Міністар фінансаў Японіі Таро Асо паабяцаў вярнуць сваю зарплату за мінулы год у адказ на карупцыйны скандал у міністэрстве.
У 2016 годзе супрацоўнікі ведамства падрабілі сотні старонак дакумэнтаў аб продажы дзяржаўнай зямлі школе, якую зьвязвалі з жонкай прэм’ер-міністра Сіндзо Абэ.
«Я добраахвотна вяртаю 12-месячны заробак міністра, бо гэта праблема паўплывала на грамадзкі давер да Міністэрства фінансаў і адміністрацыі ў цэлым», — сказаў Асо.
Ён дадаў, што не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку.
Паводле агенцтва AFP, міністар фінансаў Японіі зарабляе каля 274 тысяч даляраў у год.
Паводле Асо, пасьля ўнутранай праверкі міністэрства пакарала каля 20 чыноўнікаў. Некаторым скарацілі зарплаты, іншым былі вынесеныя вымовы.
Нобухіса Сагава, кіраўнік аддзелу, якога лічаць ключавой фігурай у падробцы дакумэнтаў, сышоў са сваёй пасады ў сакавіку. Яму таксама скарацілі пэнсію.
Сагава заяўляў, што ніхто з офісу прэм’ер-міністра не даваў указ аб фальшаваньні папер. Міністар Асо таксама заявіў, што ні прэм’ер-міністар, ні яго жонка не зьвязаныя з карупцыйным скандалам.
У 2016 годзе міністэрства фінансаў прадало зямлю школе таньней за рынкавую цану. Жонка прэм’ера павінна была стаць ганаровым дырэктарам новай школы. Дакумэнты аб продажы зямлі былі фальсыфікаваныя такім чынам, каб пазьбегнуць у іх згадкі жонкі Абэ і іншых палітыкаў.