У Эгіпце прыняў прысягу пераабраны на другі тэрмін прэзыдэнт

Абдэль-Фатах ас-Сісі

Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль-Фатах ас-Сісі, пераабраны ў сакавіку на другі тэрмін, прыняў прысягу ў парлямэнце краіны.

Цырымонія адбылася пры ўзмоцненых захадах бясьпекі ў Каіры.

Абдэль-Фаттах ас-Сісі, былы галоўнакамандучы Ўзброеных сіл Эгіпту, адыграў вырашальную ролю ў вайсковым перавароце 2013 году, які скінуў першага дэмакратычна абранага прэзыдэнта Эгіпту Мухамэда Мурсі.

У наступным годзе Абдэль-Фаттах ас-Сісі быў абраны на пасаду прэзыдэнта.

Яго прыхільнікі заяўляюць, што ён аднавіў у краіне стабільнасьць і бясьпеку празь некалькі гадоў беспарадкаў. Крытыкі абвінавачваюць яго ў падаўленьні іншадумства і абмежаваньні свабоды сродкаў інфармацыі.

На сёлетніх выбарах Абдэль-Фаттах ас-Сісі меў адзінага суперніка: малавядомы дзеяч Муса Мустафа Муса, які вылучыў сваю кандыдатуру ў апошні момант, сам выказваўся ў падтрымку кіраўніка дзяржавы.