Брусэль ухваліў забарону шэрагу аднаразовых вырабаў з плястыку. Прапановы Эўракамісіі былі апублікаваныя ў панядзелак, 28 траўня.
У прыватнасьці, забарона закране аднаразовы плястыкавы посуд, сталовыя прыборы, трубачкі-саломінкі для напояў, ватныя палачкі і плястыкавыя палачкі, да якіх прымацоўваюць паветраныя шары. Іх заменяць больш экалягічна чыстыя альтэрнатывы.
Выкарыстаньне аднаразовых плястыкавых пакетаў і ўпаковак, якія прапануюць супэрмаркеты, таксама плянуюць істотна абмежаваць.
Намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Тымэрманс адзначыў важнасьць праблемы плястыкавага сьмецьця. Так, на вырабы з плястыку прыпадае больш за 80 адсоткаў сьмецьця ў сусьветным акіяне, гаворыцца ў дакумэнце, і эўрапейцам «неабходна разам вырашаць гэтую праблему».
На думку Эўракамісіі, прапанаваныя захады станоўча адаб’юцца на стане навакольнага асяродзьдзя. У прыватнасьці, чакаецца зьніжэньне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру на 3,4 млн тон. Акрамя таго, прапановы дазволяць пазьбегнуць шкоды навакольнаму асяродзьдзю, якая да 2030 году можа скласьці 223 млрд эўра.
У далейшым прапановы Эўракамісіі павінны быць вынесеныя на ўзгадненьне чальцоў Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту. На іх ухваленьне і прыняцьце можа спатрэбіцца некалькі гадоў.
Напярэдадні выданьне Funke Mediengruppe прыводзіла словы эўракамісара па бюджэце Гюнтэра Этынгера, які прапанаваў спаганяць пэўную суму з уладаў краінаў Эўразьвязу за кожны кіляграм плястыкавага сьмецьця, непрыдатнага для перапрацоўкі і паўторнага выкарыстаньня. Калі зыходзіць з шматгадовага фінансавага плянаваньня Эўракамісіі, такі збор можа скласьці 80 цэнтаў за адзін кіляграм, якія пойдуць у агульны эўрапейскі бюджэт, растлумачыў Этынгер. На ягоную думку, гэты захад дапаможа скараціць аб’ём плястыкавых адходаў, паведамляе DW.