За апошнія 10 гадоў Facebook заключыў пагадненьні прынамсі з 60 кампаніямі – вытворцамі тэлефонаў, у тым ліку з Apple, Samsung, Amazon, BlackBerry і Microsoft, дзякуючы якім яны атрымлівалі доступ да пэрсанальных дадзеных карыстальнікаў сацыяльнай сеткі бязь іх згоды. Пра гэта піша The New York Times.
Большасьць пагадненьняў да гэтага часу ў сіле, хоць у апошні час сацсетка пачала паступова ад іх адмаўляцца.
Прадстаўнікі Facebook запэўніваюць, што ўсе пагадненьні з вытворцамі тэлефонаў аб доступе да дадзеных адпавядаюць правілам кампаніі, а таксама патрабаваньням уладаў ЗША. Акрамя таго, за ўвесь час дзеяньня дамоўленасьцяў не было ніводнага выпадку злоўжываньняў атрыманымі зьвесткамі, адзначаюць у кампаніі.
У пачатку сакавіка высьветлілася, што брытанская кампанія Cambridge Analytica зьбірала дадзеныя карыстальнікаў Facebook, каб выкарыстоўваць іх у палітычнай рэкляме ў розных краінах. Паводле апошніх зьвестак, кампанія магла атрымаць доступ да інфармацыі 87 мільёнаў карыстальнікаў сацсеткі.