Кітай прыгразіў ЗША выйсьці з усіх гандлёвых пагадненьняў

Кітай прыгразіў Злучаным Штатам выйсьці з усіх гандлёвых і дзелавых пагадненьняў паміж краінамі ў выпадку, калі Вашынгтон рэалізуе пляны амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа па ўвядзеньні новых пошлін і іншых мер у дачыненьні да Пэкіну, перадае Reuters.

Улады КНР зрабілі такую заяву ў нядзелю пасьля чарговага раўнду перамоваў, якія правялі ў Пэкіне міністар гандлю ЗША Ўілбур Рос і віцэ-прэм’ер Дзяржсавету КНР Лю Хэ і які завяршыўся безвынікова.

Пры гэтым у панядзелак прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Хуа Чунінг сказаў, што «кітайская дзьверы для дыялёгу і кансультацый заўсёды адкрытыя» для ЗША.

Reuters спасылаецца на паведамленьне афіцыйнай дзяржаўнай газэты China Daily. Як піша кітайскае выданьне, «Трамп сьцьвярджае, што ён шукае справядлівасьці і ўзаемнасьці ў эканамічных адносінах ЗША з Кітаем, аднак да гэтага часу ён імкнуўся толькі атрымаць выгаду ад узаемадзеяньня з Кітаем, выкарыстоўваючы наяўныя ў ЗША эканамічныя перавагі». Іншая дзяржаўная кітайская газэта Global Times у рэдакцыйным артыкуле напісала, што «перамовы ня могуць схіляцца ў бок аднабаковых інтарэсаў ЗША».

Прэзыдэнт ЗША неаднаразова заяўляў, што лічыць цяперашнія гандлёвыя адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Кітаем несправядлівымі і нявыгаднымі для ЗША.

На фоне неўрэгуляваных рознагалосьсяў з Пэкінам амэрыканскі прэзыдэнт увёў новыя пошліны на імпарт сталі і алюмінію з Эўразьвязу, Канады і Мэксыкі. У адказ гэтыя краіны, якія адносяцца да ліку саюзьнікаў ЗША, заявілі пра гатоўнасьць абкласьці амэрыканскія тавары дадатковымі тарыфамі.