Чытачка Чарняўская: Нядаўна перачытала ўсяго Васіля Быкава

Юлія Чарняўская

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае культуроляг Юлія Чарняўская.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

«Кольцы Сатурна. Ангельскае паломніцтва» В. Г. Зэбальда. Прычым, чытаю ўжо другі раз. Гэта дакумэнтальная кніга, аповед нямецка-ангельскага пісьменьніка і літаратуразнаўцы. Яшчэ ў 2006 годзе ён напісаў выдатную кнігу «Аўстэрліц», яе пераклалі на расейскую, крытыкі захапляліся, але публіка амаль што не заўважыла. І толькі цяпер, калі яе перавыдалі адначасова з «Кольцамі Сатурна», аб Зэбальде сталі пісаць і гаварыць.

Здаецца, што аўтар кажа пра тое, што вось зараз прыйшло яму ў галаву, у рэальнасьці ж зроблены вытанчаны і пільны адбор фактаў

Гэтая кніга — літаратурнае паломніцтва. Чалавек едзе, ходзіць, назірае, у яго ўзьнікаюць алюзіі і рэмінісцэнцыі, асабістыя і культурныя. Напрыклад, у кнізе ёсьць вялікія эсэ пра Джозэфа Конрада, пра пісьменьніка XIX стагодзьдзя Эдварда Фіцджэралда, пра паўстаньне Тайпін ў Кітаі, пра свае асабістыя сустрэчы і ўспаміны — словам, пра ўсё, што прыходзіць яму ў галаву падчас падарожжа. Вядома, не пра ўсё. Вядома, кніга кампазыцыйна выбудаваная, тут зьдзейсьнены вядомы фокус: здаецца, што аўтар кажа пра тое, што вось зараз прыйшло яму ў галаву, у рэальнасьці ж зроблены вытанчаны і пільны адбор фактаў, прынцып якога пакуль не зразумеў ні адзін з дасьледчыкаў.

Зэбальд піша даволі безуважнай, крыху нават сухаватай мовай — з мэтай падкрэсьліць дакумэнтальнасьць. «Кольцы Сатурна» нават забясьпечаныя фатаграфіямі тых месцаў у графстве Сафалк, па якіх падарожнічае аўтар. Як пісаў Зэбальд ў адным з эсэ: «Апавяданьня ў якім-небудзь традыцыйным сэнсе з гэтых запісак, вядома, атрымацца не магло, а таму ён адхіляе любую форму бэлетрызацыі, спакусу нейкага саўдзельніцтва паміж аўтарам і яго чытачом». Гэта значыць, што ён адмаўляецца ад таго, чым славілася літаратура папярэдніх стагодзьдзяў: атаясамленьня аўтарскага Я і чытача, глыбокага эмацыйнага пранікненьня чытача ў сьвет аўтара.

Гэтая кніга — падарожжа ў мінулае, прычым, ня столькі асабістае, колькі культурнае

На самай справе, гэтая кніга — падарожжа ў мінулае, прычым, ня столькі асабістае, колькі культурнае. Гэта такі арганізаваны струмень сьвядомасьці: аўтар падарожнічае па сумных, невыразных краявідах, але раптам нешта наводзіць яго на думку, на ўспамін — і пачынае разгортвацца гісторыя зь мінулага, удзельнікам якой ён альбо быў, альбо ня быў і быць ня мог. Напрыклад, мост, па якім стагодзьдзе таму хадзіў цягнік з абрысам цмока на паравозе — і гэта падстава для апісаньня кітайскай разьні, кіраваньне імпэратрыцы Цы Сі, кітайскага шаўкаводзтва, а затым Зэбальд зноў успамінае паравозік і пераходзіць да іншай тэмы — да росквіту і падзеньня Данвіча.

Мінулае ў выкананьні Зэбальда — стрымана апісаны жах. У гэтым, дарэчы, і заслуга Зэбальда, што суха: «гучнага жаху» нам хапіла і ў літаратуры, і ў кіно. Вось, на старонках прысьвечаных Конраду, ён піша пра рабства ў Конга, вось — пра кітайскае паўстаньне, вось пра вайну ў Харватыі. Вельмі важную ролю адыгрывае пясок Сафалка — пясок забыцьця. Ім, пяском, якога так баяўся Флябэр, пакараны сьвет за сваю жорсткасьць. Мільёны ахвяр гісторыі — і аўтар без надрыву распавядае пра іх. Навошта? Таму што культура — гэта памяць.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Джон Уільямс, раман «Стоўнэр». Гэты раман прагрымеў празь пяцьдзесят гадоў пасьля напісаньня — шмат у чым дзякуючы яго перакладу на францускую Анны Гавальда. Аўтар кнігі — прафэсар, які апублікаваў чатыры раманы і два паэтычныя зборнікі, амаль не заўважаныя прэсай і чытачамі.

Раман аўтабіяграфічны (за нешматлікімі выключэньнямі): герой кнігі — прафэсар Уільям Стоўнэр, які напісаў адзіную кнігу і пражыў сваё жыцьцё незаўважаным. Але ён старэйшы за аўтара на некалькі дзесяцігодзьдзяў. У адрозьненьне ад аўтара, які ваяваў на франтах другой сусьветнай, герой адмовіўся ад прызыву ў войска. Чаму ён «выключыў» гэтыя найбольш вострыя і цяжкія гады з жыцьця свайго героя? Таму што для Ўільямса галоўнае — паўсядзённае жыцьцё ўнівэрсытэцкага выкладчыка. Аўтар «аддаў вайну» сябру Стоўнэра Дэйву Мастэрсу, які там і загінуў.

Для людзей, якія прачыталі «Стоўнэра», думка пра сьмерць становіцца менш жахлівай

Жыцьцё Стоўнэра не пахіснулася пад ніякімі вонкавымі бурамі — толькі ўнутранымі, ды і іх няшмат. Такім чынам, сялянскі хлопец ідзе вучыцца ў каледж, каб «па навуцы» працягнуць справу бацькі-фэрмэра, але на другім курсе зачароўваецца 73-м санэтам Шэксьпіра і вырашае займацца літаратурай. Ён ажаніўся з дзяўчынай, экзальтацыя якой мяжуе з хваробай; стаў бацькам. Ён выкладае правінцыйным студэнтам; закохваецца і губляе каханьне; перажывае маленькія баталіі зь невукамі і самаўпэўненымі хамамі; падае ахвярай дробных інтрыг, непрыкметна перамагае, а пасьля памірае з кнігай у руках. Сьмерць становіцца кульмінацыяй яго жыцьця. Для людзей, якія прачыталі «Стоўнэра», думка пра сьмерць становіцца менш жахлівай. Але ў чым жа магія раману, якая прымушае перачытваць яго два, а то і тры разы запар? Зусім незразумела. Такі сакрэт ня проста добрых, а вялікіх кніг.

«Дзяўчыны» Эмы Клайн. Дэбют 27-гадовай пісьменьніцы, які ўразіў сваёй сталасьцю, навеяны крывавай гісторыяй банды Мэнсана, якая лютавала ў Каліфорніі ў 1969 годзе. Гераіня кнігі Эві Бойд паўстае перад намі ў двух часавых пластах. У першым ёй чатырнаццаць. Эві — дзяўчынка, не ўпэўненая ў сабе: «Часам мне да таго хацелася, каб да мяне дакрануліся, што гэтае жаданьне выcкрабала мяне знутры». У другім пласьце раману ёй каля сарака пяці. Яна ў глыбокай дэпрэсіі. Яна ня можа быць «як усе», таму што — хай нядоўга — жыла не як усе, у бандзе Расэла. І калі юнай Эві трэба, каб яе заўважылі, палюбілі, прынялі, то немаладой — каб яе не заўважалі.

Чырвоная нітка ў абодвух часовых пластах — адзінота

Чырвоная нітка ў абодвух часовых пластах — адзінота. Дзяўчынка ў чатырнаццаць рвецца на часткі: яна адчувае сябе пустым месцам і пры тым прагне быць каханай, «сваёй». Хай не для ўсіх — для нейкіх асаблівых, выдатных людзей. Такімі для Эві сталі абкураныя дзяўчыны ў брудных сукенках. Дзяўчыны, чые нямытыя рукі ўпрыгожваюць плястыкавыя і касьцяныя колцы. Іх растрапаныя валасы ўзьлятаюць на ветры, калі яны падарожнічаюць па горадзе ў фарбаваным у чорны колер школьным аўтобусе… Яны корпаюцца ў сьмецьцевых баках у пошуках спажытку сабе, Расэлу і народжаным ад яго дзецям. Яны крадуць. Яны п’юць, прымаюць наркотыкі і да ўпаду скачуць у дзень сонцастаяньня…

Дарослая Эві ня можа выбудаваць адносіны з людзьмі. З мужчынамі: яна наглядзелася на мужчын. Яна жыве без сябровак, ведаючы, да чаго можа прывесьці дружба — да масавых забойстваў. Але самы вялікі жах у тым, што яна бачыць: гісторыя сэкты Расэла перастала быць расповедам аб кашмары, а стала цікавай «фішкай» для моладзі. І новыя дзяўчынкі, як і тыя, ранейшыя, прагнуць быць любімымі, а таму зноў і зноў, як матылі, лятуць на агонь, падпарадкоўваючы сябе волі нікчэмнасьцяў.

Захаваны інварыянт, але пераклад надае асобасную інтэрпрэтацыю

«Галасы ўтопіі» Сьвятланы Алексіевіч у перакладах на беларускую мову: Валянціна Акудовіча («У вайны не жаночы твар»), Барыса Пятровіча («Апошнія сьведкі») Андрэя Хадановіча («Цынкавыя хлопчыкі»), Уладзімера Арлова («Чарнобыльская малітва») і Сяргея Дубаўца («Час сэканд-хэнд»). Тут гаворка ідзе ўжо не пра тэксты, якія я чытала на расейскай, але пра выдатныя пераклады, дзякуючы якім кніга засталася той жа, але і стала крыху іншай, узбагачанай яшчэ пяцьцю аўтарскімі стылямі. Як некалі казаў Васіль Быкаў, калі ён перакладаў сваю кнігу на расейскую, ён кожны раз пісаў іншую кнігу. Вось тут падобная сытуацыя: захаваны інварыянт, але пераклад надае асобасную інтэрпрэтацыю. І такіх інтэрпрэтацый тут пяць! Раю прачытаць усім.

Літанкета Свабоды: Юлія Чарняўская

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Часьцей рэцэнзіі ад паважаных мною крытыкаў і водгукі кнігааматараў, у якіх ёсьць літаратурны густ. Што датычыцца прэмій, то намінант мне часта здаецца цікавейшы за ляўрэата.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Багата цікавых рэчаў я знайшла ў выдатнай кнізе Рона Ашэра «Лісты да ўвагі: калекцыя лістоў легендарных людзей». Кніга складаецца з лістоў самых розных людзей — вядомых і безыменных, нашых сучасьнікаў і даўно памерлых — ад невядомай кітаянкі сярэднявечча, якая паклала ліст у пахавальню мужа, — да ліста абуранага Курта Вонэгута, зь якім ён зьвярнуўся да дырэктара адной са школ ЗША (той дырэктар загадаў спаліць кнігі Вонэгута на школьным двары); ад ліста дзяўчынкі Грэйс Бэдэл Лінкольну, дзе яна заклікае яго адпусьціць бакенбарды, — да ліста, дзе вынаходнік ДНК распавядае пра яго структуру малалетняму сыну. Да кожнага ліста прыкладаецца камэнтар, а таксама факсіміле, фота і ілюстрацыі. Чытаць і разглядаць гэтую кнігу можна бясконца.

Невядомая гісторыя каханьня ў паштовым рамане вялікага сэміёляга Юрыя Лотмана і Фаіны Сонкіной. Цалкам нечаканы вобраз Лотмана. Гісторыя каханьня даўжынёй у жыцьцё людзей, чыёй галоўнай мэтай было — ня раніць сваімі пачуцьцямі нікога зь іх блізкіх (Фаіна Сонкіна «Юрый Лотман ў маім жыцьці: Успаміны. Дзёньнікі. Лісты»).

Шмат нечаканых супастаўленьняў і фактаў з жыцьця Менску (літаральна па датах) у кнізе Аляксандра Лукашука «Освальд у Менску». Мне было цікава, тым больш некалькі зь іх датычаць і маёй сям’і.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Напэўна, асноўны масіў сусьветнай клясыкі я прачытала ў дзяцінстве і юнацтве. Таму зноў скажу пра таленавіты пераклад. Я маю на ўвазе «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала ў перакладзе Веры Бурлак. Гэта тонкая і карпатлівая праца — і пры ўсім гэтым у ёй шмат гульні, магіі і хуліганства (у лепшым сэнсе гэтага слова), як, зрэшты, і ў арыгінале.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Ня буду казаць пра айчынных аўтараў. Амаль з усімі я так ці інакш знаёмая і не хачу нікога пакрыўдзіць, калі выпадкова забуду згадаць. Я спынюся на вялікіх формах, таму што паэтаў, напрыклад, магу пералічваць бясконца. Я вельмі люблю Жазэ Сарамагу і Маркеса (нягледзячы на тое, што яны памерлі, але яны ўсё роўна мае сучасьнікі), Майкла Канінгэма, Мілана Кундэру (больш раньнія рэчы, напісаныя па-чэску), Міхала Вівэга, Кэндзабура Оэ, Эліс Манро, Пэра Улафа Энквіста, Кадзуа Ісігуру (задоўга да атрыманьня ім Нобэлеўскай прэміі), Хадльгрымюра Хельгасана, раньнія рэчы Франзэна і Фоера (выключаючы дзьве апошнія кнігі), Тэю Обрэхт (праўда, акрамя рамана «Жонка тыгра» мне больш не траплялася яе кніг), Этгара Кэрэта. З блізкага замежжа — Лену Элтанг, Марыям Петрасян, Яўгена Вадалазкіна, Барыса Мінаева. З постсавецкіх эмігрантаў — Пятра Вайля і Аляксандра Геніса, Міхаіла Шышкіна, Алену Бачарышвілі, Марыну Палей (апошнюю — з агаворкамі). Ня ведаю, ці можна лічыць сучасным аўтарам Сяргея Даўлатава, я лічу. Як Лема і Стругацкіх, Багуміла Грабала і Башэвіса Зінгера. І гэта толькі частка — наўскідку! Вельмі люблю мэмуарную літаратуру.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Такіх кніг ўсё менш: ці то нешта ўва мне зьмянілася, ці то пісаць інакш сталі. Памятаю, што і расчулілася, і пасьмяялася з кнігі Аляксандра Геніса «Зваротны адрас». Але ўсё ж гэта, на мой погляд, цень мінулага Геніса.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Такіх кніг таксама ўсё менш. Ну вось якраз над «Стоўнэрам»: у ёй няма нічога мэлядраматычнага, але часам плачаш проста ад захапленьня, ад чысьціні стылю. Часьцей плачу над тым, што перачытваю. Бывае — над вершамі.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

«Лісты да Веры» Набокава.

Сьвятлана Алексіевіч і два рускія сьветы

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Фэнтэзі. Зрэшты, калі Пратчэт — гэта фэнтэзі (у чым ёсьць сумневы), то яго часам чытаю. Дарэчы, гэта аўтар, які можа мяне расьсьмяшыць.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі?

Звычайна чытаю перш у электроннай кніжцы, але калі нешта спадабалася, стараюся купіць і перачытаць ў папяровым варыянце. Люблю, вядома, папяровыя кнігі, але электронныя вельмі зручныя.

Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Звычайна некалькі. Напрыклад, днём навуковую або філязофскую, а перад сном мастацкую. Часам навуковых кніг чытаю адразу некалькі, мастацкую ж — толькі адну.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Адносна. У мяне ёсьць кніжныя шафы ці палічкі з клясыкай, з замежнай літаратурай (асобна — блізкага і далёкага замежжа), з айчыннай літаратурай, з культуралёгіяй, сацыялёгіяй і філязофіяй, з этналёгіяй і антрапалёгіяй, з мэмуарамі, альбомамі і з паэзіяй. Так што кнігі расстаўленыя па рубрыках. Але у якім шэрагу знаходзіцца тая ці іншая кніга, ведаю не заўсёды.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Усе гэтыя кнігі я забрала на лецішча. Стывен Кінг, напрыклад. Або ангельскія дэтэктыўныя раманы. Яшчэ — мэдычная літаратура: мае бацькі — лекары, я яе зь дзяцінства чытала.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

«Кант і качканос» Умбэрта Эка па-ангельску з дароўным надпісам ад аўтара.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Улюбёны — Атыкус Фінч з «Забіць перасьмешніка» Гарпэр Лі. Антыгераіня — Настасься Філіпаўна Дастаеўскага.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Маё дзяцінства пераважна складалася з чытаньня, і я рана пачала чытаць кнігі для больш дарослых і зусім дарослых. Тут я згадаю тое, што палюбіла да дванаццаці гадоў. Самая першая і галоўная кніга — дылёгія Льюіса Кэрала. Андэрсан (практычна ўвесь). П’есы Яўгена Шварца. «Пэпі Доўгаяпанчоха» Ліндгрэн. «Ня ў дужа добрай суполцы» Караленкі. «Дарога сыходзіць удалячынь» Аляксандры Бруштэйн. «Прыгоды Гэклбэры Фіна» Марка Твэна. «Забіць перасьмешніка» Гарпэр Лі. «Маленькі прынц» Экзюпэры. «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» Баха. «Над прорвай у жыце» Сэлінджэра. «Марсіянскія хронікі», «451 градус паводле Фарэнгейта» і «Віно з дзьмухаўцоў» Брэдбэры. «Спроба ўцёкаў» Стругацкіх.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Калі мастацкую — тады «Ўсю каралеўскую раць» Р. П. Ўорэна. Калі нон-фікшн — то «Час сэканд-хэнд» Сьвятланы Алексіевіч.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

З радасьцю прысутнічала б пры размове Сэрвантэса, Шарля дэ Кастэра і Суіфта.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Спадзяюся, маім біёграфам — прынамсі, для маіх унукаў і праўнукаў — будзе мая дачка Жэня.

Што вы перачытваеце?

Чаго я толькі не перачытваю! Часта паэзію або мэмуары. Шэксьпіра. Сэрвантэса раз у некалькі гадоў. Вірджынію Вулф. Пруста. Гогаля. Чэхава. Раз у дзесяць гадоў прыкладна — «Вайну і мір». Маркеса. Сарамагу — «Эвангельле ад Ісуса» і «Перабоі ў сьмерці» чытала разы па тры. Эсэ і запіскі Лідзіі Гінзбург. Нядаўна перачытала ўсяго Васіля Быкава: сьцяміла, што калізіі ў памяці трымаюцца, а экзыстэнцыйны пасыл за гады сьціраецца.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

«Адна гісторыя» Джуліяна Барнса, «Нора Вэбстэр» Колма Тойбіна, «Уявіце шэсьць дзяўчынак» Лоры Томпсан (нон-фікшн аб знакамітых сёстрах Мітфард), «Не нашкодзь. Гісторыі пра жыцьцё, сьмерці і нэйрахірургію» Генры Марша. І перачытаць «Аўстэрліц» Зэбальда.

Мы ўсё яшчэ ня выйшлі з андэрграўнду