Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што ў выніку інсцэніроўкі забойства расейскага журналіста Аркадзя Бабачанкі сьледзтва мае прозьвішчы 47 чалавек — патэнцыйных ахвяраў зьнішчэньня на ўкраінскай тэрыторыі.
«У выніку гэтай апэратыўнай камбінацыі сьледзтва атрымала сьпіс з 47 чалавек, якія маглі быць наступнымі ахвярамі тэрарыстаў. Пераважна гэта — вядомыя ўкраінскія і былыя расейскія журналісты», — паведаміў сёньня Юры Луцэнка.
Паводле яго, усіх інфармавалі пра небясьпеку і зараз арганізуецца іх ахова. «Сьледзтва таксама атрымала важныя доказы сувязяў Германа з расейскімі спэцслужбамі, пра што мы паведамім пазьней», — дадаў генэральны пракурор.
Два расейскія журналісты, якія цяпер працуюць ва Ўкраіне — Яўген Кісялёў і Мацьвей Ганапольскі — паведамілі, што сёньня былі выкліканыя на адмысловую сустрэчу з супрацоўнікамі Службы бясьпекі і Генэральнай пракуратуры Ўкраіны.
У мяне ніколі не было асаблівых сумненьняў у тым, што маё прозьвішча там ёсьць
«Гаворка сапраўды ішла, у тым ліку, аб нашай асабістай бясьпецы. Уласна кажучы, і бяз гэтай сустрэчы я выдатна разумеў, што ў тым жа сьпісе, пра які ўжо казаў адкрыта на брыфінгу кіраўнік СБУ Васіль Грыцак, у тым жа сьпісе, дзе ёсьць каля 30 прозьвішчаў розных людзей: і журналістаў, і не журналістаў, напэўна, якія жывуць і працуюць ва Ўкраіне і чымсьці настолькі непажаданыя кіроўнаму расейскаму рэжыму, што там хочуць іх фізычнай сьмерці. Я ня ведаю ўсіх імёнаў, якія ёсьць у гэтым сьпісе. Але ў мяне ніколі не было асаблівых сумненьняў у тым, што маё прозьвішча там ёсьць», — сказаў у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў Яўген Кісялёў.
У сваю чаргу Мацьвей Ганапольскі дадаў, што яны ўзялі абавязацельствы не разгалошваць дэталі сустрэчы з супрацоўнікамі СБУ ды ГПУ:
«Мы падпісалі адмысловую паперу аб неразгалошваньні. Таму скажам толькі тое, што можам сказаць. Зразумела, што гэта была сустрэча, зьвязаная, па-першае, са справай Бабчанкі. Па-другое, з пытаньнямі бясьпекі журналістаў, якія працуюць ва Ўкраіне цяпер. Калі гаварыць тое, што можна сказаць, то сэнс заключаецца ў тым, што нам трэба быць пільнымі. Таму што тыя, хто арганізоўваў замах на Бабчанку ці забойства Бабчанкі, — гэта людзі, якія, безумоўна, будуць спрабаваць узяць рэванш. Таму ўсім трэба быць уважлівымі».
Расейскія журналісты таксама адзначылі, што гаворка ідзе аб 47 асобах, і гэта адзінае, што сьледзтва дазволіла паведаміць калегам.
Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі. 30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы, паводле заказу якіх на тэрыторыі Ўкраіны плянавалі зьнішчыць яшчэ 30 грамадзян Расеі.
Напярэдадні Барыс Герман, падазраваны ў арганізацыі замаху на жыцьцё Аркадзя Бабчанкі, заявіў, што сапраўды атрымаў з Расеі сьпіс з 30 чалавек, якіх хацелі зьнішчыць ва Ўкраіне, і які ён тэрмінова перадаў у контрвыведку. Суд аршытаваў падазраванага на два месяцы, хаця той спрабаваў пераканаць суд, што працаваў на ўкраінскую контрвыведку.