Паводле плошчы мэліяраваных зямель Беларусь займае шостае месца ў сьвеце. Пра гэта 31 траўня паведаміў загадчык сэктару Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Іван Лазоўскі.
Мэліяраваныя землі складаюць 33% агульных сельскагаспадарчых угодзьдзяў Беларусі. Наперадзе Вялікая Брытанія (80%), Кітай (55%), Нямеччына (45%), ЗША (39%), Індыя (36%).
На балоты — лічбавую эканоміку
Паводле дырэктара Інстытуту мэліярацыі Мікалая Вахоніна, праводзіць працу ў мэліярацыі стала складаней, калі параўноўваць з савецкімі часамі. Тады паліва каштавала «капейкі, і таму можна было пераварочваць горы зямлі».
Цяпер становішча зьмянілася. Галоўным стала беспамылковае вызначэньне месцаў, дзе трэба рабіць асушэньне альбо ўвільгатненьне глебы ў першую чаргу. Для гэтага навукоўцы і распрацавалі адмысловае дыягнастычнае абсталяваньне. Яно дазваляе дыягназаваць дрэнаж з запісам дадзеных на кампутар і вырабам адмысловых здымкаў.
Яшчэ беларускія навукоўцы падрыхтавалі новыя канструкцыі з плястмасы, якія замяняюць жалезабэтон і азбэст. Гэта, паводле іх, дазволіць зэканоміць да 100 даляраў на адным гектары.
Супрацы з Расеяй не атрымліваецца
Два гады таму, падзяліўся Іван Лазоўскі, беларускія мэліяратары запрасілі да сябе расейскіх калег.
«Мы ім усё паказалі. Ім гэта спадабалася. Аднак далей за размовы справа не пасоўваецца», — сказаў чыноўнік.
Ягоныя словы пацьвердзіў і Мікалай Вахонін.
«Паглядзіце, колькі зямлі ў Расеі, і колькі ў нас. А мэліяраваныя плошчы ў нас зь імі сувымерныя. Паперы пішуцца. А грошай расейцы ня маюць. Таму няма і супольных праектаў», — сказаў ён.