Амэрыканскі мільярдэр Джордж Сорас заявіў пра запуск у Вялікай Брытаніі кампаніі ў падтрымку новага рэфэрэндуму, які павінен адмяніць вынікі Brexit і захаваць Брытанію ў Эўразьвязе. Кампанія пачнецца ў бліжэйшыя дні.
Як паведамляе The Times, пра гэта ён заявіў у Парыжы на саміце, арганізаваным Эўрапейскай радай па міжнародных адносінах. На думку Джорджа Сораса, Brexit, які павінен пачацца не пазьней за 2020 год, зьяўляецца «надзвычай разбуральным працэсам», які аказвае нэгатыўны ўплыў як на Вялікую Брытанію, так і на Эўразьвяз, якім, на ягоную думку, неабходна засяродзіцца на вырашэньні больш важных задач, калі Эўразьвяз знаходзіцца ў «экзыстэнцыйным крызісе».
Ён выказаў здагадку, што Брытанія яшчэ не канчаткова вырашыла, ці хоча яна выйсьці з Эўразьвязу і ўрэшце рэшт «гэта права брытанцаў — вырашыць, што яны хочуць зрабіць».
На думку фінансіста, пытаньне можна вырашыць, арганізаваўшы другі рэфэрэндум.
«Гэта мэта ініцыятывы пад назвай „Лепшае для Вялікай Брытаніі“, якую я падтрымліваю», — заявіў Сорас.
Джордж Сорас ужо ахвяраваў каля 800 тысяч эўра ў кампанію «Лепшае для Вялікай Брытаніі».
Рэфэрэндум аб выхадзе з Эўразьвязу прайшоў у Вялікай Брытаніі 23 чэрвеня 2016 году, больш за 51% брытанцаў прагаласавалі на карысьць Brexit. Першапачаткова пераходны пэрыяд, пасьля якога краіна канчаткова пакіне Эўразьвяз, павінен быў працягнуцца да 2020 году, аднак нядаўна зьявілася інфармацыя, што прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй можа папрасіць Брусэль падоўжыць яго да 2022 году.
Галоўным праблемай застаецца мяжа паміж Ірляндыяй, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, і Паўночнай Ірляндыяй, якая зьяўляецца часткай Вялікай Брытаніі. Іх жыхары асьцерагаюцца зьяўленьню на выспе памежных бар'ераў.