У менскім бары Make-Make Tiki King прайшла вечарына ў дапамогу дзецям Афрыкі. Ініцыятарка збору сродкаў — Аляксандра Папчанка, апошнія 2,5 года яна жыве і працуе ў Нігерыі.
Гэта ўжо чацьвёрты па ліку дабрачынны канцэрт «Belarus in Africa». У папярэднія гады заробленыя сродкі накіроўваліся на будоўлю новай школы ў Гане, а таксама на рамонт школьнага будынка ў Лагасе.
Як беларуска ў Нігерыі робіць карʼеру і займаецца дабрачыннасьцю
«Пад Міжнародны дзень абароны дзяцей я прыяжджаю ў Беларусь, каб заклікаць падтрымаць малазабясьпечаныя семʼі ў краінах Афрыкі, — кажа Аляксандра. — Пачынала з Ганы, цяпер вось Нігерыя. Запрашаю розныя гурты, танцавальныя калектывы, так ці інакш зьвязаныя з каляафрыканскай тэматыкай — і беларускія, і нігерыйскія. Ладзім хэнд-мэйд кірмашы з эксклюзіўнымі рэчамі, працуе майстар па малюнку хной і г.д.».
Перад імпрэзай пра цікавосткі падарожжа аўтастопам па афрыканскім кантынэнце расказала заоляг Віталіна Лабанава. За паўгода яна абʼехала пяць краін Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі, занатоўваючы кожны дзень у жывапісных скетчах. Пра яе прыгоды Свабода мае апавесьці неўзабаве.
Усе сродкі, выручаныя ад канцэрту і бяспройгрышнай лятарэі, пойдуць на дапамогу нігерыйскаму фонду Beyond The Classroom. Сёлета валянтэры зьбіраюць дзяцей у адну з пачатковых школ у Абуджы. Як кажа Аляксандра Папчанка, купляць будуць падручнікі, алоўкі, заплечнікі ды іншыя школьныя прылады.
Нягледзячы на багацьце нігерыйскіх нетраў — перадусім нафту і газ — асноўная частка насельніцтва вялізнай краіны жыве ў галечы.
«Сярэдні кляс у Нігерыі не перавышае 3% ад усёй колькасьці жыхароў, то бок разьбежка паміж фінансавай стабільнасьцю і павальным жабрацтвам гіганцкая. Шмат хто існуе проста ў непрыдатных умовах. І ў той жа час побач з трушчобамі будуць ехаць элітныя аўто чыноўнікаў, нафтавых дзялкоў», — кажа беларуска.
Сёлета 25 сакавіка Аляксандра Папчанка адзначыла юбілей абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі паўмаратонам. Забег адбыўся ў рамках глябальнай кампаніі беларусаў сьвету «Вольны забег да Дня Волі». Пераадолеўшы 10 кілямэтраў пад афрыканскім сонцам, на фінішы яна сфатаграфавалася з гістарычным сьцягам у руках.