Чытачка Скарынкіна: Кнігі прыходзяць неяк самі

Таня Скарынкіна

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца Таня Скарынкіна.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

У асноўным на польскай мове. Менавіта цяпер раман Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Прафэсар Вільчур». Паралельна «Бэзавы і чорны» Альгерда Бахарэвіча. Яна ў мяне даўно, але сяброўкі чыталі адна за адной. Ледзь дачакалася, пакуль вернецца ў рукі. «Танцы над горадам» Уладзімера Арлова. «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

«Фэрдыдурку» Вітальда Гамбровіча па-польску. Да гэтага чытала яе, можа, тройчы на расейскай мове ў часопісе «Замежная літаратура». Я, можна сказаць, і польскую пачала вывучаць, каб прачытаць «Фэрдыдурку» ў арыгінале.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Кнігі прыходзяць неяк самі. Часам вырашальную ролю ў выбары грае вокладка. Наогул іх столькі назьбіралася, што жыцьця ня хопіць прачытаць усе. Гэта пужае.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

У асноўным новыя словы. Дыялектныя. Ад Лукаша Калюгі напрыклад. З 500-старонкавай кнігі «Спадчына» бібліятэчнай. Але ніяк ня здам, бо стала кніга настольнай.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Сэй-Сёнагон «Записки у изголовья».

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Зь беларускіх пісьменьнікаў — празаік Альгерд Бахарэвіч; паэты — Валянціна Аксак, Сабіна Брыло, Дзьмітры Строцаў. З расейскіх паэтаў — Ігар Памяранцаў, Уладзімір Багамякаў, Дзіна Гаціна, Арсені Равінскі, Леанід Шваб, Марыя Сьцяпанава. З замежных пісьменьнікаў — Тацяна Талстая, Віктар Пялевін, Архан Памук, Кадзуа Ісігура, Амелі Натомб. З драматургаў — Юры Арабаў, Маруюс Івашкявічус.

Куцьця: абаранкі, балваны, сьліжыкі, чарнушка

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Другі том «Дон Кіхота».

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Калі чытала ўслых сябрам верш «Джо Дасэн» паэта з Рыгі Сяргея Цімафеева. Не сказаць, што плакала, але голас здрадніцкі дрыжаў у асобных месцах.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Раман «V» Томаса Пінчана, «Жэрміні Лясэртэ» братоў Ганкураў. Я ўжо некалькі разоў бралася за іх і кідала. Можа, справа ў перакладзе. Але па-француску ня ўмею, а па-ангельску слаба, на жаль.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Фэнтэзі і дэтэктывы.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі?

На паперы.

Адну кнігу ці некалькі паралельна?

Некалькі. Гэта зь дзяцінства яшчэ.

Раніцай ці вечарам?

І раніцай, і вечарам. Дакладней перад сном. І як прачнуся.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць?

Канечне.

Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ніяк. Яны на сваіх месцах стаяць.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Хіба што фотаальбом Крысьціны Гарсія Радэры «Акультная Іспанія».

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Казкі Андэрсэна.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Дзьмітры Карамазаў. Ён адначасова і тое, і іншае.

Бацькаў касьцюм, дзедаў пінжак

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве?

Ня тое слова.

Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

«Усё для ўсіх» — вершы польскіх паэтаў для дзяцей. «Русалачка» Ганса Крыстыяна Андэрсэна. «Востраў скарбаў» Робэрта Льюіса Стывэнсана. «Рабінзон Круза» Даніэла Дэфо. Джонатан Свіфт «Падарожжы Гулівера». Японскія казкі.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

«Маральныя лісты да Люцылія» Сэнэкі.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Хорхэ Луіса Борхэса. Льва Талстога. Ясунары Кавабату.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Карнея Чукоўскага.

Што вы перачытваеце?

Талстога «Ганну Карэніну», «Вайну і мір», «Хаджы Мурата». Дастаеўскага «Падлетка», «Братоў Карамазавых». Івана Буніна, Аляксея Рэмізава, Мікалая Ляскова, Джэка Лондана, Эрнэста Гэмінгуэя. Эрыха-Марыю Рэмарка з задавальненьнем перачытала «Трох таварышаў» па- беларуску. «Гульню шкляных пэрлаў» Германа Гесэ ў неверагодна складаным перакладзе Васіля Сёмухі. Дзёньнікі Сальвадора Далі і Міхаіла Прышвіна. «Над прорвай у жыце» Джэрома Сэлінджара. І яго ж апавяданьні зь любога месца. «Асновы дзэн-будызма» Дайсэцу Судзукі.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

«Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. «Камэнданцкі час для ластавак» Алены Брава. З-за назвы. Спадзяюся, што і кніга адпавядае загалоўку.

Не патрапіць у тройку Гедройця