Найлепшы трэнэр году паводле ФІФА пакідае свой клюб

Зынэдын Зыдан пакідае пасаду галоўнага трэнэра мадрыдзкага «Рэала», якую займаў са студзеня 2016 года. Пра гэта ён заявіў у чацьвер на прэс-канфэрэнцыі. Сваё рашэньне француз патлумачыў тым, што мае патрэбу ў пераменах і новай мэтодыцы работы.

За час, пакуль Зыдан трэніраваў «Рэал», каманда выйграла Лігу Чэмпіёнаў тры разы запар, а таксама атрымала перамогу ў Чэмпіянаце Гішпаніі.

Летась у кастрычніку Зыдан атрымаў прэмію ФІФА The Best у намінацыі «Найлепшы трэнэр года». Ён стаў першым у гісторыі футбалістам, якому ўдалося за сваю кар’еру стаць найлепшым у сьвеце і як гулец, і як трэнэр.