Кіраўніка незалежнага прафсаюзу Фядыніча ня выпусьцілі зь Беларусі

Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Сьледчыя не дазволілі часова пакінуць краіну старшыні незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

Фядыніча ўключылі ў склад дэлегацыі глябальнага прафсаюзу IndustriALL, якая ад 29 траўня ўдзельнічае ў канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэнэве.​

«Кіраўнік сьледчай групы сказаў Фядынічу, што калі б за мяжу трэба было ехаць для лячэньня, то тады, верагодна, дазвол далі б. А міжнародная канфэрэнцыя ня ёсьць падставай для паездкі ў Жэнэву пры такой сур’ёзнай крымінальнай справе», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар РЭП Мікалай Герасіменка.

Генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс у лісьце на імя Сьледчага камітэту прасіў дазволіць Генадзю Фядынічу выехаць часова зь Беларусі. Прафсаюзы бралі на сябе гарантыю вяртаньня на радзіму прафсаюзнага лідэра, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Глябальны саюз IndustriALL аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах сьвету.

Абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкулу ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Што важна ведаць

  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць.