Сёньня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода (жывая відэатрансьляцыя — на svaboda.org і ў сацыяльных сетках). Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця.
Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.
Прапануем вашай увазе прадмову да кнігі дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.
«Сяргей Абламейка памыляецца, калі называе Скарыну нечаканым. І патрапляе, бо гэтае сьвята мае ўсё больш абліччаў. Чаканьне ператварае час у прастору і пракладае дарогу для будучыні. Яна будуецца з самага няўлоўнага і надзейнага матэрыялу ў сьвеце: цікаўнасьці і цярплівасьці, дасьведчанасьці і дасканаласьці, захапленьня і настойлівасьці.
Гэты працэс аднолькавы з расшчапленьнем атамнага ядра і ва ўсе часы спараджае выбух энэргіі: дастатковы, каб з Полацку патрапіць у Падую і там, у найлепшым тагачасным унівэрсытэце, атрымаць найвышэйшае прызнаньне вартасьці і стаць у адзін шэраг з сучасьнікамі — вялікімі гуманістамі; дастатковы, каб, пабачыўшы цуды антычнай спадчыны і эўрапейскага рэнэсансу, першым выдаць друкаваную кнігу на сваёй мове, у якой пазачасавай каштоўнасьцю абвясьціць любоў да месца, дзе нарадзіўся; дастатковы, каб ланцуговая рэакцыя праз стагодзьдзі стварыла народ, краіну, дзяржаву, дзе яго чын будзе адзначацца як агульнае сьвята.
А што можа быць лепшым падарункам на такое сьвята, як ня кніга — зноў з Прагі, зноў па-беларуску, зноў нечакана.
Хоць не — прыходзяць туды, дзе чакаюць».
«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.
Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.