Мастак Сяргей Шабохін сабраў страхі беларусаў на адной выставе. Але яе нельга паглядзець.

«Уся міталёгія пра беларусаў моцна пабудаваная на страху і запалохваньні. Беларус баязьлівы. Показкі кшталту „Лукашэнка адчыняе лядоўню і кажа: „Не трасіся, халадзец, я па кетчуп““, — яны на нечым базуюцца. На нейкай уяўнай нацыянальнай рысе. Але гэтая рыса набытая», — кажа мастак Сяргей Шабохін, аўтар праекту «18 / Практыкі падпарадкаваньня».

Выстава пра тое, што ўлада робіць зь беларусамі, мелася адкрыцца 18 красавіка ў прасторы «Сталоўка XYZ». Напярэдадні тут плянавалася правесьці 4-ы міжнародны фэстываль квір-культуры Dotyk. Адміністрацыя Маскоўскага раёну нечакана вырашыла праверыць меры пажарнай бясьпекі ў памяшканьні, знайшла парушэньні і паведаміла пра спыненьне дамовы паслуг з арандатарамі памяшканьня «Сталоўка XYZ». За два месяцы сытуацыя з памяшканьнем ня вырашылася.

Паглядзець праект Сяргея Шабохіна «18 / Практыкі падпарадкаваньня» ўдалося толькі «сябрам сяброў». Надалей ён будзе даступны праз онлайн-тур.

Сяргей Шабохін

Сяргей Шабохін, мастак, аўтар праекту «18 / Практыкі падпарадкаваньня»

«Мы цяпер знаходзімся на былой кухні, дзе гатавалі ежу для супрацоўнікаў заводу. І гэты праект пачынаўся на кухні, бо гэта клясычная для нас сытуацыя. На кухні ў мастака Аляксея Лунёва 19 сьнежня 2010 году. Тут ёсьць фатаздымак календара з таго дня. Гэта вельмі важная дата для ўсіх беларусаў, бо ўсе памятаюць жахлівы разгон дэманстрацыі, пачуцьцё безвыходнасьці, канфлікт, які нараджаўся, і эканамічны і палітычны крызіс, які наступіў пасьля.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

Мы ўсю ноч размаўлялі з Аляксеем Лунёвым на кухні. Я тады дакладна вырашыў, што нейкі час буду прымушаць сябе займацца крытычным і палітычным мастацтвам. Бо сядзець і глядзець на тое, што адбываецца, калі ты цалкам адчужаны ад улады, было ўжо немагчыма. Тым больш на фоне такой неверагоднай грамадзянскай творчасьці, як маўклівыя акцыі пратэсту і шмат іншага. У гэты ж час культура і мастакі знаходзіліся эскапіравана, сядзелі па сваіх майстэрнях. Не хапала ані палітычнага, ані салідарнага крытычнага мастацтва.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

​Другая важная падзея — выбух у 2011 годзе. Гэта быў самы прыніжальны і страшны пункт у імпульсе стварэньня гэтага праекту.​

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

​Уся гэтая калекцыя самых звычайных прадметаў зьбіралася з 2010 году. Яны вельмі пазнавальныя і зразумелыя. Але яны нібыта доказы згубнага ўплыву дзяржавы на нас. Я зьбіраю гісторыі — свае, сяброў, знаёмых. І ўся гэтая калекцыя прадметаў страху распавядае пра кантэкст сацыяльнага цела — на прыкладзе мяне і маіх сяброў. Пра горад — на прыкладзе Менску, Наваполацку ды іншых гарадоў. І пра ўладу — на прыкладзе беларускіх уладаў.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

​Вось гісторыя пра менскае мэтро. Пасьля тэракту ўлады памянялі на падлозе гранітную пліту і паставілі новую. Яе колер быў прыкметны, і гараджане туды не наступалі. Але з часам яна цалкам зьнікла, яе затапталі. Гэта сымбаль таго, што адбываецца ў Беларусі. Нашыя траўмы сапраўды не прамаўляюцца, не папраўляюцца, а зьнікаюць, нівэлююцца.

Я прапаную гэтую пляму зрабіць больш прыкметнай, калі-небудзь замяніць на іншы матэрыял.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

Вось звычайная шклянка. Яна таксама можа напалохаць. Я з дапамогай гэтай шклянкі празь сьцяну тры гады падслухоўваў сваіх суседзяў. І ў праекце апісана, што я зьбіраў.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

​Ключавы вобраз — крэсла на стале. Гэта тактыка ня толькі беларускіх спэцслужбаў. Яны прыходзяць дахаты да супрацоўнікаў дыпляматычных службаў іншых краінаў у іхную адсутнасьць і нешта мяняюць у доме — ставяць бот у лядоўню, кладуць слухаўку на ванну ці ставяць крэсла на стол. Калі чалавек прыходзіць дахаты, ён разумее, што гэтага не рабіў. Такім чынам яго ставяць на месца і запалохваюць. І гэта адбываецца ня толькі ў Беларусі. Пра бот і слухаўку — гэта нявыдуманыя гісторыі, мне іх расказалі. Пра крэсла на стале сябрам распавяла супрацоўніца польскай амбасады, якая ўжо не працуе ў Беларусі. Зь ёй гэта адбылося ў Менску.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

У гэтым «музэі» я спрабую захаваць звычайныя прадметы, бо праз 50 гадоў ужо ня будзе зразумела, чаму яны палохаюць. Я спрабую захаваць гэты партрэт Менску з 2010-га да 2018-га, бо пакуль моцна нічога не памянялася.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

Выстава называецца «18 / Практыкі падпарадкаваньня», бо архіў часам нястрымана расьце. Каб ён разьвіваўся ўсьвядомлена і паступова, я падзяліў яго на 18 частак. У выставе я пераймаю два найважнейшыя творы ХХ стагодзьдзя. Гэта «Герніка» Пабла Пікаса і «Ўліс» Джэймса Джойса. Чаму яны? Абодва гэтыя творы гіпэрнаратыўныя, яны вельмі множныя па сэміётыцы, у іх пераплецена шмат сымбаляў. Яны папрок ідэалёгіі. «Герніка» — папрок фашызму. «Уліс» — патрыярхальнаму грамадзтву, якое Джойс увасобіў у Быку Малігану.

Усе яны маюць складаную ўнутраную структуру і прысьвечаныя розным гарадам — Герніцы і Дубліну. Мой праект прысьвечаны Менску. І гэта папрок нашым уладам, палітыцы, якая тут праводзіцца, і гэта спроба разабрацца, што ж ня так.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

Мы кажам пра лібэралізацыю, пра нейкія зоны свабоды, працэс інклюзіі... Адбываецца шмат чаго кляснага, але гэтага пакуль недастаткова. Бо мы бачым фундамэнтальныя парушэньні ў сыстэме — ад першай часткі праекту да 18-й, у якой я спрабую прадказаць, што будзе з нашай уладай, горадам, чалавекам.

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018

«Ці ёсьць у мяне страх? Я разумею мэханізмы яго ўзьнікненьня, таму — так. Безумоўна, у мяне ён ёсьць».

Ана Лакціёнава, куратарка выставы «18 / Практыкі падпарадкаваньня»

Ана Лакціёнава

«Пасьля 6 красавіка прастора (у якой адбываецца выстава) была закрытая ў сувязі з фэстывалем квір-культуры Dotyk. Мы сталі рыхтаваць мантаж выставы. Чакалі, што пляцоўка будзе публічна працаваць і выстава адкрыецца. Але прайшло два месяцы, і, на жаль, аніякіх пазытыўных навінаў у нас няма. Адміністрацыя не дае нам дазволу, і завод рэкамэндуе нам выяжджаць адсюль».

Сяргей Шабохін, «18 / Практыкі падпарадкаваньня», Менск, 2018