Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў, што дзяржава далучыцца да іншых эўрапейскіх краінаў, якія забаранілі сэрвіс па замове таксі Uber.
«Бізнэсу Uber, які зьявіўся тут, прыйшоў канец. Больш яго няма», — сказаў Эрдаган. Ён дадаў, што гэтаму сэрвісу не дазволяць разбурыць бізнэс турэцкіх таксістаў, паведамляе Daily Sabah.
У адказ на гэта кампанія Uber заявіла, што хоча працаваць з усімі мясцовымі зацікаўленымі бакамі для паляпшэньня транспартнай мабільнасьці ў турэцкіх гарадах і «цалкам адданыя, каб быць сапраўдным партнэрам Турэччыны ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».
У Турэччыне сэрвіс Uber пачаў працаваць з 2014 года, адразу выклікаўшы незадаволенасьць у мясцовых таксістаў. Яны скардзіліся на нядобрасумленную канкурэнцыю і незаконнае вядзеньня бізнэсу.
У апошнія месяцы напружанасьць паміж кіроўцамі таксі і кіроўцамі ўзмацнілася, асабліва ў Стамбуле на фоне паведамленьняў аб нападах кіроўцаў таксі на кіроўцаў Uber. 10 сакавіка ў горадзе абстралялі машыну Uber, пасьля чаго кампанія апублікавала заяву аб павелічэньні колькасьці інцыдэнтаў з ужываньнем гвалту ў дачыненьні да аўтамабіляў Uber у Турэччыне.
Раней Uber быў забаронены або вымушаны пакінуць рынкі ў Баўгарыі, Даніі і Вугоршыне.
У Францыі, Італіі, Нямеччыне, Японіі і на Тайвані на працу сэрвісу накладзеныя абмежаваньні. Напрыклад, у Нямеччыне Uber з абмежаваным наборам паслуг працуе толькі ў Бэрліне і Мюнхэне. У Францыі праз дадатак Uber могуць працаваць толькі кіроўцы зь ліцэнзіяй на працу ў таксі.