У Магілёве пратэстуюць навучэнцы спартовай школы: трэнэра забралі ў войска

Юныя пратэстоўцы. Фота даслалі бацькі

У Магілёве гадаванцы дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 1, якія займаюцца тэнісам, засталіся бяз трэнэра. Яго забралі ў войска. Юныя спартоўцы, каб прыцягнуць увагу да таго, што вучыць іх тэнісу няма каму, адрэагавалі флэшмобам. Фатаздымкі зь яго разьмясьцілі ў сацыяльных сетках.

Кіраўніцтва ДЮСШ № 1, у якім працуе трэнэр-прызыўнік, заяўляе: у Магілёў спэцыялісты ў тэнісе ня едуць, бо няма крытых кортаў. Забранага ў салдаты трэнэра 20-гадовага Канстанціна Цьвяткова спрабуюць вярнуць.

Бацькі юных тэнісістаў у разгубленасьці

На пратэст адважыліся 13 дзетак. Кожны трымаў аркуш паперы з надпісам «Вярніце трэнэра!». Як сьцьвярджаюць бацькі, выказаць гэткім чынам сваё стаўленьне да праблемы дзеці дадумаліся самі. Іх абурыла, што трэнэра забралі ў войска перад самым лягерам. Паводле бацькоў, першыя ў летніку трэнаваньні зь юнымі тэнісістамі праводзілі спэцыялісты ў цяжкай атлетыцы і настольным тэнісе.

Магілёўскія тэнісісты, якія засталіся бяз трэнэра, гулялі на турніры Максіма Мірнага

«У нас выпытвалі, ці можам мы адшукаць таго, хто мог бы неяк лягер давесьці да канца. Адміністрацыя заклапочаная пошукамі, абяцае, што да 1 верасьня ў нас будзе новы трэнэр. Вядома ж, нас турбуе, што аддзяленьне тэнісу наагул могуць у школе ліквідаваць. З такой сытуацыяй ужо сутыкаліся і год не трэнаваліся», — сказаў Свабодзе адзін з бацькоў.

Бацькі ня ўтойваюць: пра пагрозу прызыву ў войска трэнэра Канстанціна Цьвяткова ведалі, але спадзяваліся, што яму дазволяць адслужыць у рэзэрве. Зь іх ініцыятывы кіраўніцтва ДЮСШ № 1 зьвярнулася ў ваенкамат, каб Канстанціну далі адтэрміноўку на першы летні месяц. У гэты час, пісала ў ваенкамат адміністрацыя школы, праводзіцца летнік, у якім іх трэнэр вучыць тэнісу 14 дзяцей, «за здароўе і жыцьцё якіх ён нясе аднаасобную адказнасьць». Гэта не дапамагло.

Паводле бацькоў, Канстанцін — выпускнік Магілёўскай вучэльні алімпійскага рэзэрву па спэцыяльнасьці трэнэр тэнісу. Па сканчэньні навучальнай установы ён больш за год ня мог знайсьці сабе занятак. Шукала яму працу і маці. Пасьля таго, як жанчына напісала ў Міністэрства спорту і турызму, сыну прапанавалі трэнаваць дзяцей у спартовай школе.

Працаваць хлопец пачаў зь леташняга верасьня. Паводле бацькоў, ён апекаваўся чатырма дзясяткамі дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Некаторыя зь іх займаюцца тэнісам не адзін год. Гадаванцы ўпадабалі свайго настаўніка. Былі задаволеныя маладым спэцыялістам і бацькі. Заробак у Канстанціна недацягваў да 400 рублёў.

«За трэніроўкі ён грошы ня браў. Мы з свае ініцыятывы набылі мячы, убачыўшы іх стан. Яны дужа хутка зношваюцца. Куплялі і іншы рыштунак. Самі дамаўляліся з адміністрацыяй сярэдняй школы, каб узімку трэнавацца ў яе залі. Аплачвалі ўдзел у спаборніцтвах. Турнірны ўнёсак — 30-50 рублёў. Цяпер сытуацыя няпэўная. Мы ў разгубленасьці», — адзначыў бацька аднаго зь юных тэнісістаў Дзяніс Окалаў.

Замяніць заняткі ў дзяржаўнай установе на індывідуальныя трэніроўкі ў бацькоў няма грошай. Паводле іх, платныя паслугі ў навучаньні тэнісам дзяцей абыходзяцца ад 50 да 200 рублёў за месяц.

Прызналі «ўхілістам»

З самім Канстанцінам пагутарыць не ўдалося. На тэлефанаваньні ён не адказвае.

Як удалося высьветліць, Канстанцін трапіў у сьпісы «ўхілістаў». Хлопец нібыта парушыў правілы прызыву: не зьявіўся ў ваенкамат, як было пазначана ў позьве. Па яго прыехалі зь міліцыяй, і цяпер ён служыць у Печах. Летась у трэнэра памерла маці.

Дырэктарка спартовай школы: патрэбен крыты корт

Дырэктар ДЮСШ № 1 Юлія Вярхоўцава кажа: аддзяленьне тэнісу наведваюць блізу трох дзясяткаў дзяцей. Канстанцін пасьпеў папрацаваць меней за год. У яго было тры групы дзяцей. Хаця, адзначыла яна, мелася быць пяць, але сфармаваць іх было няпроста, бо ўмовы для трэніровак, асабліва ў зімовы час, былі не зусім добрыя. Зь пяцьцю групамі Канстанцін меў бы заробак у 500 рублёў.

Кіраўніца спартшколы пацьвярджае, што зьвярталася ў ваенкамат, каб Канстанціну далі адтэрміноўку. Забралі трэнэра ў войска, не паведаміўшы пра гэта ва ўстанову, дзе ён працаваў. Пра закрыцьцё аддзяленьня тэнісу Юлія Вярхоўцава не сказала.

Крыты корт у Магілёве будуюць ад 2014 году

Праблему з трэнэрамі яна зьвязвае з адсутнасьцю крытага корту ў Магілёве.

«Мы пісалі і ў Менск, каб прыслалі нам трэнэраў, але ня хочуць да нас ехаць. Няма крытых кортаў, — тлумачыць сытуацыю кіраўніца спартшколы. — Трэнаваньне тэнісу ў спартовых залях школаў — гэта ня справа. У тэнісу павінен быць свой крыты корт круглы год, і мы ня мусіць ад кагосьці залежаць. Усё ўпіраецца, аднак, у фінансы».

Паводле дырэктаркі, да наступнага году крытая пляцоўку для тэнісу можа зьявіцца ў гарадзкім фізкультурна-аздараўляльным клюбе. «Тады нам будзе крыху лягчэй», — заўважыла яна.

Цяпер, каб знайсьці рэкрутаванаму трэнэру замену, вядуцца перамовы з студэнткай 3-га курсу ўнівэрсытэту імя Куляшова. Дзяўчына займаецца тэнісам і можа, на думку дырэктаркі, вучыць дзяцей. Ёй напачатку давераць заняткі ў летніку.

На пашпарце будоўлі тэрміну здачы крытых кортаў няма

Гадаванцы аддзяленьня тэнісу спартшколы ня раз станавіліся пераможцамі розных турніраў. Сярод прызёраў былі васьмі, — дзесяці, — дванаццацігадовыя спартоўцы.

Бясплатных заняткаў на крытым корце ня будзе

Корты на тэрыторыі фізкультурна-аздараўляльнага комплексу «Космас-корт»

Фізкультурна-аздараўляльны клюб, які магілёўцам больш вядомы з назвай «Космас-корт», знаходзіцца на гарадзкім ускрайку ў Пячэрскім лесапарку. Раней гэтая ўстанова мела надзіманы крыты корт. Свой рэсурс, аднак, ён выпрацаваў, і яго дэмантавалі. Цяпер узводзяць стацыянарны манэж з трыма кортамі ў ім.

Кіраўніцтва клюбу выказвае спадзеў, што спартовае збудаваньне здадуць да канца году. Будоўля на кантролі ў старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава. Разьлічваць, што крытыя корты будуць бясплатнымі, не выпадае.

Юныя магілёўскія тэністы на спаборніцтвах

Узводзіць іх пачалі ў 2014 годзе, але праз брак сродкаў работы прыпыняліся. Улады разьлічвалі на спонсарскую дапамогу. Паўтара года таму кіраўнік гораду абвясьціў узьвядзеньне тэніснага манэжу «народнай будоўляй». Цяпер на аб’екце ажыўленьне.

Фізкультурна-аздараўляльны клюб мае некалькі адкрытых тэнісных пляцовак. Групы з ахвотнікамі навучыцца тэнісу, паводле кіраўніцтва, цалкам укамплектаваныя.

Дзіцячы абанэмэнт для адкрытага корту на паўтарагадзінныя заняткі тры разы на тыдзень каштуе амаль 90 рублёў.