Абноўлена а 17:30 30 траўня: Аркадзь Бабчанка жывы. Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, замах на забойства быў інсцэніроўкай.
У расейскага журналіста Аркадзя Бабчанку стралялі. Першым пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў журналіст Айдэр Муждабаеў. Аднак пазьней стала вядома, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.
У апошні час Аркадзь Бабчанка працаваў вядоўцам на крымскататарскім тэлеканале ATR у Кіеве.
Прадстаўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Яраслаў Тракала паведаміў Громадському, што ў «вядоўцу аднаго з тэлеканалаў стралялі ў яго доме і ён памёр у карэце хуткай».
«Надзвычайнае здарэньне адбылося ў Дняпроўскім раёне. Жонка была ў ванным пакоі. Яна пачула гукі, выйшла і ўбачыла мужчыну ў крыві. Выклікала хуткую, яго забралі, ён памёр у карэце хуткай. На месцы працуе сьледча-апэратыўная група, кіраўніцтва высьвятляе абставіны», — распавёў Тракала.
Назваць прозьвішча забітага ён адмовіўся. Паводле папярэдняй інфармацыі паліцыі, забойца страляў у сьпіну.
Кіраўнік паліцыі Кіева Андрэй Крышчанка кажа, што асноўная вэрсія — прафэсійная дзейнасьць.
«Але пакуль мы вывучаем месца злачынства, будзем аналізаваць усю сабраную інфармацыю і пазьней рабіць высновы. Але першае, што вынікае, — гэта ягоная прафэсійная дзейнасьць».
Ён дадаў, што з жонкаю, якая знайшла параненага мужа ў кватэры, цяпер працуюць псыхолягі, і яна пакуль ня можа даваць сьведчаньні.
Паліцыя адкрыла крымінальную справу паводле факту наўмыснага забойства. Дапытваюць сьведкаў.
Жывы эфір каналу «112 Україна»
Сябар Аркадзя Бабчанкі, расейскі апазыцыянэр Канстанцін Баравы ў эфіры тэлеканалу «112 Україна» на пытаньне, ці забойства Бабчанкі — гэта сьлед расейскіх спэцслужбаў, адказаў:
«Ані сэкунды ў гэтым не сумняюся, гэта іхная тыповая тэхналёгія змагацца з апанэнтамі».
Айдэр Муждабаеў распавёў, што ніякіх пагрозаў Аркадзь Бабчанка не атрымліваў апошнім часам.
«У яго не было ворагаў ва Ўкраіне. Расея — сапраўдная тэрарыстычная арганізацыя, якая забівае нязручных ёй людзей. Іншых вэрсіяў быць ня можа».
Апошнюю публікацыю на сваёй старонцы ў Фэйсбуку расейскі журналіст зрабіў сёньня ранкам.
***
Аркадзь Бабчанка: Гэтая вайна будзе апошняй у гісторыі Расеі
Летась Аркадзь Бабчанка пакінуў Расею. У сьнежні 2016 году ён адмовіўся выказваць спачуваньні родным і блізкім загінулых пры крушэньні самалёта Ту-154 Міністэрства абароны Расеі над Чорным морам. Ён патлумачыў гэта тым, што ахвяры авіякатастрофы, якія накіроўваліся ў Сырыю, як выказаўся журналіст, «сьпявалі і скакалі ў падтрымку» расейскіх уладаў.
Пасьля гэтага калюмніст «Комсомольской правды» Анатолій Жыхараў заклікаў узбудзіць крымінальную справу супраць Бабчанкі, а дэпутат Думы Расеі Віталій Мілонаў прыгразіў журналісту пазбаўленьнем грамадзянства.