 37 тысяч подпісаў супраць будоўлі заводу былі перададзеныя ў лютым у Адміністрацыю прэзыдэнта. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будоўлі заводу. 17 траўня на гэты адказ камісіі была накіраваная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.
29 красавіка ў берасьцейскім парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшоў санкцыянаваны мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу», на які сабралася каля дзьвюх тысяч чалавек.
11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот берасьцейцаў з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў аблвыканкаму, гарвыканкаму і райвыканкаму ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакумэнтам падпісаліся 3226 чалавек.
1 чэрвеня ў Берасьцейскі райвыканкам падалі заяўку на правядзеньне двух пікетаў: «Берасьцейкі супраць сьвінцу» — 19 чэрвеня, і 26 чэрвеня — побач з будоўляй акумулятарнага заводу.
«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.
Пазоўнікі прасілі спыніць будоўлю акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе паўторнага грамадзкага абмеркаваньня актуальнай справаздачы пра ацэнку яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.