Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва заклікала ўрад адмяніць конкурс на права перавозак пасажыраў і ўзаконіць дыспэтчарскія службы маршрутчыкаў.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловым лісьце, які рада за подпісам свайго старшыні Аляксандра Турчына накіравала ў Савет міністраў.
У лісьце прапануецца распрацаваць праект адмысловага прэзыдэнцкага дэкрэту, які прадугледжвае больш лібэральныя ўмовы для працы міжгародніх пасажырскіх перавозчыкаў.
Гэта неабходна «для стварэньня празрыстых і канкурэнтных умоў дзейнасьці на рынку».
Рада прапануе ўключыць у праект дэкрэту:
- адмену конкурсу на права выкананьня аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах;
- заяўны парадак атрыманьня права на выкананьне аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах;
- функцыянаваньне «дыспэтчарскіх службаў» з вызначэньнем іх прававога статусу, правоў, абавязкаў і адказнасьці;
- вычарпальны пералік патрабаваньняў да аўтамабільных перавозчыкаў;
- вычарпальны пералік умоў спыненьня заказчыкам (апэратарам) дамоўных адносін з аўтамабільным перавозчыкам;
- адказнасьць аўтамабільнага перавозчыка і дыспэтчарскай службы за арганізацыю аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах;
- спрашчэньне працэдуры фармаваньня маршрутаў аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах на пэўнай тэрыторыі, распрацоўку і вядзеньне пашпартоў маршруту;
- парадак арганізацыі так званых сацыяльных (нерэнтабэльных) маршрутаў, уключаючы аспэкты датаваньня і г.д.;
- аднолькавыя падыходы па фармаваньні цэнаў (тарыфаў) на паслугі пасажырскіх тэрміналаў, забарона на навязваньне дадатковых паслуг для перавозчыкаў з боку тэрміналаў;
- меры адказнасьці фізычных і юрыдычных асоб, якія ажыцьцяўляюць аўтамабільныя перавозкі пасажыраў з парушэньнямі ўстаноўленых патрабаваньняў.
Паводле рады, праблемы ў сфэры аўтамабільных перавозак пасажыраў паўсталі пасьля ўступленьня ў сілу з 23 студзеня 2018 году зьменаў у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», якія «істотна трансфармавалі падыходы да вызначэньня і рэгуляваньня аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных і нерэгулярных зносінах».
Як гаворыцца ў лісьце, магчымасьці перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах «рэзка скараціліся». А прымальных умоў для пераходу субʼектаў зь нерэгулярных у рэгулярныя зносіны не было створана.
«У выніку асноўная частка ўдзельнікаў рынку, якія працуюць у нерэгулярных зносінах, апынуліся па-за прававым полем, што прывяло да ўзьнікненьня напружанасьці ня толькі ў асяродзьдзі аўтаперавозчыкаў, але і сярод спажыўцоў іх паслуг, паколькі частка маршрутаў часова аказаліся закрытымі», — адзначае Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва.
Паводле ліста Рады, цяпер рынак рэгулярных перавозак жорстка рэглямэнтаваны, а гэта вядзе да сурʼёзных выдаткаў на адміністраваньне працэдур. Адначасова створаныя ўмовы для мінімізацыі канкурэнцыі, бо дагаворы на перавозкі заключаюцца тэрмінам на пяць гадоў з магчымасьцю пралянгаваньня на такі ж пэрыяд бяз конкурсу.
«Гэта былі фэйкавыя навіны»
Раней Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі вынесла на грамадзкае абмеркаваньне ўласны праект прэзыдэнцкага ўказу «Аб некаторых пытаньнях ажыцьцяўленьня міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў».
У дакумэнце гаварылася, што юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць выконваць міжгароднія ўнутрыабласныя і міжабласныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах без правядзеньня конкурсу да 31 сьнежня 2018 году. Аднак самі маршрутчыкі сказалі карэспандэнту Свабоды, што «гэта былі фэйкавыя навіны».
Пасьля крытыкі з боку Лукашэнкі звольнілі намесьніка міністра транспарту і камунікацый
Гісторыя пытаньня
23 студзеня 2018 году набыў сілу закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а 26 лютага — прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», якія істотна зьмянілі сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.
Аналіз працоўнай групы паказаў, што да ўступленьня ў сілу новага заканадаўства на рынку міжгародніх перавозак працавала больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх толькі 8–10 тысяч ад рэгулярных (у асноўным дзяржаўных) перавозчыкаў. Нерэгулярныя маршруткі рабілі ў 3–20 разоў болей рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі, чым рэгулярныя.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі, а значыць, ня мусілі выконваць цэлы шэраг умоваў ды патрабаваньняў.
Многія прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу. У некаторых гарадох Беларусі былі перабоі ў міжгароднім злучэньні, дзяржава пусьціла дадатковыя рэйсы.
«Мінтранс і рэгулярныя маршрутчыкі хочуць заблякаваць нерэгулярных»
Працоўная група прыйшла да наступных высноў:
- Праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
- У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даводзіла сваю нежыцьцяздольнасьць.
- Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія за 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.
- Закон «ня даў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў.
- Міністэрства транспарту і камунікацый спрабавала «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовае да рэалізацыі закону.
Тысячы беларусаў выказаліся ў падтрымку прыватных маршрутак
Маршрутачны крызіс выклікаў абурэньне многіх жыхароў Беларусі.
Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках». Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 11 тысяч чалавек.
Па выніках сходу ўладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак 29 сакавіка ў Менску яго ўдзельнікі аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта 81 тысячу подпісаў беларусаў з патрабаваньнем пакінуць для прыватных маршрутак ранейшыя ўмовы працы.