Чытач Шчур: Імкнуся пазьбягаць маскульту

Макс Шчур

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Макс Шчур.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

«Roland Barthes o Rolandu Barthesovi» — знакаміты літаратуразнавец і сэміётык спрабуе крытычна азірнуцца на ўласны даробак і паспрабаваць зразумець сябе самога. У выніку ўзьнікла кніга, бадай, найменей зразумелая для чытачоў з усяго, напісанага аўтарам. Але і тут Барт застаецца сапраўдным паэтам эсэістыкі, у ХХ ст. яму фактычна няма роўных паводле элегантнасьці й глыбіні адначасова.

Kim Sakkat, «Collected Poetry» — клясык карэйскай «алькагольна-бадзяжніцкай» паэзіі 19 стагодзьдзя. Акурат дачытаў прадмову, зь якой зразумеў, што нічога ня ведаў пра карэйскую гісторыю.

André Bazin, «What is Cinema?» — найбольш важная кніга ХХ ст. пра кіно, складзеная з эсэ галоўнага тэарэтыка францускай «новай хвалі» Андрэ Базэна (1918–1958). Дзякуючы ягонай нечуванай эрудыцыі можна шмат даведацца ў тым ліку пра літаратуру і тэатар.

H. P. Lovecraft, «The Lurking Fear» — зборнік апавяданьняў. Я ня надта люблю Лаўкрафта, лічу яго толькі таленавітым імітатарам Э. А. По; аднак ягоная манерная, архаічная ангельская мова — чыстая асалода.

«Základní texty východních náboženství: čínský, korejský a japonský buddhismus» — гэткі аналяг бібліі для дзэн-буддыста.

І многія іншыя. :)

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Petr Král, «Konec imaginárna» — фундамэнтальны зборнік эсэ пра паэзію, сюррэалізм і кіно, напісаных адным з найлепшых чэскіх паэтаў сучаснасьці ў 1970—1990 гг. Пераклад эсэ «Ўсе ў Стамбул» неўзабаве зьявіцца на сайце litrazh.org.

З прозы — George Orwell, «Down and Out in Paris and London» (1933). Гэтая раньняя кніга Оруэла менш вядомая за ягоныя ўспаміны пра гішпанскую грамадзянскую вайну ці пазьнейшыя раманы, — прынамсі, я дагэтуль пра яе ня чуў, — а шкада, бо ў сваім жанры яна стаіць у адным шэрагу з «Рухомым сьвятам» Гэмінгуэя і «Тропікам рака» Мілера. Два разьдзелы ў маім перакладзе можна прачытаць у віртуальным часопісе «ЛітРАЖ».

Таксама — Alejandro Zambra, «La vida privada de los árboles». Даведаўся пра гэтага маладога чылійскага аўтара, прачытаўшы ўрывак ангельскага перакладу ягонай кнігі ў The Harper’s Magazine. Выдатны празаік, кніжку прачытаў за дзень — пачатак ужо зьявіўся на «ЛітРАЖы».

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Інтуіцыя («густ»), папярэднія веды, зрэдку — хутка прачытаная старонка-дзьве. Рэцэнзіям і парадам веру не зусім (шмат залежыць ад таго, хто рэцэнзуе і хто раіць), прэміям — зусім ня веру.

«Гляджу, што і як пішуць беларусы ў інтэрнэце — і ў мяне мала жаданьня вяртацца ў Беларусь»

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Што будызм паўплываў на грэцкую філязофію, а грэцкае мастацтва — на індыйскае. Я заўжды цікавіўся будызмам, але глыбей пачаў капаць толькі год таму — таму, напэўна, і ня ведаў гэтага падставовага факту. Дзякуй Эгану Бонды, які прасьвяціў мяне ў сваёй кнізе «Буда» (1968 г.).

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Сокі цаліны» Гартнага, «Сэрца на далоні» Шамякіна, «У тумане» Быкава. Гэта тое, што прыходзіць у галаву найперш. Іншамоўных клясыкаў-раманістаў я апошнім часам неяк амаль пазьбягаю — усё адно іх усіх за жыцьцё не агораць.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

З сучасных збольшага люблю і цаню жывых людзей, зь якімі, на шчасьце, знаёмы асабіста. Некаторыя зь іх, што праўда, пішуць. Але маё стаўленьне, можна сказаць, ад гэтага не залежыць. Калі ўжо трэба любіць і цаніць кагосьці з сучасных апрача іх, то Ўэльбэка.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

«Сёмая функцыя мовы» Лярана Бінэ. Раман маладога ляўрэата Ганкураўскай прэміі (нар. у 1972 г.) зроблены «пад дэтэктыў», які пачынаецца акурат з загадкавай сьмерці Раляна Барта ў 1980 г. Галоўныя героі — інтэлектуалы-постмадэрністы Мішэль Фуко, Юлія Крыстэва, Жак Дэрыда, Жыль Дэлёз, Умбэрто Эко, Філіп Салерс, Раман Якабсон. Для тых, хто знаёмы зь іхным даробкам, раман — невычэрпная крыніца весялосьці.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Над вершам Эліята «Марына». Выбранае зь вершаў Эліята, у тым ліку ў маіх перакладах, рыхтуецца цяпер да выданьня ў сэрыі «Паэты плянэты», выдавец Зьміцер Колас.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Кундэра, «Вальс на разьвітаньне» і «Кніга сьмеху і забыцьця». Абедзьве расчаравалі, а другая яшчэ і раззлавала. У параўнаньні з папярэднімі раманамі Кундэры, «Жарт» і «Жыцьцё ня тут», гэтыя дзьве кнігі, «Вальс» і «Кніга сьмеху» — найгоршае з таго, што стварыў гэты значны і таленавіты аўтар. Другая — папросту падручнік па тым, як ня трэба пісаць раманы. На жаль, так пішуць усё болей, у тым ліку ў нас.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Навуковую фантастыку, фэнтэзі, дэтэктывы, гістарычныя раманы, жаночыя раманы. Лічу ўсё гэта сродкам забіцьця часу, а мне часу шкада. Наагул, імкнуся пазьбягаць маскульту, як і таго, што сёньня ў мэдыях прапагандуюць як добрую літаратуру. «Усяго толькі літаратура» мяне ніколі асабліва не цікавіла, а апошнім часам не цікавіць зусім: гэта для мяне (за рэдкімі выключэньнямі) надта лёгкае чытво і яшчэ лягчэйшае пісьмо. Калі некаму гэта здасца праявай майго снабізму — на здароўе. На маю думку, раней мастацкая літаратура (бэлетрыстыка) дапамагала чытачам думаць, сёньня яна ім думаць, па-мойму, хутчэй замінае. Яе аўтары яшчэ сяк-так вучацца пісаць, але зусім ужо ня вучацца думаць, чым адвучваюць ад мысьленьня і сваіх прыхільнікаў.

«Спачатку быў вельмі натхнёны, потым — вельмі расчараваны»

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Па-рознаму. Люблю на паперы, але і да чыталкі прызвычаіўся. Не люблю з кампутара, але ўсё болей чытаю менавіта так. Чытаю некалькі кніг паралельна: можна сказаць, кожнай гадзіне дня (то бок стану мазгоў у залежнасьці ад стомы, настрою, асяродку) адпавядае свая кніга.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Збольшага здагадваюся. Балазе, двухгадовая дачушка пакуль яшчэ ня надта дасьведчаная як бібліятэкар.

Упарадкоўваю кнігі паводле тэматыкі й моўнага паходжаньня аўтараў. У адным пакоі маю філязофію і паэзію, у другім — прозу і астатні нон-фікшн, дзякуючы гэтаму і арыентуюся.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

У мяне, бадай, амаль няма знаёмых, якіх моцна зьдзіўляюць кнігі… Магчыма, кнігі з аўтографамі? Я маю іх некалькі цікавых: Разумовіча-Хмары, Рыкёра, Борхэса.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Статут 1588 г. ад бабулі ў 1990 годзе. З таго часу — шмат іншых, ня горшых.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Аўтар/аўтарка. Вельмі рэдка аўтару ўдаецца стварыць жыцьцяздольнага, праўдзівага пэрсанажа, і ў бальшыні выпадкаў такія пэрсанажы — аўтабіяграфічныя. Словы аўтар і актор маюць агульнае паходжаньне, то бок аўтар — гэта свайго кшталту актор, які бярэ на сябе пэўную ролю (звычайна шэраг роляў) і выконвае яе (іх) з дапамогаю сродкаў мовы. Пераважная большасьць сучасных аўтараў, як на мяне, — досыць паганыя акторы, якія, да таго ж, зашмат на сябе бяруць. Моўная клаўнада — ня мой улюбёны жанр.

Макс Шчур на сустрэчы з паэткай Вальжынай Морт у Празе

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Мае любімыя дзіцячыя кнігі былі беларускія: «Ох і залатая табакерка», «Жаронцы», «З рога ўсяго многа», «Сядзіць мядзьведзь на калодзе», «Савось-распусьнік». І, перадусім, перакладная сэрыя пра славутых людзей мінуўшчыны: Ганібала, Жану д’Арк, Калюмба, Леанарда Да Вінчы, Галілея, Эдысана.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

«Вясёлы вулей» Р. Барадуліна.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Гамбровіча, Борхэса, Сэліна. Спадзяюся, яны пабіліся б. Борхэс, бадай, перамог бы ўсьляпую, адлупцаваўшы паляка з французам сваім кійком.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Нікога, кожны з нас сам сабе «біёграф».

Што вы перачытваеце?

Перачытваю рэдка — нядаўна перачытаў W. Burroughs, «Queer»; перад праскім выступам Вальжыны Морт перачытваў ейныя вершы. Але ёсьць кніжкі, якіх не плянуеш перачытваць, а зазірнеш — і ня можаш адарвацца. Такі, напрыклад, «Дзёньнік» Гамбровіча. Калі я яго перачытваю, то заўжды шкадую, што ўжо ніколі не прачытаю яго ўпершыню.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

На што мне цікавае натраплю. Ведаю хутчэй, чаго чытаць не пляную, нават у выпадку ўганараваньня некаторай з нашых шматлікіх прэмій — але nomina sunt odiosa.

«Мая аўдыторыя шырэйшая, чым тусоўкі вакол кнігарняў „Логвінаў“ і „Галіяфы“»