Берасьцейскі гарвыканкам не дазволіў праводзіць шэсьце і мітынг «Марш супраць сьвінцу», які плянаваўся 3 чэрвеня.
Улады спаслаліся на сваё рашэньне, згодна зь якім на Савецкай вуліцы не дапускаецца праводзіць масавыя мерапрыемствы.
Арганізатары плянавалі падчас акцыі выказаць пратэст супраць будаваньня пад Берасьцем заводу сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй «АйПаўэр» і забруджваньня навакольнага асяродзьдзя дзейнымі прадпрыемствамі групы ПАК. А таксама праінфармаваць людзей пра шкоду сьвінцу для здароўя чалавека і навакольнага асяродзьдзя.
Заяўнікамі акцыі былі мясцовыя жыхары Міхаіл Галуза, Зьміцер Бекалюк, Майсей Мазько і Сяргей Сьвірскі.
Праваабаронца Раман Кісьляк сказаў Свабодзе, што «ўлады спалохаліся гэтай акцыі».
«Будзем абскарджваць гэтае рашэньне і падаваць заяўкі на новыя акцыі. Ужо пададзена новая заяўка на мітынг супраць акумулятарнага заводу 10 чэрвеня», — сказаў Раман Кісьляк.
Паводле праваабаронцы, працягваецца збор подпісаў супраць акумулятарнага заводу (ужо сабрана больш за 39 тысяч подпісаў) і за адстаўку кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі (сабрана 3226 подпісаў).
«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.
Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаваньне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.