5 стадыяў прыняцьця. Як Пуцін распавядаў пра расейскіх вайскоўцаў у Крыме

Уладзімір Пуцін даў інтэрвію аўстрыйскаму каналу ORF, у якім заявіў, што расейскія войскі заўсёды знаходзіліся ў Крыме, а вясной 2014 году «забясьпечылі правядзеньне незалежных свабодных выбараў». Свабода сабрала пяць выказваньняў Пуціна на гэтую тэму і прапануе прасачыць эвалюцыю яго заяваў.

Размова з журналістамі ў Нова-Агарове, 4 сакавіка 2014 году

— Уладзімір Уладзіміравіч, можна ўдакладніць: людзі, якія ажыцьцяўлялі блякаваньне частак украінскай арміі ў Крыме, у форме, вельмі падобнай на расейскую ваенную форму, — гэта былі расейскія салдаты, гэта былі расейскія ваенныя?

— А Вы паглядзіце на постсавецкую прастору. Там поўна формы, якая падобная на форму... Схадзіце ў краму ў нас, і вы купіце там любую форму.

— Але гэта былі расейскія салдаты ці не?

— Гэта былі мясцовыя сілы самаабароны.

~ ПРАЗ 44 ДНІ ~

Прамая лінія з Уладзімірам Пуціным, 17 траўня 2014 году

— За плячыма сіл самаабароны Крыма, вядома, усталі нашы вайскоўцы.

~ ПРАЗ 6 МЕСЯЦАЎ І 27 ДЗЁН ~

Інтэрвію нямецкаму тэлеканалу ARD, 13 лістапада 2014 году

— Так, я не хаваю, вядома, гэта факт, мы ніколі яго не хавалі, нашы ўзброеныя сілы, прама скажам, блякавалі ўзброеныя сілы Ўкраіны, раскватараваных у Крыме.

~ ПРАЗ 4 МЕСЯЦЫ І 2 ДНІ ~

Фільм «Крым. Шлях на радзіму» з неапублікаванымі інтэрвію Пуціна, 15 траўня 2015 году

— Усе мае інструкцыі былі зьвязаныя з тым, каб дзейнічаць акуратна і абапіраючыся на тых людзей, якіх мы можам ужо сёньня назваць патрыётамі Расеі, абапіраючыся на іх, на іх актыў. Але дапамагаючы ім і будучы ў іх за сьпіною, значна больш буйнымі сіламі і сродкамі.

~ ПРАЗ 3 ГАДЫ, 1 МЕСЯЦ І 19 ДЗЁН ~

Інтэрвію аўстрыйскаму каналу ORF, 4 траўня 2018 году

— Там заўсёды знаходзілася расейская армія. Я хачу, разумееце, каб вы некаторыя рэчы не паўтаралі мэханічна, а рэальна ўніклі ў тое, што там адбывалася. У Крыме заўсёды знаходзілася расейская армія. Там быў наш вайсковы кантынгент (...); Нашы вайскоўцы заўсёды там знаходзіліся. Я так і казаў: там нашы вайскоўцы былі, яны ні ў чым не прымалі ўдзелу. Але калі сьпіраль антыканстытуцыйных дзеяньняў ва Ўкраіне пачала закручвацца, калі людзі ў Крыме адчулі сябе ў небясьпецы, калі да іх ужо цягнікамі пачалі накіроўваць нацыяналістаў, пачалі блякаваць аўтобусы і аўтамабільны транспарт, у людзей паўстала жаданьне абараніцца (...) У гэты момант нашы ўзброеныя сілы, якія не перавысілі нават колькаснага кантынгенту, пакладзенага па дамове аб нашай базе, што зрабілі? Яны забясьпечылі правядзеньне незалежных свабодных выбараў — волевыяўленьня людзей, якія пражывалі ў Крыме.