Беларускі сайт «Хартыя-97» афіцыйна заблякавалі ў Расеі

Тытульная старонка сайта "Хартыя-97", заблякаванага ў Беларусі, за 24 студзеня 2018 году

Беларускі сайт Charter97.org заблякаваны ў Расеі паводле рашэньня Генэральнай пракуратуры РФ. Пра гэта паведамілі ў Раскамнаглядзе.

Чытач з Калінінграду Алег Савін зьвярнуўся ў Раскамнагляд з просьбай патлумачыць, чаму на тэрыторыі Расеі ўзьніклі праблемы з доступам да сайта «Хартыя-97», паведамляе Charter97.org.

Сёньня Алег Савін атрымаў адказ з Упраўленьня Фэдэральнай службы па наглядзе ў сфэры сувязі, інфармацыйных тэхналёгій і масавых камунікацый па Калінінградзкай вобласьці, у якім гаворыцца:

«IP-адрас 18.197.98.191, на якім паводле зьвестак, атрыманых з сайта 2ip.ru, разьмешчаны інтэрнэт-рэсурс charter97.org, унесены ў „Адзіны рэестар дамэнных імёнаў, паказальнікаў старонак-сайтаў у інфармацыйнай тэлекамунікацыйнай сетцы „Інтэрнэт“ і сеткавых адрасоў, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць сайты, што зьмяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой у Расейскай Фэдэрацыі забаронены“ на падставе патрабаваньня Генэральнай пракуратуры ад 16.04.2018».

24 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі без папярэдняга паведамленьня выдала распараджэньне заблякаваць у Беларусі сайт Charter97.org.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай блякаваньня «Хартыі» сталі публікацыі, якія могуць «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», артыкулы з пазначэньнем даты і месца яшчэ не дазволеных акцый пратэсту і распаўсюд інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Як казала Свабодзе сузаснавальніца «Беларускага партызана» Сьвятлана Калінкіна, адміністрацыі канкрэтных прычын блякаваньня сайту не растлумачылі: невядома, ці справа ў нейкай навіне, ці ў нейкім камэнтары — проста нейкае «парушэньне закону».

19 красавіка 2018 году Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія павялічваюць кантроль дзяржавы за мэдыяпрасторай і інтэрнэтам у Беларусі.

«Адбываецца канчатковая зачыстка свабоды слова ў Беларусі». Натальля Радзіна пра блякаваньне сайту «Хартыя-97»

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць «Хартыю» і «Партызан»