Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

ЗОНА ХВАРОБ: ТУРЭМНАЯ МЭДЫЦЫНА


Хварэюць усе і ўсюды — і вязьні, і іх ахова. Дзе, як і чым лечаць зьняволеных?

Цяперашняя турэмная мэдыцына ў Беларусі — гэта два рэспубліканскія шпіталі і больш за тры дзясяткі мэдчастак, якія ёсьць пры любой турэмнай установе, ад сьледчага ізалятару, калёніі да ЛТП. У штаце кожнай з мэдчастак ёсьць тэрапэўт, стаматоляг, нарколяг, псыхіятар, фэльчар ды мэдсёстры. Таксама тут ёсьць свой міні-стацыянар на некалькі дзясяткаў ложкаў.

У лякарні — Рэспубліканскі турэмны агульнасаматычны шпіталь («бальнічку»), а таксама Рэспубліканскую спэцыялізаваную мэдычную ўстанову для сухотнікаў на базе 12-й аршанскай калёніі — накіроўваюць найбольш цяжкіх хворых, якім патрэбнае сур’ёзнае лячэньне з абсьледаваньнем ды кансультацыямі вузкіх спэцыялістаў.

Да 2011 году турэмная «бальнічка» разьмяшчалася на тэрыторыі колішняй менскай папраўчай установы УЖ 15/1, або як потым яе называлі, калёніі № 1 на Кальварыйскай. У яе аддзяленьнях — нэўралёгіі, хірургіі, тэрапіі, псыхіятрыі, дэрматалёгіі і інфэкцыйным ізалятары — маглі агулам атрымліваць лячэньне да 350 хворых.

Пажар на тэрыторыі былой турмы на Кальварыйскай, 2009

Потым, у адпаведнасьці з новай генэральнай забудовай мікрараёну, усе турэмныя будынкі, уключна са шпіталём, былі зьнесеныя, а яго аддзяленьні раскідалі па розных турэмных установах — у менскім СІЗА № 1 на Валадарскага, у жодзінскай турме № 8, віцебскай калёніі № 3. Замест ранейшых 350 месцаў атрымалася 170. Новую «бальнічку», больш сучасную і камфортную, у пасёлку Калядзічы пад Менскам, абяцалі пабудаваць да 2015 году, аднак здача аб’екту пастаянна адкладаецца.

Знос старой «бальнічкі», пра які, як і пра плянаваную выгадную зьдзелку дзяржаўных чыноўнікаў па продажы зямлі на Кальварыйскай, было вядома за некалькі гадоў, ня выклікаў асаблівых пратэстаў у грамадзтве. Розныя акцыі ў падтрымку хворых зьняволеных ладзілі хіба што маладыя «нацболы».


Мэдычная дапамога


Недзяржаўная арганізацыя па абароне правоў зьняволеных «ТаймАкт», створаная ў 2017 годзе з ініцыятывы былога палітвязьня Міколы Аўтуховіча, займае пакой у невялікім офісе незалежнага прафсаюзу РЭП. Сюды апошнім часам паступае шмат скаргаў адносна якасьці мэдычнай дапамогі за кратамі.

Алег Міхей працуе ў «ТаймАкце» валянтэрам. У мінулым спартовец, выпускнік БПІ, прадпрымальнік. Трапіў за краты ў 2006-м паводле арт. 209 (махлярства). Тады яму не было і сарака, але са здароўем ужо пачыналіся праблемы — цукроўка, псарыяз.

У бабруйскай калёніі, дзе ён адбываў большую частку свайго шасьцігадовага тэрміну, самаадчуваньне пачало пагаршацца. Настолькі, што асуджанага пэрыядычна мусілі накіроўваць у Менск, у «бальнічку» на Кальварыйскай.

Знос турмы на Кальварыйскай, 2011

Пасьля вызваленьня Алег ледзь не на другі дзень трапіў у вольную менскую клініку з дыягназам псарыятычны артрыт з парушэньнем апорна-рухальнага апарату. Кожны рух даваўся зь цяжкасьцю і аддаваўся болем. Так было чатыры гады. Цяпер на нагах, хаця з другой групай інваліднасьці.

Алег узгадвае, што пасьля зносу «бальнічкі» яму прапанавалі лячыцца на «Валадарцы». Менавіта туды, у мэдчастку, перавялі аддзяленьне «дэрматалёгіі». Аднак асуджаны адмовіўся. Бо што ўяўляе сабой цяперашні, ператвораны з мэдчастак, шпіталь?

Паводле Алега, гэта былыя камэры ў склепе, памерам прыкладна 3 на 5,5 мэтраў. Хворых там можа налічвацца да 10-15 чалавек. Днём ляжаць на ложку нельга, толькі сядзець. Падлога, сьцены і столь бэтонныя. Шпацыр у турэмным дворыку дазволены толькі на паўгадзіны.

Ад Алега Міхея

— Вы толькі ўявіце сабе, калі ўсяго чатыры чалавекі намажуцца мазьзю, якую трэба трымаць на целе суткі... Як дыхаць ў такім памяшканьні?

У «бальнічцы» на Кальварыйскай дэрматалягічнае аддзяленьне знаходзілася ў новым корпусе, разам з двума тэрапэўтычнымі. Хворыя ляжалі ў нармальных палатах. Гуляць, дыхаць сьвежым паветрам за выключэньнем сну ды так званай «ціхай» гадзіны можна было практычна ў любы час. Сам панадворак для шпацыру быў вельмі сымпатычны. Але ўсё гэта толькі ў новым корпусе.


У старым корпусе, дзе былі хірургія, нэўралёгія, «дурка», Алег таксама бываў ня раз, калі яму прызначалі кансультацыю спэцыяліста. Там, паводле яго, было жахліва. Сьмярдзючыя палаты з нарамі, замест панадворку кавалак асфальту ды сьмецьце.

— На Кальварыйскай, як ні кажы, але ўсё ж быў сапраўдны шпіталь. Але яго вось проста так узялі і зьнесьлі, нічога не прапанаваўшы ўзамен. Хворых жа не паменела, наадварот. Але хто такія зэкі для Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і ўвогуле для дзяржавы?

Калі Алег перастаў езьдзіць у Менск, то ягонае лячэньне ўвогуле спынілася. Спачатку яшчэ выдавалі па пары цюбікаў мазі на адзін-два месяцы, хоць яму трэба было столькі найменей на дзень. Потым бясплатны «мэдпаёк» скончыўся. Добра, калі з волі маглі нешта даслаць. А калі — не?

Кіраўнік «ТаймАкту» Васіль Завадзкі, які на час зносу «бальнічкі» утрымліваўся за кратамі, лічыць самым недарэчным, што лякарню зьліквідавалі ўсяго празь некалькі гадоў пасьля выдатнага рамонту аднаго з карпусоў. Вядома, гэта кепска, калі турма ў цэнтры гораду. Але як можна выкінуць на вуліцу хворых, хай яны і належаць да так званага спэцкантынгенту?

Васіль Завадзкі

Васіль Завадзкі — дыплямаваны лекар-псыхіятар, выпускнік Віцебскага мэдынстытуту. Зьведаў турэмную мэдыцыну, як кажуць, з абодвух бакоў.

Каля 25 гадоў працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме — спачатку як загадчык мэдчасткі ў ПК № 14 у Навасадах, потым як галоўны лекар у Рэспубліканскім агульнасаматычным шпіталі (1998–2000) і, нарэшце, як кіраўнік мэдычнай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС (2000–2010). Кар’еру ў ДВП скончыў у чыне палкоўніка міліцыі.

Потым былі дзевяць месяцаў у СІЗА КДБ і прысуд — 2,5 гады турэмнага зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў перавышэньні паўнамоцтваў. З улікам амністыі і ўмоўна датэрміновага ўсяго за кратамі адсядзеў дзесяць месяцаў.

Паводле былога кіраўніка мэдычнай службы дэпартамэнту, зь ліквідацыяй турэмнага шпіталю ня проста скарацілася колькасьць койка-месцаў. Зрабіўся адчувальным недахоп кваліфікаваных мэдычных кадраў, які адбіўся на якасьці лячэньня ды на ўзроўні сьмяротнасьці ў месцах пазбаўленьня волі.

У сваіх ацэнках Васіль Завадзкі абапіраецца на інсайдэрскія зьвесткі, паколькі ўся інфармацыя адносна хваробаў, сьмерцяў ды суіцыдаў за кратамі застаецца закрытай для беларускай грамадзкасьці. Няма таксама дакладнасьці і наконт тэрмінаў здачы новага шпіталю ў Калядзічах.

— Калі «ТаймАкту» ня будуць перашкаджаць працаваць, мы паспрабуем зрабіць усё залежнае ад нас, каб у гэтых пытаньнях была большая яснасьць, а справа з новай «бальнічкай» усё ж вырашылася. Маем зьвярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя з тым, каб яны таксама ўніклі ў гэтую сытуацыю, бо паводле заканадаўства гэтае ведамства нясе адказнасьць за аказаньне мэдычнай дапамогі, у тым ліку і спэцкантынгенту.

Лекар аглядае асуджанага ў турэмным шпіталі

​Мэдыцына за кратамі, лічаць у «ТаймАкце», павінна быць цывільнай, а аказваць дапамогу хворым вязьням павінны цывільныя лекары, а ня мэдыкі пэнітэнцыярнай сыстэмы, якія, зыходзячы са спэцыфікі сваёй службы, кіруюцца найперш інтарэсамі ведамства і толькі потым пацыентаў. Зразумела, пытаньне пераходу турэмнай мэдыцыны пад падпарадкаваньне Міністэрству аховы здароўя павінна быць вельмі прадумана, найперш з гледзішча бясьпекі, мяркуе Васіль Завадзкі.


Хуткая мэдычная дапамога

У «ТаймАкце» абмяркоўваюць адну зь няштатных сытуацый, якая здарылася ў Магілёўскай папраўчай установе № 15. У турэмным гатэлі падчас спатканьня раптоўна памерла жонка асуджанага. Гэта здарылася ноччу. Жанчына адчула сябе кепска. Таблеткі не дапамагалі. Рабілася ўсё горш. Муж папрасіў ахоўніка паклікаць каго-небудзь з мэдпэрсаналу, але ў такі час нікога на месцы не было. У выкліку брыгады «хуткай» асуджанаму, паводле відавочцаў трагедыі, адмовілі.

У сувязі са здарэньнем «ТаймАкт» накіраваў запыт у пракуратуру.
Паводле Васіля Завадзкага, калі размова ідзе пра раптоўныя лятальныя выпадкі ў выніку інфарктаў, інсультаў, пэрытанітаў і г. д., «крайнімі» найчасьцей бываюць тыя, хто вынес інфармацыю за межы ўстановы — зэкі.

Безумоўна, у просьбе аб дапамозе, тым больш, калі справа тычыцца жыцьця і сьмерці, адмаўляць нельга нікому. Але ж у Беларусі няма ніводнага нарматыўнага дакумэнту, як паступаць зь людзьмі, якія прыяжджаюць на турэмнае спатканьне і якім нечакана на тэрыторыі рэжымнай установы, тым больш у позьні час, калі няма на месцы лекараў, робіцца кепска. Найлепшы варыянт, каб хворы чалавек сам на сваіх нагах змог пакінуць калёнію. Калі не, то тут трэба толькі маліцца Богу. Галоўны ж прынцып адміністрацыі — «абы было ціха».


Ад былога кіраўніка мэдычнай службы ДВП

— Нават для зьняволенага выклік «хуткай» на тэрыторыю калёніі праблематычны. Спачатку трэба далажыць дзяжурнаму памочніку начальніка калёніі, то бок міліцыянту. Ён адзіны (афіцыйна), хто ўнутры «калючкі» мае сотавы тэлефон. У сваю чаргу, дзяжурны міліцыянт пачынае думаць, ці варта для вырашэньня пытаньня турбаваць сярод ночы кіраўніцтва ўстановы.

Нарэшце, найлепшы варыянт — «хуткую» выклікаюць. Праз колькі часу яна прыедзе, залежыць ад адлегласьці паміж калёніяй і шпіталём бліжэйшага гораду, таксама ад часу праходжаньня брыгадай дагляду на КПП і дадаткова ад розных іншых дробязяў. А вырашальнай можа стаць кожная хвіліна.

Агледзеўшы хворага, цывільныя мэдыкі вырашаюць, што чалавека трэба тэрмінова накіроўваць у стацыянар. Для перавозкі вязьня патрэбны міліцэйскі транспарт і мінімум два канваіры на ўвесь час знаходжаньня хворага ў вольнай лякарні. Усе гэта разбурае схему арганізацыі службы бясьпекі рэжымнай установы. У выніку найчасьцей чалавека вырашаюць лячыць на месцы.

Васіль Завадзкі узгадвае выпадак з уласнага турэмнага мінулага. Разам зь ім у СІЗА «Амэрыканка» сядзеў чалавек, які раней перанёс інфаркт. Калі на месца прыбыла брыгада «хуткай», лекар пачаў настойваць на шпіталізацыі. Аднак дзяжурны афіцэр адмовіў, сказаў, што хворы застанецца ў СІЗА пад яго адказнасьць. Дзякуй Богу, што той чалавек выжыў.

— Вядома, нешта рабіць трэба, але зноў праблема круціцца вакол таго, што мэдыкі ў гэтай сыстэме падпарадкоўваюцца сілавікам.


З гісторыі «бальнічкі» на Кальварыйскай. Тэрапія

Рэспубліканскі турэмны шпіталь пры першай менскай калёніі ўзьнік на пачатку 1960-х, на тэрыторыі менскай турэмнай установы УЖ 15/1. Журналіст Васіль Сямашка сядзеў у калёніі ў канцы 1990-х, калі ў краіне яшчэ існавала так званая «каляровая», або «чорна-чырвоная» турма. Падчас адседкі давялося яму трапіць і ў «бальнічку», якой на той час кіраваў Васіль Завадзкі.

Ад былога пацыента «бальнічкі»

— Здарылася аднойчы са мной пнэўманія — лёг спаць здаровым, а прачнуўся млявым, дрыжыкі, ліхаманка. На ранішняй праверцы ня змог прастаяць і дзесяці хвілінаў, адышоў некуды ў бок і прысеў. Убачыў гэта намесьнік начальніка ўстановы і пачаў пагражаць карцэрам, а я нават рэагаваць на тыя пагрозы ня змог. Да яго дайшло — накіраваў да доктара. Там зрабілі здымак і — у «бальнічку». Зазначу, што наша зона тады лічылася «чырвонай», тым часам як у іншых сядзелі «блатныя». Зэкі з калёніі № 1 мелі прычыны баяцца класьціся ў турэмны шпіталь.

Калі мяне прывялі ў палату, я зьвярнуў увагу, што палова тых хворых «паліць» так, што на сьцяну, як той казаў, трэба вешаць сякеру. Я ляжаў на другім ярусе ложкаў, а зьнізу сядзела кампанія блатных і дыміла. У тым стане мне, аднак, было амаль усё роўна. Пачуў толькі, як нехта зь іх сказаў, што адміністрацыя мяне да іх наўмысна падсяліла за мае публікацыі ў БДГ пра зону. У выніку тыя да мяне нічога ня мелі.

Васіль Сямашка грузіць гуманітарную дапамогу для Данбасу

​Потым знаёмы санітар патлумачыў Васілю, што ў палаце ляжалі самыя крутыя блатныя з усіх зон, якія за хабар трапілі ў лякарню, каб адпачыць. Відавочна, што ўмовы для адпачынку, паводле былога асуджанага, там былі вельмі добрыя.

Васіль кажа, што лячылі яго добра. Празь некалькі дзён яму зрабілася істотна лепш і ён пачаў хадзіць па шпіталі. Убачыў, што ў аддзяленьні сярод хворых прыкладна палова «адпачывальнікаў».

На дзясяты дзень знаёмы санітар шэптам паведаміў, што яго зьбіраюцца выпісваць. Гэта пры тым, што з такой пнэўманіяй, як у яго, іншыя хворыя знаходзяцца ў шпіталі найменей тры тыдні.

— Вось такім быў шпіталь у той час. Недзе ў калёніях звычайныя зэкі паміралі, так і не атрымаўшы адпаведнай дапамогі, а гэтыя, здаровыя быкі, затрымліваліся на бальнічных ложках ледзь не па месяцы.

Для крутых крымінальнікаў гэта быў ня толькі адпачынак, але і магчымасьць «абцяпаць» свае ўласныя справы. У турме ёсьць такое паняцьце «дзьвіжуха» — рух. У гэтым сэнсе шпіталь быў галоўным месцам сувязі паміж зонамі ды месцам абмену рознай канфідэнцыйнай інфармацыяй.

Аднак галоўным сувязным быў зэк, які займаў пасаду заўгаса «бальнічкі». Нехта некаму хоча нешта перадаць на словах — усё праз «бальнічку». Ад заўгаса атрымлівалі інфармацыю і апэратыўнікі, для іх гэта была прастора для працы. Для зэка пасада загадчыка гаспадаркі адкрывала вялікія магчымасьці і цікавыя сувязі. Пры гэтым, пасада магла таіць у сабе вялікую небясьпеку, калі той, хто яе займаў, няправільна распараджаўся інфармацыяй.

Алег Міхей, які ляжаў у Рэспубліканскім шпіталі пазьней, удакладняе расказ журналіста: усе такія гісторыі з блатнымі скончыліся ў канцы 1990-х.

— Калі пры мне ў шпіталь заяжджалі пару дзядоў, што адседзелі за кратамі па 30 гадоў, было бачна, што яны ўжо не разумелі, куды патрапілі. У іх час у «бальнічцы» рулілі блатныя. Тады ў калёніях прадстаўнікі гэтай касты і вызначалі, каму туды ехаць. Яны не глядзелі, ці моцна чалавек хворы, накіроўвалі тых, каго было ім трэба. Усё вырашалася на іх узроўні.

Хірургія: гемарой, пэрытаніт, ампутацыі ды «мастырка»

На зэку ўсё гоіцца хутчэй — так кажуць турэмныя мэдыкі. Тлумачыцца гэта так званым «напружаным імунітэтам» хворага. То бок, калі чалавек знаходзіцца ў пастаянным стрэсе, імунны адказ ягонага арганізму на тую або іншую інфэкцыю больш выразны. Адваротны бок мэдаля — калі вязень вызваляецца. У яго здараецца расслабленьне, і як вынік — пачынаюць вылазіць навонкі ўсе болькі ды праблемы.

Менскі хірург А., які мае досьвед працы з хворымі арыштантамі і хворымі на волі, цалкам падзяляе гэтую выснову. Турэмную хірургію ён параўноўвае з ваенна-палявой. Гэта выдатная практыка. Гемароі, язвы, апэндыцыты — усё гэта было як на канвэеры. Даводзілася таксама займацца і ампутацыяй канечнасьцяў. Гангрэна ў зьняволеных сустракалася нярэдка.

На пытаньне, чаму сышоў з турэмнай мэдыцыны ў цывільную, адказвае: у вольнай лякарні падабаецца больш. Менш псыхалягічнага напружаньня і менш адміністрацыйнага ціску з боку асобаў, далёкіх ад гэтай справы.

У «бальнічку» на Кальварыйскую А. свайго часу пайшоў з матэрыяльнай прычыны: тады там плацілі значна больш, чым на волі. Справамі пацыентаў і тым, што яны нарабілі, ніколі не цікавіўся, бо калі ўдумацца, каго лечыш, лячыць ня зможаш, кажа ён. Праўда, калі прызвычаіўся, зразумеў, што нехта і там павінен працаваць.

Турма на Кальварыйскай


Ад хірурга А.

— Калі ў звычайнай лякарні хворы зацікаўлены выпісацца як мага раней, то ў турэмнай — наадварот. У «бальнічцы» яму значна камфортней ды спакайней, чым у турме. Дзеля таго, каб «выехаць» на нейкі час зь ненавіснай зоны, вязьні чаго толькі не глыталі ды ня нюхалі, як толькі ня рэзаліся. На турэмным слэнгу такое наўмыснае членашкодніцтва завецца «мастыркай».

Лічыцца, што «мастырка» — вынаходніцтва ГУЛАГу. Зэкі сьвядома ішлі на членашкодніцтва, каб ухіліцца ад цяжкіх працаў.

Паводле А., сёньня такіх учынкаў паменела, але ў 1990–2000 гг. яму і калегам нярэдка даводзілася мець справу зь вельмі рызыкоўнымі спробамі ЗК імітаваць сымптомы самых цяжкіх хваробаў. Рэзаць ды «цыраваць» даводзілася шмат.

— Канкрэтна пра выпадкі членашкодніцтва? Напрыклад, калі звычайную нітку працягвалі паміж зубоў, дзе пасьля ежы заўсёды застаецца нейкі налёт. Потым праколвалі сабе скуру дзе-небудзь на назе або руцэ, а на месца раны прыкладалі тую нітку з зубным налётам. У выніку заражэньне крыві, прычым ня з простых.

Яшчэ нюхалі клей так, каб надзьмуць вочы. Таксама нюхалі цукровую пудру, з-за чаго здараўся ацёк лёгкіх. Нехта нават памёр. Удыхалі хлёрку, каб выклікаць унутраны крывацёк у страўніку.

Глыталі пакладзеныя ў мякіш хлеба пэўным спосабам зьвязаныя паміж сабой цьвікі. У страўніку хлеб раствараўся. Цьвікі выпрастоўваліся. Такая канструкцыя для паглынаньня звалася словам «ёж». Яго асаблівасьць у тым, што цьвікі ўтыкаліся ў грудную клетку такім чынам, што пратыкалі мяккія тканкі, але ня плеўру. Калі ўсё было зроблена ўмела, то бок лёгкія заставаліся непашкоджанымі, чалавеку нічога не пагражала. Калі не, то ў лепшым выпадку ён рабіўся інвалідам.

Алёна Красоўская

​Колішняя мэдычная сястра Рэспубліканскага турэмнага шпіталю Алёна Красоўская (пазьней кіраўніца «Рэгіёну 119») працавала на Кальварыйскай ў 2004–2006 гг. Кажа, што аднойчы падчас яе дзяжурства прывезьлі хлопца зь «яжом» у страўніку. Апэрацыя была цяжкай, цягнулася некалькі гадзінаў, жыцьцё чалавеку, аднак, уратавалі. Потым высьветлілася, што ўчынак для яго быў нечым кшталту «рускай рулеткі». На адчайны крок пайшоў з прычыны вялікіх праблем, якія ўзьніклі зь некім з адміністрацыі калёніі. Наколькі вядома, лягчэй пасьля такога ўчынку, хлопцу на зоне ня стала.​

Ад былой турэмнай мэдсястры

Паводле былой турэмнай мэдсястры, найчасьцей ёй даводзілася бачыць «мастыркі», якія не патрабавалі хірургічнага «цыраваньня». У тых выпадках толькі спынялі кроў, накладвалі павязкі, і больш нічога. Калі пераразалі вены ля далоні, то ў якасьці наступстваў былі пашкоджаньне мышцаў і парушэньне рухальнай актыўнасьці.

Таксама на вачах жанчыны здараліся і выпадкі «ўскрыцьця» — імітацыі самагубства. Некаторыя зэкі спрабавалі гэта зрабіць нават у кабінэце працэдурнай сястры. Той пакой, дзе працавала Алёна, быў у калідоры наводшыбе. Карыстаючыся адсутнасьцю аховы, арыштанты «ўскрываліся» менавіта там: каб быў жаночы крык, каб на яго зьбягаліся апэратыўнікі, каб у выніку ўчынак рабіўся як найбольш публічным.

— Аднойчы адзін зь вязьняў пранёс у кабінэт заточку і разрэзаў сабе жывот так, што адтуль выпалі кішкі, а на падлогу палілася кроў разам з экскрэмэнтамі. Вязьня ўсё ж удалося ўратаваць.

Турэмная стаматалёгія

Што б там ні казалі турэмныя мэдыкі, маўляў, «на зэку ўсё гоіцца хутчэй» — гэта ня тычыцца зубоў. Тыя сыплюцца ва ўсіх пагалоўна.

Турэмная стаматалёгія для абсалютнай большасьці вязьняў так ці інакш абарочваецца сацыяльнай праблемай. Шмат хто пасьля вызваленьня мае патрэбу нават ня столькі ў лячэньні зубоў, колькі ў пратэзаваньні. Пры цяперашніх коштах гэткія паслугі для многіх былых асуджаных становяцца, сапраўды, не па зубах.

Пытаньне ня толькі ў якасьці жыцьця ды ў эстэтыцы, а ў вяртаньні назад у соцыюм. На якое вяртаньне, кажуць былыя вязьні, можа разьлічваць чалавек, калі ў ягоным роце засталося два ці тры зубы? Якія варыянты ёсьць, каб працаўладкавацца?

Ад Віктара Д.

Былому асуджанаму Віктару крыху за трыццаць. Калі размаўляе, стараецца не ўсьміхацца. Тыя нямногія зубы, якія засталіся, здаровымі не назавеш. Колькі будзе каштаваць прывядзеньне рота ў парадак, нават не ўяўляе.

Паводле Віктара, зубы ў турме страціў, хоць і чысьціў іх рэгулярна. Да гэтага яго прывучылі з малых гадоў у бацькоўскай сям’і. Пра многіх іншых зэкаў такога сказаць ня можа. Невыносны пах з рота характэрны для многіх сядзельцаў. Аднак для захаваньня здаровых зубоў адной уласнай гігіены мала, патрэбны яшчэ і прафіляктычны дагляд лекара, найменей раз на год. Істотную ролю адыгрывае харчаваньне зь неабходнымі вітамінамі ды мікраэлемэнтамі.

Турму зь яе ежай ды нядобрасумленнымі стаматолягамі Віктар лічыць сапраўднымі «забойцамі» зубоў:

— Вітамінаў у турэмнай ежы не хапае катастрафічна. Сьвежай гародніны ды садавіны ўвогуле не даюць. Што да часныку ды цыбулі, то ня памятаю, каб гэта давалася ў турмах. У ПК, аднак, падчас сэзоннага збору ўраджаю цыбуля ды часнык бываюць.

На тэырторыі Кальварыйскай турмы, 2011

Што да стаматалёгіі, то калі б яна была платнай, яе паслугі былі б больш якаснымі. Я б да платнага стаматоляга пайшоў, калі б гэта былі расцэнкі нашых дзяржаўных паліклінік. Хаця для многіх зэкаў і гэтыя расцэнкі недаступныя.

Колішні палітвязень, вэтэран МУС Сяргей Парсюкевіч канстатуе: мужчын са здаровымі зубамі пасьля трыццаці — сарака гадоў там ня знойдзеш.

— Зубы сыплюцца практычна ва ўсіх. У той ежы, якую даюць, — ні вітамінаў, ні мінэралаў. Лячыць іх ніхто асабліва не прапаноўвае. Усё лячэньне — нейкая «ўнівэрсальная» таблетка, якая і ад галавы, і ад жывата, і ад краснухі, і ад нагі, і ад зубоў, і ад усяго астатняга. Стаматалягічная дапамога абмяжоўваецца выдаленьнем. Але гэта ня значыць, што такую працэдуру заўсёды робяць зубныя лекары.

Сяргей Парсюкевіч у судзе, жнівень 2008

«Хірургі»

Міхаіл Савасьцюк адбываў пакараньне ў івацэвіцкай ПК-5. Займаў там пасаду старшыні савету атраду, а гэта значыць — у параўнаньні зь іншымі ЗК меў шэраг прывілеяў. Напрыклад, мог свабодна рухацца па зоне. У абавязкі Міхаіла ўваходзіла і суправаджэньне вязьняў у мэдчастку. Міхаіл сьцьвярджае, што аднаго хворага да стаматоляга весьці забаранялася:

Ад зэкаў

— Трапіць да лекаркі-стаматоляга, нават у выпадку тэрміновай дапамогі, асуджаны мог толькі тады, калі, акрамя яго, зубы балелі яшчэ ў некалькіх чалавек у атрадзе. Аднаго хворага да доктаркі не пускалі.

Усё, што магла прапанаваць тая стаматоляг, дык гэта вырваць зуб. Калі чалавек курчыўся ад болю, яна ў рэзкай форме казала яму: «А што я магу тут вам зрабіць?!» Калі ЗК дазваляў сабе зь ёй не пагаджацца і прасіў паспрабаваць захаваць зуб, яна выклікала нарад, і чалавек у выніку трапляў у ШЫЗА. Але зубны боль ад гэтага не сьціхаў. Даводзілася неяк самастойна пазбаўляцца ад хворага зуба.

«Мэтадаў» такога самастойнага выдаленьня зубоў нямала. Адзін з былых сядзельцаў калёніі, што на поўдні краіны, Іван узгадваў, як з прычыны адсутнасьці лекара яму выдаляў хворы зуб санітар, які працаваў у мэдчастцы:

— Працэдура рабілася з двума перакурамі. «Хірург» быў увесь у поце, а я — у крыві. Думаў, што не дажыву да канца апэрацыі, нават бачыў арханёлаў. Больш у свой рот нікога не дапускаў. Зубны боль навучыўся цярпець. За час адседкі зубы пачалі мякчэць ды вывальвацца.

​Паводле Ўладзімера С., які адседзеў за кратамі тры гады, у іх калёніі зубная лекарка ўвесь час была ў дэкрэце. Сярод мэтадаў самадзейнага стаматалягічнага лячэньня, якія ён назіраў на свае вочы, былі: выдаленьне хворага зуба з дапамогай пасатыжаў, лыжкі і проста кулаком.

— На просьбу хворага нехта зь іншых зэкаў з усёй сілай біў па запаленым зубе кулаком, каб той выскачыў, альбо цягнуў пасатыжамі, якія выносілі з «промкі». Некаторыя выбівалі зубы лыжкай. Хворы пагаджаўся на любыя ўмовы, каб пазбавіцца ад невыноснага болю. Зубны боль — гэта самае страшнае з таго, што перажываеш у няволі.


Па той бок ад ДВП

Былы начальнік мэдслужбы ДВП Васіль Завадзкі кажа, што толькі ў зьняволеньні зразумеў, што такое хворы зуб за кратамі.

— Зуб пачаў балець падчас сьледзтва ў СІЗА КДБ. Калі боль зрабіўся зусім нясьцерпны, мяне адвезьлі ў ведамасную паліклініку камітэту. Лячылі спэцыфічна, бо боль працягваўся. Пасьля вызваленьня (дзякуй Богу, быў у зьняволеньні нядоўга) прыйшоў ўжо да вольнага стаматоляга. Дык той, ускрыўшы зуб, аж абурыўся: лекары ў пагонах проста паклалі пломбу, ня пралячыўшы зуб.

Адносна стаматалягічнай дапамогі на Кальварыйскай такіх нараканьняў, прынамсі, ад тых з кім ён разам сядзеў, Васіль Завадзкі ня чуў. Але, тым ня менш, за кратамі яму шмат чаго нядобрага распавялі пра турэмную мэдычную сыстэму, якой ён кіраваў.

— Менавіта пра чалавечае стаўленьне лекара да пацыента. Гэта тое, чаму цяжка навучыць і немагчыма загадаць. Напрыклад, прывозяць у «бальнічку» зьняволенага, а лекар яго сустракае такой лаянкай... Ну што гэта? Гэта профнепрыдатнасьць. Проста такіх нельга дапускаць працаваць з хворымі. Любымі.


Папярэднія публікацыі

Турма, мужчына і жанчына. Штрафная зона

Турма, мужчына і жанчына. Прамзона

Турма, мужчына і жанчына. Жылая зона

Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона

Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона

Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона

Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя эзкаў