Абвешчаная акцыя «Брукаванка памяці» да 30-годзьдзя адкрыцьця Курапатаў

Курапаты

Грамадзкая дырэкцыя народнага мэмарыялу «Курапаты» дала старт ініцыятыве «Брукаванка памяці».

На краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» распачаты збор ахвяраваньняў на будаўнічы матэрыял для будучай дарогі.

У Курапатах прайшоў мітынг супраць «рэстарацыі на костках». ФОТА, ВІДЭА

«Нізкае месца на ўваходзе ў Курапаты даўно патрабуе ўпарадкаваньня і стварэньня годнай брукаванкі, якая будзе весьці да асноўнага мэмарыялу. Праз тунэль пад кальцавой дарогай няма добрай пешаходнай дарогі, замест яе драўляныя насьцілы, слота і вечныя лужыны», — падкрэсьліваюць арганізатары кампаніі.

Дарога да народнага мэмарыялу патрабуе добраўпарадкаваньня

3 чэрвеня спаўняецца 30 гадоў ад моманту, калі ў газэце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога смерці». Гэтая падзея зрабіла кардынальны пералом у беларускай гісторыі канца 1980-х. Менавіта тады, у 1988 годзе, пачаліся масавыя шэсьці да Курапатаў.

Практычная справа

З дапамогай спэцыялістаў плянуецца зрабіць насып, адводы вады і якасную дарогу. Кожны неабыякавы беларус можа падтрымаць праект і набыць сымбалічныя камяні, якія затым стануць сапраўднымі ў агульнай народнай брукаванцы.

Усе працы будуць скончаныя да 28 кастрычніка, калі продзе традыцыйнае шэсьце на Дзяды — першая такая акцыя адбылася акурат 30 гадоў таму 30 кастрычніка 1988-га. Тады, неўзабаве пасьля стварэньня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, было задумана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. І менавіта на той акцыі быў упершыню ўзьняты бел-чырвона-белы сцяг у новай гісторыі Беларусі.

Курапаты — адно з многіх месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забітыя і пахаваныя ў ямах ахвяры рэпрэсій 1937-1941 гадоў. Па маштабах злачынства іх можна параўноўваць з Асвэнцымам і Бухэнвальдам. Там зьнішчана блізу 250 тысячаў нявінных людзей.

Традыцыйнае шэсьце на "Дзяды"

Нягледзячы на адсутнасьць дзяржаўнай падтрымкі, Унікальнасць і актуальнасць гэтага мемарыялу ў тым, неабыякавыя людзі самі стварылі Народны мэмарыял. За прамінулы час сфармаваўся сапраўдны валянтэрскі рух, на сабраныя ахвяраваньні вырабленыя і ўсталяваныя больш за 1000 крыжоў і іншых мэмарыяльных знакаў, праведзены сотні сумесных ўпарадкаваньняў тэрыторыі на дзясятках гектараў лесу.

Сымбалічная акцыя

3 чэрвеня і ў любы іншы дзень кожны наведнік народнага мэмарыялу «Курапаты» можа прынесьці свой мясцовы камень, які стане часткай агульнай «Брукаванкі памяці». І такім чынам плошча перад Крыжам Пакутаў, куды будзе весьці брукаванка, стане сымбалем жывой памяці.

Неабходнасць брукаванага шляху да мемарыялу насьпела даўно: падчас дажджоў наведваць Курапаты без гумовага абутку часам немагчыма. З улікам, што шэсце «Дзяды» сёлета адзначае 30 гадоў, ужо да восені рэальна зрабіць народнымі сіламі добрую дарогу, якая дазволіць бываць тут у любую пару году.

Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што акцыя стане сапраўды народнай традыцыяй прыходзіць у Курапаты і праз камяні ўшаноўваць памяць загінулых. «Курапаты сталі месцам жалю і захаваньня трагедый тысячаў беларусаў. Гэта месца надзеі, якое прымае сьлёзы і боль беларусаў, каб даць надзею на жыцьцё і далейшае змаганьне».

Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах, 2017 год

Грошы, якія застануцца пасьля адкрыцьця брукаванкі да восеньскага шэсьця на Дзяды, будуць выкарыстаныя на іншыя працы дзеля дагляду і добраўпарадкаваньня крыжоў. Гэтымі справамі ўжо 30 гадоў займаецца на валантэрскіх пачатках Грамадская дырэкцыя мэмарыялу.
Па выніках праекту будзе дадзена справаздача за выкарыстаньне кожнай сабранай капейкі.

У інтэрнэце на плятформе change.org ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая мае назву «Музэй сталінскіх рэпрэсій, а не „​кабак“​!».