Радыё Свабода пацікавілася ў гісторыка, журналіста і актывіста, як яны ставяцца да адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад Курапацкага мэмарыялу.
Кузьняцоў «Гэта проста правакацыя»
Дасьледчык палітычных рэпрэсій, гісторык, сябра працоўнай групы ў справе стварэньня мэмарыяльнага знаку ў Курапатах Ігар Кузьняцоў назваў «злачынствам» адкрыцьцё рэстарацыі каля Курапацкага мэмарыялу.
«Ніякіх апраўданьняў для ўладальнікаў гэтага комплексу няма. У 2012 годзе будоўля была завершана, і грамадзкасьць у час гэтага ня ўгледзела. Толькі пасьля пачалася кампанія супраць „Бульбаш-хола“, якая цягнулася 6 гадоў. На гэты час удалося прыпыніць. І вось 3 чэрвеня будзе 30 год адкрыцьцю Курапатаў, а 1 чэрвеня плянуецца адкрыцьцё забаўляльнага комплексу. Гэта што, замест мэмарыялу, пра які казала дзяржава? Гэта проста правакацыя», — лічыць Кузьняцоў.
У лютым 2017 года абаронцам Курапатаў удалося спыніць будаўніцтва бізнэс-цэнтру каля ўрочышча. Быў праведзены круглы стол, дзе абмяркоўвалася пытаньне аб увекавечваньні памяці рэпрэсаваных. Паўстала працоўная група пад кіраўніцтвам тагачаснага галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» Паўла Якубовіча.
«Я ўваходзіў у склад гэтай працоўнай групы, якая зьбіралася апошні раз у красавіку мінулага году. Цяпер гэты працэс зноў нібыта спыніўся», — кажа Кузьняцоў.
Гісторык паведаміў, што 30 сакавіка сустракаўся з кіраўніцай адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай. Ён быў разам з 89-гадовым Уладзімерам Мазанікам, чыйго бацьку расстралялі ў 1941 годзе. Спадар Мазанік цягам чатырох гадоў прайшоў усе інстанцыі з просьбай усталяваць у Менску памятны знак усім рэпрэсаваным.
Качанава сказала, што мэмарыялізацыю Курапат трэба завяршыць у гэтым годзе
«Сустрэча цягнулася амаль гадзіну. Натуральна, што тэма Курапатаў была адна з асноўных. Хаця „Бульбаш-хол“ не абмяркоўваўся, бо стаяў закансэрваваны. Кіраўніца адміністрацыі даручыла чыноўнікам, якія прысутнічалі, на наступны дзень сабраць працоўную групу і сказала, што мэмарыялізацыю Курапат трэба завяршыць у гэтым годзе да надыходу горшага надвор’я, — рассказаў Ігар Кузьняцоў. — Прайшлі два месяцы, але ніякай працоўнай групы ня склікана. На пачатку траўня на сустрэчы з прэсай Лукашэнка заяўляе, што трэба апэратыўна вырашыць пытаньне мэмарыялізацыі. І што мы бачым?»
Паводле Кузьняцова, трэба прымаць меры да тых «нелюдзяў, якія не разумеюць розьніцы паміж месцам пахаваньня і рэстаранам».
Якубовіч: «Як-небудзь потым»
Былы галоўны рэдактар газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч, які ачольвае працоўную групу ў справе стварэньня мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, сказаў Свабодзе, што не дае ніякіх інтэрвію і камэнтароў, бо захварэў і яму цяжка гаварыць.
"Як-небудзь потым«, — сказаў Павал Якубовіч.
Дашкевіч: «Правільна — выйсьці і сказаць „Не!“»
Былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які быў адным з арганізатараў леташняй абароны Курапатаў, сказаў Свабодзе, што сытуацыя з адкрыцьцём рэстарацыі «Поедем поедим» вельмі яскрава паказвае тое, як насамрэч дзяржава турбуецца тэмай Курапатаў.
«Пасьля абароны Курапатаў 2017 году мы вельмі шмат чулі з вуснаў чыноўнікаў, у тым ліку Лукашэнкі, пра тое, што гэта Курапаты, трэба мэмарыял, трэба абараніць, дэпалітызаваць. І вось адкрыцьцё забаўляльнага цэнтру якраз сьведчыць пра тое, чым ёсьць Курапаты для дзяржавы», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
На пытаньне, ці ўдасца дамагчыся таго, каб рэстарацыя не запрацавала, Зьміцер Дашкевіч сказаў, што «ня трэба разважаць, што атрымаецца — гэта нават шкодна».
«Калі шэсьць маладафронтаўцаў у 2017 годзе выйшлі і паставілі намёт, мы не разважалі, што атрымаецца. Мы для сябе адказвалі на іншае пытаньне: што правільна, што праведна перад Божым абліччам зрабіць, калі будуецца офіс і забаўляльныя цэнтры на месцы масавых расстрэлаў, у Курапатах, якія сымбалізуюць генацыд беларускага народу.
Калі шэсьць маладафронтаўцаў у 2017 годзе выйшлі і паставілі намёт, мы не разважалі, што атрымаецца
Таму мы вырашаем, што правільна зрабіць. Правільна — выйсьці і сказаць „Не!“. Кожны чалавек няхай вызначыцца, у якой форме ён можа сказаць „не“ злачынству», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
«Гэта ня бізнэс, а палітычная замова»
Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты, адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі мяркуе, што бізнэсу ва ўладальнікаў комплексу ня будзе.
«Ёсьць розныя мэханізмы, як спыніць гэтую туфту, калі гэта бізнэс. Думаю, яны ўжо панесьлі калясальныя страты, калі ўлезьлі ў сьвятое месца са сваім бардэлем. Цяпер будуць уключаныя розныя мэханізмы, калі гэта чыста эканамічны праект. Але я ў гэта ня веру, бо гэта палітычная замова. Такі падарунак цынічна зрабіць пад 30-годзьдзе адкрыцьця Курапатаў!».
Алесь Чахольскі заклікаў абаронцаў Курапатаў «спакойна рабіць супраціў».
«Ужо гучаць розныя меркаваньні, што трэба з гэтым зрабіць. Я заклікаю ўсіх удзельнікаў пратэстаў да абачлівасьці, трэба быць разумнымі. Але тое, што мы пераможам у гэтым змаганьні, няма ніякага сумневу».
Алесь Чахольскі зьвяртае ўвагу, што пакуль дакладна невядома, каму належыць забаўляльны комплекс.
«Гэта цёмны лес, усё хаваецца, канцы ў ваду. І куды гэтыя канцы могуць прывесьці, пакуль невядома. І калі стане вядома, то будзе зразумела, што за гэтым паскудзтвам стаіць».
Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты заклікаў прыйсьці на мітынг 3 чэрвеня.
«Гэта вельмі важна. Запрашаем усіх людзей, усю Беларусь прыехаць і паказаць, што мы нацыя, народ, і што мы памятаем і не дапусьцім больш такіх рэчаў», — сказаў ён.
«На костках зробілі кабак». Акцыя пратэсту супраць адкрыцьця рэстарацыі ў Курапатах. ФОТА
30 траўня ў Менску абаронцы Курапатаў правялі экстраную нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“». Яны вызначылі плян дзеяньняў на найбліжэйшыя дні. 1 чэрвеня актывісты зьбіраюцца пікетаваць новую рэстарацыю, а 3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, прысьвечаны 30-годзьдзю адкрыцьця праўды пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек.
У інтэрнэце на плятформе change.org ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая мае назву «Музэй сталінскіх рэпрэсій, а не „кабак“!».
31 траўня некалькі актывістаў правялі пэрфоманс насупраць будынка забаўляльнага цэнтру, раней вядомага як «Бульбаш-хол», дзе плянуецца адкрыцьцё рэстарацыі «Поедем поедим». Па сканчэньні акцыі адну з удзельніц Вольгу Мікалайчык затрымалі людзі ў цывільным.
Як зьявіўся «Бульбаш-хол»
Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зонуКурапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.
Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.
Асноўнае пра Курапаты
Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».
16 лютага 2017 году грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.
Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.
Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.