Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня працяг разьдзелу «Зона хвароб: турэмная мэдыцына»: Жаночыя хваробы. Жаночая «мастырка». Радзільня. Гінэкалёгія. Нежыцьцё. Інвалідныя атрады. Сьмяротнасьць. Без абсьледаваньня і без пратэзаў. Актыраваньне.

Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

Жаночыя хваробы

Напэўна лічыцца, што жанчына за кратамі хварэць не павінна. Бо турэмная лякарня ў Беларусі — гэта выключна мужчынская ўстанова. Жаночыя аддзяленьні тут не прадугледжаныя. У некаторых іншых краінах былога СССР у асобных турэмных шпіталях, кшталту Санкт-Пецярбурскай імя Ф. Гааза, лечаць, праўда ў розных карпусах, і тых, і другіх.

Жанчыны ў калёніі, архіўнае фота

У рамках беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы пэўныя абмежаваньні ў лякарнях ды мэдчастках дзейнічаюць і ў дачыненьні да жанчын, якія там працуюць. Тлумачыцца гэта пытаньнямі бясьпекі.

Скажам, ні мэдсёстрам, ні доктаркам, ні загадчыцам мэдычных частак у мужчынскіх калёніях не дазваляецца самастойна перасоўвацца па тэрыторыі рэжымнай установы. На ўваходзе іх заўсёды павінен сустракаць нехта з супрацоўнікаў-мужчын і суправаджаць да месца прызначэньня. Нават начальніца з пагонамі маёра, калі паспрабуе прабегчы адна, заўсёды атрымае спагнаньне ад адміністрацыі. Усё ў мэтах бясьпекі.

Што тычыцца жанчын-арыштантак, то ў выпадках тэрміновай дапамогі ці неабходнасьці ў плянавым лячэньні іх пад канвоем дастаўляюць у мэдычныя ўстановы Міністэрства аховы здароўя. Звычайна гэта такія аддзяленьні як «хірургія», «гінэкалёгія», або радзільня.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky


Жаночая «мастырка»


Як высьветлілася, на рызыкоўную «мастырку» ідуць і жанчыны. Здараецца такое найчасьцей у СІЗА з тым, каб паўплываць на суд ці на сьледзтва.

Аднойчы на «Свабоду ў турмах» паводле рэкамэндацыі аднаго нашага «актыўнага карэспандэнта» пазваніла дэпартаваная з Ангельшчыны беларуска. Яе імя нейкі час нават значылася ў картатэцы Інтэрполу. Маладая асоба пасьпела паведаміць, што «на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў яна праглынула шмат розных жалезак, і яе хутка маюць павезьці у шпіталь». Аднак перад тым, як трапіць на апэрацыйны стол, яна зьбіралася падзяліцца «важнай інфармацыяй пра злачынствы міліцыянтаў». Паведаміць гэтага яна не пасьпела, сувязь абарвалася.

Пазьней «наш актыўны карэспандэнт» расказваў, што сяброўку выратавалі. Быццам бы абышлося ўсё бяз рэзаньня ды цыраваньня, усё дасталі зондам.


Радзільня


Выпускніца Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Натальля Д. дзесяць гадоў працавала ў адным з радзільных дамоў гэтага абласнога цэнтру. Добра памятае выпадак, калі з калёніі прывезьлі адну парадзіху, і яна як лекарка нэанатоляг-рэаніматоляг «перажыла ўсё, каб толькі выцягнуць яе зь немаўляткам-сыночкам».

Натальля згадвае, што маці было каля трыццаці. Гэта былі яе ці то трэція, ці то чацьвёртыя роды. На сваіх ранейшых дзяцей яна была пазбаўленая матчыных правоў. Яшчэ ў СІЗА, калі ў жанчыны быў маленькі тэрмін, ёй прапанавалі вакуум-экстракцыю плода, паколькі тая была ВІЧ-пазытыўнай ды нарказалежнай. Аднак жанчына адмовілася з прычыны бонусаў, якія магла б атрымліваць у калёніі ў сувязі з нараджэньнем дзіцяці.

Фота з гомельскай жаночай калёніі Віктара Стралкоўскага


Ад Натальлі Д.

— Усіх такіх парадзіх заўсёды кесараць, каб дзіця не заразілася. Хоць, па вялікім рахунку, рызыка заражэньня ёсьць і бяз гэтага. Напрыклад, кроў маці можа трапіць. Яшчэ гэтым жанчынам забаронена карміць дзіця грудзямі. Пасьля нараджэньня ва ўсіх дзетак абавязкова бяруць аналіз на СНІД, дасьледуюць дзейнасьць розных унутраных органаў.

Наколькі памятаю, маці хлопчыка-немаўляці выпісалі на трэці дзень. Увесь час, што яна ўтрымлівалася ў нас, ля яе палаты дзяжурылі дзьве дужыя жанчыны-канваіркі, потым яны павезьлі яе назад у калёнію.

Дзякуй Богу дзіцёнку, якога ў інтэнсіўнай тэрапіі палюбілі ўсе ад лекарак да нянек, ВІЧ не перадаўся. Хлопчык прабыў у нас больш за месяц. Праблем было шмат. Цалкам даношанае дзіця, але з надзвычай нізкай вагой, адсутнасьцю якога б там ні было тлушчу, малым ростам. Аналізы паказвалі нізкі ўзровень цукру і бялку ў крыві, што сьведчыла пра дрэнны супраціў арганізму інфэкцыям. Да таго ж, нэўролягі выявілі энцэфаляпатыю. Дзіця кармілі праз кропельніцу ў галаву. Праўдападобна, што падчас цяжарнасьці жанчына не адмаўлялася ад шкодных звычак. Увесь час курыла, а магчыма і ня толькі.

Пасьля радзільні дзіцёнка выгадоўвалі ўжо ў Доме малюткі. Там, дзе сядзела ягоная маці. Як кажа Натальля, разам з астатнімі калегамі яна малілася, каб жанчыну чарговы раз пазбавілі матчыных правоў, а для малога знайшлася б добрая сям’я

Жаночая калёнія ў Гомелі. Здымак Віктара Стралкоўскага

Гінэкалёгія


Асуджаная Гомельскай калёніі Даша ўзгадвае, што пры ёй хворых жанчын рэдка вывозілі ў шпіталь нягледзячы на скаргі на здароўе. У лепшым выпадку іх зьмяшчалі ў мэдчастцы.

Ад Дашы Б.

— Прынята лічыць, што ўсе асуджаныя — сымулянты, што ў іх па-сапраўднаму нічога ня можа балець. Аднак, бадай, ва ўсіх асуджаных, калі яны сядзелі, былі запаленчыя гінэкалягічныя працэсы. Ня ведаю, як цяпер, аднак пры мне да гінэколяга былі чэргі, з мэдыкамэнтамі наагул былі праблемы. Усё залежала ад таго, ці ёсьць у цябе на волі нехта, хто будзе ўзьдзейнічаць на адміністрацыю. Калі так, то вынік будзе, калі не — то не.

Паводле Дашы, разам зь ёй у атрадзе сядзела жанчына Валя Крачкоўская. У яе нікога не было на волі. Яна была асуджаная на досыць вялікі тэрмін. Неяк у жанчыны пачаліся болі ў жываце. Яна спрабавала зьвяртацца да лекараў, прасіць кантралёраў, каб звадзілі ў мэдчастку. Але тыя казалі: косіш, каб не ісьці на працу. А калі яе ўсё ж прыводзілі ў мэдчастку, лекары называлі яе сымулянткай.

А Валя з кожным днём усё больш чарнела. У выніку праз пару тыдняў яе ўсё ж забралі у мэдчастку. У адну з начэй яна ад дзікіх боляў разьбівае сабе галаву аб сьцяну. Гэта ўжо невыносныя болі. Яе ўсё ж вязуць ужо ў гарадзкую бальніцу. Там тэрмінова апэруюць. Паколькі з прычыны застарэлага анкалягічнага працэсу ўсё ўсярэдзіне ўжо прагніла, там, у бальніцы, жанчына і памерла.

— Былі і такія выпадкі, што нават і не пасьпявалі давезьці да бальніцы. Паміралі ў атрадах, у мэдчастцы.

Нежыцьцё


У кожнай беларускай папраўчай установе ёсьць два атрады для хворых. Адзін для пэнсіянэраў і інвалідаў, другі — для сухотнікаў і ВІЧ-інфікаваных. У атрадах шмат тых, хто ня проста хворы, але ляжачы ды нямоглы. Гэтая катэгорыя вязьняў — самая неабароненая, кажа валянтэр арганізацыі па абароне правоў зьняволеных «ТаймАкт» Алег Міхей. ​


Інвалідныя атрады

Ад Алега Міхея

— Ня так даўно з-за кратаў вызваліўся чалавек, у якога ў месцах пазбаўленьня волі сеў зрок. Каб не асьлепнуць, яму было патрэбнае апэратыўнае лячэньне ў спэцыялізаванай афтальмалягічнай клініцы. Гэтага лячэньня вязень так і не атрымаў. Выйшаў на волю фактычна сьляпым.

Утрымліваецца ў адным з атрадаў, да прыкладу, інвалід першай групы. З усяго цела працуе толькі галава. Не пасадзіць, паводле заканадаўства, яго не маглі — злоснае кампутарнае злачынства з выкраданьнем з банкаўскіх рахункаў вялікіх сумаў і адпаведна пагроза сацыяльнай небясьпецы.

Зь іншага боку, адказу на пытаньне, што рабіць за кратамі з такімі, якія, як ён, увесь час ляжаць у ложку, робяць усё пад сябе, а таму апрыёры ня ў стане ўдзельнічаць у папраўчых мерапрыемствах па вяртаньні асобы назад у соцыюм — ніхто ў пэнітэнцыярнай сыстэме ня ведае. Супрацоўнікаў, якія б маглі даглядаць за такімі хворымі, у штаце папраўчых установаў няма.

Час ад часу за імі за цыгарэты ды цукеркі глядзяць асуджаныя з касты апушчаных. Дастаўляюць у душ, абы як праціраюць анучкамі. Неабходная зьмена пасьцельнай ды нацельнай бялізны ў такіх выпадках не прадугледжаная.

Калёнія №1 на Кальварыйскай. Фота зробленае адразу пасьля таго, як калёнію расфарміравалі перад зносам. 2010 год

Алег Міхей, які апынуўся ў інвалідным атрадзе з прычыны цукроўкі ды псарыязу, кажа, што большасьць асуджаных былі старыя пэнсіянэры сямідзесяці — васьмідзесяці гадоў. Усе яны трапілі за краты паводле арт. 139 — за іх першае і апошняе ў жыцьці забойства. У асноўным забілі па п’янцы жонку, суседа, сабутыльніка.

Біяграфіі дзядоў да зьняволеньня былі цікавыя. Сустракаліся нават героі вайны, якія вызвалялі ад фашызму эўрапейскія краіны. Усіх старых разьмяшчалі ў адной сэкцыі, дзе разам утрымліваліся як здаравейшыя, так і цяжкія інваліды, з саматычнымі ды псыхічнымі захворваньнямі. Заходзіць у тую сэкцыю было немагчыма з-за смуроду, які там стаяў.

За кратамі здаравейшых старых хапала гады на два-тры. Зьяўлялася поўная абыякавасьць да жыцьця, вылязалі ў самых цяжкіх праявах розныя хранічныя захворваньні, імкліва разьвівалася старэчая дэмэнцыя. Паміралі.

Сьмерці сярод такой публікі былі частымі. Хоць, калі ўзгадваць, якімі бадзёрымі тыя вязьні заяжджалі на зону, складалася ўражаньне, што яны запраграмаваныя на больш працяглы век.


Сьмяротнасьць


Паводле ацэнак кіраўніка «ТаймАкту» Васіля Завадзкага, галоўнымі мэдычнымі праблемамі, якія ў месцах пазбаўленьня волі прыводзяць да лятальных вынікаў, зьяўляюцца: сардэчна-сасудзістыя захворваньні (інфаркт, інсульт, сардэчная недастатковасьць і інш.), анкалёгія ды ВІЧ-інфэкцыя ў спалучэньні з сухотамі.

Your browser doesn’t support HTML5

«Проста жыць». У Парку Горкага адкрылася фотавыстава пра ВІЧ-пазытыўных

Калі падчас працы Васіля Завадзкага ў турэмнай мэдыцыне колькасьць сьмерцяў за кратамі была ў два разы ніжэйшая чым на волі (тады каэфіцыент сьмяротнасьці агулам па краіне складаў 13,9 на 1000 насельніцтва), то пасьля 2010 году гэты паказчык узрос нягледзячы на агульны мэдычны прагрэс.

У якасьці прычынаў былы адказны чыноўнік ДВП называе шматгадовую адсутнасьць паўнавартаснай агульнасаматычнай турэмнай лякарні, а таксама рост колькасьці цяжкіх хворых ды скарачэньне долі вызваленых паводле жыцьцёвых паказчыкаў.

Ад Сяргея П.

Былы асуджаны Магілёўскай калёніі № 15 Сяргей П. вызваліўся з-за кратаў на пачатку 2018 году. Адседзеў 18 месяцаў. Кажа, што за гэты кароткі час наглядзеўся таго, што на волі ня ўбачыў бы і за пяць.

Адным зь ягоных прыяцеляў у атрадзе быў Міхаіл Целявяка, які меў праблемы з сэрцам. Неяк позна ўвечары ў прыбіральні асуджанаму зрабілася кепска. Як высьветлілася пазьней, гэта быў інфаркт. Пры падзеньні (падчас страты прытомнасьці) Міхаіл стукнуўся галавой. Яго вынесьлі ў калідор і паклалі на падлогу. Там ён праляжаў да шостай гадзіны раніцы.

Мэдычную дапамогу яму так і не аказалі. Спачатку не было нікога зь лекараў. Потым, калі ён усё ж трапіў у мэдчастку, прапісаных яму мэдыкамэнтаў на месцы не аказалася. Сказалі: «Будзеш лячыцца тым, што ў нас ёсьць». Тыя лекі, аднак, не дапамагалі. Везьці хворага ў шпіталь ніхто не зьбіраўся. Раніцай стала вядома, што Міхаіл памёр.

Празь нейкі час падобны выпадак здарыўся зь вязьнем Рустамам Адзінаевым. Таксама сэрца, таксама неаказаньне дапамогі.

У канцы году ў 11-м атрадзе памёр зэк, якога ўсе звалі «Прапаршчык». Ён хварэў на дыябэт і сядзеў на інсуліне. Чарговы раз пайшоў па ўкол у мэдчастку. А ў рэжымнай частцы яго не прапусьцілі. Довады пра тое, што ён інсуліназалежны і што яму можа быць кепска — не дапамаглі. Раніцай Васіль убачыў, што яго выносяць мёртвым.

ВІЧ-пазытыўны Ўладзімер Л. утрымліваўся шэсьць гадоў у Івацэвіцкай калёніі № 5. Пасьля вызваленьня зь яе пражыў на свабодзе ўсяго тыдзень. Яго сябар Міхаіл, таксама ў мінулым асуджаны гэтай самай калёніі, згадвае, што «за некалькі дзён да сьмерці вольны лекар-пульманоляг дыягнаставаў у Валодзі сухоты. У турэмнай лякарні гэтай хваробы, аднак, не знайшлі».

Ад Міхаіла С.

— Апошнія некалькі месяцаў сябар літаральна раставаў на вачох. Ён моцна кашляў, тэмпэратура нярэдка даходзіла да 40 градусаў. Яшчэ малады мужчына ня мог самастойна рухацца, нават у прыбіральню яго даводзілася суправаджаць.

Флюараграфіі ды рэнтгены, аднак, быццам бы нічога не паказвалі. Нічога не дало і лячэньне ў бальнічным стацыянары ў Жодзіне, ад этапаваньня ў які хлопцу зрабілася толькі горш. Убачыўшы крытычны стан зьняволенага, мэдычная камісія падрыхтавала ўсе паперы на ўмоўна-датэрміновае.

Паводле Міхаіла, паперы трэба было проста хутка падпісаць або пракурору, або судзьдзі. Аднак Уладзімера павезьлі ў суд. З калёніі яго выносілі на насілках. У судзе на гэтых насілках яго паклалі на падлогу. Каму была патрэбная прысутнасьць такога хворага, які ледзь размаўляў, яго сябар не разумее. Прыкладна празь месяц яго вызвалілі. З калёніі таксама выносілі на насілках. Праз тыдзень свабоды Валодзя памёр.

Потым ягоная маці расказала Міхаілу, што за некалькі дзён да сьмерці яго паглядзеў спэцыяліст-фтызіятар і сказаў, што ў хворага адкрытая форма сухотаў. Выходзіць, чалавек з такой хваробай не атрымліваў ніякага лячэньня, больш за тое, быў у кантакце зь іншымі.

​Міхаіл упэўнены: калі б хворага сябра столькі не мурыжылі, у яго быў бы нейкі шанец. Самае дзіўнае, што турэмныя лекары так і ня ўбачылі сухотаў. А можа і ўбачылі, толькі вырашылі схаваць праўду.


Без абсьледаваньня і без пратэзаў

Андрэй Чалапа з суседняй з івацэвіцкай «пяцёркай» установы «Воўчыя норы» (цяпер яна перапрафіляваная ў калёнію для наркаманаў) вызваліўся з-за кратаў у 2014-м. Завітаўшы неўзабаве ў менскі карпункт Свабоды, расказаў пра свайго сябра Міхаіла Ўсьпенскага, які паміраў ад раку галаўнога мозгу.

Ад Андрэя Чалапы

Міхаіл, паводле Андрэя, фактычна аказаўся асуджаным на пакутную сьмерць, прычым не законам, а адміністрацыяй. Спачатку, нягледзячы на шматлікія скаргі на цяжкія галаўныя болі, яго адмаўляліся вывозіць у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Змаганьне за права абсьледавацца заняло ў хворага паўгода. Нарэшце яго паказалі спэцыялістам. Тыя сказалі, што хвароба цягнецца ўжо сама меней два гады, працэс запушчаны і штосьці зрабіць немагчыма. Згодна з вэрдыктам, чалавеку заставалася на той момант жыць месяцы тры.

— Яшчэ адзін хлопец з таго самага атраду — Вадзім Едакоў — меў цяжкую інваліднасьць. У яго адсутнічалі абедзьве рукі. Пратэзаў не было таксама. Абслугоўваць сябе вязень ня мог. Есьці ў сталоўку з дазволу ахоўнікаў прыходзіў раней за ўсіх на некалькі хвілін і «як сабака, сёрбаў ежу зь міскі». У прыбіральні спраўляўся пры дапамозе нагі.

Вадзім Едакоў, зьняволены Івацэвіцкай калёніі

Да яго, аднак, выстаўляліся тыя самыя патрабаваньні, што і да здаровых вязьняў. Напрыклад, да яго нярэдка чапляліся за тое, што не прыбраны ложак. Хоць у ягоным выпадку гэта ніяк не магчыма. Гэтага інваліда маглі б пакласьці ў мэдычную частку, дзе яму было б зручней, але адміністрацыя такое прынцыпова не рабіла, хоць вольныя ложкі ў мэдычнай частцы заўсёды былі.


Актыраваньне


Прадугледжаная заканадаўчымі нарматывамі магчымасьць датэрмінова вызваліцца паводле стану здароўя або актыраваньня — рэч выключная. Для гэтага стан здароўя сапраўды павінен быць вельмі дрэнным, а хвароба вельмі запушчанай. На справе, калі вязьню і ўдаецца вызваліцца датэрмінова, то здараецца гэта не раней чым за некалькі дзён да сьмерці. Вырашаецца пытаньне на ўзроўні начальніка турэмнай ўстановы і тамтэйшага мэдпэрсаналу.

— Магчымасьць вызваліцца паводле стану здароўя існуе толькі на паперы. На нейкія паслабленьні ў сувязі са станам здароўя, а таксама на мэдычны дагляд можа разьлічваць толькі той, хто мае добрыя стасункі з адміністрацыяй. Любы мэдычны супрацоўнік, уключна з начальнікам мэдычнай часткі, у поўным падпарадкаваньні ў апэратыўніка.

Алег згадвае, што ў Бабруйскай калёніі загадчыцай мэдчасткі была дыплямаваная лекарка, маёр Казакова. Яна часта паўтарала зэкам: «Для вас я ў першую чаргу маёр міліцыі і толькі потым лекар». Яна магла без усялякіх пярэчаньняў па ўказе начальніка калёніі накіраваць хворага з тэмпэратурай 40 у ШЫЗА, дзе стаяла вільгаць і было холадна. Нават зімой. Хіба можна назваць гэта мэдыцынай?

Папярэднія публікацыі

Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Турма, мужчына і жанчына. Штрафная зона

Турма, мужчына і жанчына. Прамзона

Турма, мужчына і жанчына. Жылая зона

Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона

Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона

Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона

Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя эзкаў