Беларускія сьледчыя зацікавіліся, як у Эстоніі вядуць «электронныя крымінальныя справы»

Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова расказала БелТА, што СК зацікавіўся эстонскім досьведам вядзеньня «электронных крымінальных справаў» — E-toimik.

Сыстэма E-toimik дазваляе ахвярам злачынства сачыць за ходам расьсьледаваньня праз інтэрнэт, падаваць электронныя позвы, правяраць гісторыю правапарушэньняў чалавека. Да часткі зьвестак сыстэмы доступ адкрыты любому грамадзяніну, а доступ да абмежаваных зьвестак зьдзяйсьняецца праз эстонскую ID-картку або мабільны ідэнтыфікатар асобы (mobiil-ID). Сыстэмай карыстаюцца як звычайныя грамадзяне, так і праваахоўнікі, юрысты і судзьдзі.

Паводле Юліі Ганчаровай, Эстонія стала першай дзяржавай Эўразьвязу, досьвед якой у аўтаматызаваных інфармацыйных сыстэмах вывучаюць беларускія сьледчыя. Стварэньне такой сыстэмы СК Беларусі вызначанае як адзін з прыярытэтаў дзейнасьці. Ці значыць вывучэньне E-toimik, што беларускія сьледчыя закупяць эстонскія распрацоўкі або скарыстаюцца эстонскім досьведам, невядома.

Эстонія мае найвышэйшую з постсавецкіх краінаў пазыцыю ў рэйтынгу разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгіяў ААН (PDF) — у 2017 годзе яна была на 17-месцы ў сьвеце, калі Беларусь была на 32-м. У рэйтынгу разьвіцьця электроннага ўраду ААН Эстонія ў 2016 годзе была на 13-м месцы, Беларусь — на 49-м.

Ці можна знайсьці праўду ў беларускіх судах?

Тры беларускія супэргероі, якіх штрафуе міліцыя