Рада Эўропы ўстрывожаная інфармацыяй пра чарговыя выкананьні двух сьмяротных прысудаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратара генсэка РЭ Турб’ёрна Ягланда.
«Рада Эўропы заклікае Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яе канчатковай ліквідацыі. Сьмяротнаму пакараньню няма месца ў Эўропе», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Праваабаронца «Вясны» Андрэй Палуда паведаміў сёньня Свабодзе, што падчас разгляду ў Вярхоўным судзе апэляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, якія атрымалі сьмяротны прысуд за забойства трох чалавек, стала вядома пра выкананьне прысуду ў дачыненьні двух іншых «сьмяротнікаў».
Паводле Вячаслава Сухаркі, насуперак закону ён знаходзіўся ў камэры сьмяротнікаў, хоць прысуд наконт яго яшчэ не набыў сілу. Зь Міхаленем і Лётавым ён прасядзеў чатыры месяцы.
«Я сядзеў у камэры сьмяротнікаў, у якіх прысуд ужо набыў моц. Зь 15 на 16 траўня забралі з камэры Міхаленю і Летава», — распавёў Сухарка.
30-гадовы Віктар Лётаў быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня за трэцяе забойства, якое ўчыніў у Глыбоцкай турме, дзе ўжо адбываў пакараньне за забойства. Віцебскі абласны суд прыгаварыў яго да найвышэйшай меры пакараньня 22 верасьня 2017 году. Прысуд, які ў кастрычніку 2017 году зацьвердзіў Вярхоўны суд, Лётаў не абскарджваў.
32-гадовы Аляксей Міхаленя — неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі, які ўчыніў у сакавіку 2016 году забойства суседзяў-пэнсіянэраў.