Парады тым, хто даглядае цяжка хворага

Часам у жыцьці здараецца так, што трэба даглядаць цяжка хворага чалавека. Для тых, хто гэта робіць, існуе рэальная небясьпека пагаршэньня здароўя.

Дыета

Адна з найпершых рызык тычыцца парушэньняў у дыеце і харчаваньні. Лічацца, што каля 30 — 32% людзей, якія даглядаюць цяжка хворых, маюць такія праблемы. Часта людзі проста не пасьпяваюць своечасова прыняць ежу або ў іх элемэнтарна нестае сілаў для яе якаснага прыгатаваньня.

Парада. Усё ж трэба сачыць за збалянсаваньнем дыеты, уключаць у рацыён сьвежую садавіну і гародніну. Карысным будзе спажываньне лёгказасваяльных вугляводаў, бо яны забясьпечваюць арганізм такой неабходнай падчас дагляду за цяжка хворым энэргіяй.

Да такіх прадуктаў адносяцца рыс, макароны, хлеб і бульба. Пры гэтым трэба сачыць, каб яны ўжываліся падчас раньніх вячэраў, а ня позна ўвечары ці ўначы. Карысным будзе ўжываньне кефіру, поснага малака, сыра і ёгуртаў.

Малая рухомасьць

Іншая рызыка датычыцца малога ўзроўню фізычнай актыўнасьці, якая вельмі патрэбная для падтрыманьня здароўя. Недахоп фізычнай актыўнасьці падчас дагляду за хворым мае месца ў 75% выпадкаў.

Парада. Спэцыялісты-псыхолягі раяць займацца любой формай фізычнай актыўнасьці, якая прыносіць радасьць і захапленьне. Гэта можа быць і хатняя праца, і праца на прысядзібным участку, і шпацыр, і многае іншае.

Парушэньні сну

У 75% людзей, якія даглядаюць цяжка хворых, маюць месца парушэньні сну.

Парада. Важна выключыць з рацыёну прадукты, якія маюць у сваім складзе высокі адсотак кафэіну, а таксама выкарыстоўваць для сну любую магчымасьць, нават удзень. Ня трэба турбавацца наконт зьмены рэжыму сну, галоўнае трошкі адпачыць і аднавіць страчаныя сілы.

Зьнітаванасьць з хворым

У 60% людзей, якія доўга даглядаюць хворых, узьнікае адчуваньне (і гэта насамрэч спраўджваецца), што яны трымаюць кругласутачны пост, ня могуць нікуды адысьці і моцна зьнітаваныя з тым чалавекам, які знаходзіцца ў цяжкім стане.

Парада. Трэба ўсё ж знаходзіць магчымасьць ненадоўга адлучацца і пры гэтым ня трэба адчуваць няёмкасьць і згрызоты сумленьня, бо насамрэч невялікі эмацыянальны адпачынак павысіць якасьць дагляду, бо дасьць магчымасьць аднавіць фізычныя і душэўныя сілы.

Самота

52% даглядаючых людзей не адчуваюць падтрымкі ў сваёй цяжкай справе.

Парада. Ня трэба саромецца гэта абмяркоўваць і казаць пра свае праблемы блізкім людзям, сям’і. Ня трэба адмаўляцца нават ад маленькай дапамогі, якая таксама павысіць якасьць дагляду цяжка хворага.

Падсумаваньне

Праблема дагляду зьяўляецца адной з праблем сучаснай мэдыцыны і сацыяльнай дапамогі, якія хутка і інтэнсіўна распрацоўваюцца. Гэты разьдзел комплекснай дапамогі атрымаў назву доўгатэрміновы дагляд.

Мы з боку Беларускага геранталягічнага грамадзкага аб’яднаньня цяпер займаемся распрацоўкай спэцыяльных памятак менавіта для чальцоў сям’і, дзе ёсьць цяжка хворы чалавек.

Па меры іх падрыхтоўкі мы абавязкова зьмесьцім іх на сайце аб’яднаньня — gerontology. by, а калі ў вас ўзьнікнуць якія-небудзь пытаньні, будзем рады адказаць на іх праз кантактныя тэлефоны і электронныя адрасы, якія там таксама ёсьць.