Актывіст правёў 74 гадзіны ў ізалятары за «фаташоп»

Фота з патрабаваньнем заблякаваць сайт Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якое Пятро Маркелаў называе фаташопам

Затрыманага за адзіночны пікет Пятра Маркелава так і не асудзілі, нават пасьля дапрацоўкі пратаколу. Выходныя да суду ён правёў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.

Першы суд адбыўся яшчэ 1 чэрвеня, калі судзьдзя Тацяна Моталь накіравала справу Пятра Маркелава за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП РБ) на дапрацоўку.

Сёньня ж адбылося другое паседжаньне, падчас якога судзьдзя вызваліла актывіста кампаніі Legalize Belarus і зноў накіравала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні на дапрацоўку.

Пасьля суду Маркелаў паведаміў у Фэйсбуку, што ягоны здымак на фоне будынку Міністэрства ўнутраных спраў з надпісам «Заблокируйте 86.57.250.202» быў несапраўдны.

Як сказала Свабодзе сяброўка актывіста Ксенія Тарасевіч, здымак будынку МУС сапраўды быў зроблены, а вось самога Маркелава «ўставілі» ужо праз адмысловыя графічныя праграмы.

31 траўня Свабода паведамляла са спасылкай на Пятра Маркелава, што ён выйшаў да будынка Міністэрства ўнутраных спраў у Менску з плякатам «Заблокируйте 86.57.250.202». Да расповеду прыкладалася згаданае фота. На наступны дзень хлопца выклікалі ў міліцыю, затрымалі і пачалі судзіць.

Як тлумачыў Свабодзе Маркелаў, лічбы на плякаце – гэта IP-адрас, зьвязаны з сэрвэрам сайту МУС. Такім чынам ён выказаўся супраць некалькіх рэчаў: «гамафобнай заявы» Міністэрства ўнутраных спраў і блякаваньня сайту прыхільнікаў легалізацыі марыхуаны Legalize.by, ад чаго пацярпелі некалькі соцень іншых сайтаў на тым жа сэрвэры.

Што важна ведаць

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1700 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 24 траўня сустваральніца гендэрнага праекту Makeout Віка Біран зладзіла фотафлэшмоб супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці каля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду. Яе будуць судзіць адразу ў трох менскіх судах.