Менск пакуль не плянуе прымаць новыя замежныя базы, але можа перагледзець рашэньне.
Беларусь не плянуе дазволіць Расеі разьмясьціць яе войскі на тэрыторыі краіны, аднак можа перагледзець сваю пазыцыю, калі, напрыклад, у Польшчы будзе пастаянна прысутнічаць амэрыканскі кантынгент, заявіў беларускі міністар замежных справаў Уладзімер Макей.
Падчас візыту ў Брусэль, які меў за мэту разьвіцьцё супрацоўніцтва з Эўразьвязам, Макей сказаў журналістам, што Менск хоча зьнізіць напружанасьць у рэгіёне і падтрымліваць добрыя дачыненьні як з Захадам, так і з Масквой.
Адказваючы на пытаньне аб тым, ці можа прапанова Польшчы аб разьмяшчэньні амэрыканскай базы прымусіць Беларусь перагледзець сваё рашэньне аб расейскай вайсковай прысутнасьці, Макей сказаў: «Я думаю, будзе нейкая рэакцыя на гэты намер разьмясьціць новую вайсковую авіябазу».
«На гэты момант мы не плянуем разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя замежныя вайсковыя базы, — працягнуў міністар. — Але, гледзячы ў будучыню, трэба ўлічваць крокі, якія будуць рабіць нашы суседзі».
Андрэй Паротнікаў: Гандаль аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх базаў аднаўляецца
На тэрыторыі Беларусі сёньня месьцяцца два расейскія вайсковыя аб’екты: Асобны радыётэхнічны вузел у Ганцавічах і 43-і вузел сувязі ў Вілейцы. Згодна зь беларуска-расейскім міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году яны разам зь зямельнымі ўчасткамі перададзеныя Расеі ў карыстаньне да 2020 году.
Расейскія вайсковыя аб'екты на тэрыторыі Беларусі
1 сьнежня 2017 году было апублікавана міжурадавае беларуска-расейскае пагадненьне аб сумесным тэхнічным забесьпячэньні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пазьней беларускі ўрад прыняў пастанову, у адпаведнасьці зь якой на тэрыторыі Беларусі адрамантуюць вайсковыя абʼекты, якія зьбіраюцца выкарыстоўваць вайскоўцы Расеі: аэрадромы, абʼекты радыёнавігацыі, інжынэрнай інфраструктуры, арсэналы, базы, склады, інфраструктура тылу.