28 траўня суд Калінкавіцкага раёну пакараў журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову буйным штрафам за асьвятленьне галадоўкі ўдзельніц руху «Маці 328».
Пастанову на штраф у памеры 40 базавых велічыняў (980 рублёў) вынесла судзьдзя Сьвятлана Кугейка. Яна прызнала журналістку вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканалу «Белсат». Шчыракова вяла стрым з галадоўкі шасьцёх мацярок на вуліцы Катоўскага ў Калінкавічах, на сваю старонку ў Facebook, адкуль зацікаўленыя мэдыярэсурсы і бралі відэаінфармацыю.
«У суд я прыйшла з марлевай павязкай на вуснах, каб паказаць, што перасьледамі й штрафамі міліцыя й суды хочуць заткнуць рот незалежным журналістам, каб яны не асьвятлялі надзённыя праблемы людзей. Ніхто з афіцыйных СМІ за два тыдні галадоўкі мацярок, чые дзеці асуджаныя на вялікія тэрміны за спажываньне наркотыкаў, так і не наведаў галадоўніц, ня выслухаў іх», — кажа Шчыракова.

Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ларысу Шчыракову на судовым паседжаньні. Сярод іх галадоўніцы Алена Казакова (трэцяя справа ў ніжнім шэрагу) і Сьвятлана Багданава (другая справа ў верхнім шэрагу)
Падтрымаць журналістку ў судзе прыехалі каля двух дзесяткаў гараджанаў, у тым ліку й самі галадоўніцы — Алена Казакова з Калінкавіч і Сьвятлана Багдановіч з Мазыра.
«У галаве не ўкладваецца, за што такія вар’яцкія штрафы? Што яна расказала праўду пра нас?, Што нас, нарэшце, пачулі ўлады і няхай хоць і невялікі, але зрух адбыўся ў справе перагляду заканадаўства і, спадзяюся, практыкі прымяненьня крымінальнага артыкулу 328 пра незаконны абарот наркатычных рэчываў», — сказала Алена Казакова.
Накладзены раённым судом штраф Ларыса Шчыракова мае абскардзіць у абласным судзе.