Сьледзтва просіць арыштаваць падазраванага ў арганізацыі падрыхтоўкі да тэрарыстычнага акту — Барыса Львовіча Германа, гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на фэйсбук-старонцы Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева.
У прэс-службе суду «Украінскай праўдзе» пацьвердзілі, што гаворка ідзе аб падазраваным у арганізацыі замаху на Бабчанку.
Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.
30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы.
Украінскі адвакат Яўген Саладко назваў абвінавачаньні Барыса Германа ў арганізацыі замаху на забойства журналіста Аркадзя Бабчанка прыцягнутым за вушы.
Паводле Саладко, Герман -- выканаўчы дырэктар украінска-нямецкага супольнага прадпрыемства «Шмайсер», адзінага недзяржаўнага прадпрыемства па вытворчасьці зброі ва Ўкраіне. «Яно мае даўнія вытворчыя адносіны зь Міністэрствам абароны Ўкраіны, сам Барыс вядомы сваёй валянтэрскай дзейнасьцю для патрэб АТА», - напісаў адвакат на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.