Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя зэкаў

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі», напісаная на матэрыялах праграмы «Свабода ў турмах», што выходзіла на Радыё Свабода ў 2011-2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы будзем публікаваць на сайце фрагмэнты гэтай кнігі.

Пра «Свабоду ў турмах»

Алена Струвэ

Я не зьбіраюся даваць ацэнак героям гэтай кнігі. У ёй — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, тых, хто некалькі гадоў (2011–2017) браў удзел у перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода.

Нашы кантакты абмяжоўваліся «аднатэмнай тэрыторыяй». Часам на нейкі момант паміж намі ўзьнікаў давер, і суразмоўцы раскрываліся як вельмі неадназначныя асобы.

У расказах тых людзей, большасьць зь якіх мелі за плячыма немалыя турэмныя тэрміны, а некаторыя і цяпер за кратамі, не было змагарскага патасу, а быў погляд на турму знутры, свая оптыка, якая паказвала далёка ня толькі «фасад» праблемы. Цікавасьць выклікалі і водгукі крымінальнікаў пра палітвязьняў, якіх у той час было поўна па беларускіх турмах.

Вядома, што дзеля самых розных прычын расповеды ні саміх герояў кнігі, ні іхных родных ды блізкіх, ні тых, хто працаваў і працуе ў турмах, у тым ліку і замежных, ня могуць прэтэндаваць на поўную аб’ектыўнасьць, вялікую шчырасьць ды адкрытасьць. На просьбу многіх даём толькі імёны бяз прозьвішчаў, часам зьмененыя.

ТУРМЫ І ЗОНЫ


Тэрыторыя ЗК. Зэкі і зэчкі. Злачынствы і пакараньні. Правілы Мандэлы.

«Цюрма, цюрма — якое слова,
Для всех пазорна і страшно,
А для мяне зусім другое,
Зь цюрмой я пазнаёміўся даўно.

Прывык к жалезным я рашоткам,
Прывык к цюрэмнаму пайку,
Прывык к ваеннаму сьвістку.

Стаіць ў вугле вушак з вадою
І прыбіто калечка у сьцяне.
Але ўсягда са мной знаходзіцца,
Што палагаецца ў цюрме».


Такія гарадзкія арыштанцкія рамансы, як гэты, запісаны ў Беларусі фальклёрна-этнаграфічнай экспэдыцыяй — частка культуры ўмоўнага турэмнага гораду. Бо калі зыходзіць з афіцыйнай колькасьці «насельніцтва» беларускіх месцаў зьняволеньня — больш за трыццаць чатыры тысячы чалавек, то гэта роўна такому гораду, як Горкі, Рагачоў ці Смаргонь. Зразумела, з нашмат большай шчыльнасьцю людзей на адзін квадратны кілямэтар.

Ва ўмоўным турэмным горадзе больш за шэсьцьдзесят пэнітэнцыярных установаў самых розных відаў. Гэта, напрыклад, дзесяць так званых «клясычных» адасобленых турэмных збудаваньняў камэрнага тыпу. Зь іх шэсьць СІЗА, або сьледчых ізалятараў, і тры непасрэдна турмы — папраўчыя ўстановы з самым жорсткім рэжымам пакараньня. Камэрную сыстэму ўтрыманьня мае таксама і адна папраўчая калёнія (Глыбокае).

Усяго калёніяў ў Беларусі — 20. Зь іх 16 папраўчых, адна выхаваўчая (для непаўналетніх), тры калёніі-пасяленьні, дзе асуджаных утрымліваюць без аховы, але пад наглядам, паколькі тыя працуюць па-за межамі тэрыторыі. Ёсьць яшчэ 29 установаў адкрытага тыпу, так званая «хімія», або «інтэрнат для зьняволеных», дзе самы мяккі рэжым утрыманьня, і, нарэшце, восем лячэбна-працоўных прафілякторыяў (лечебно-трудовых профилакториев — ЛТП) для алькаголікаў. Іх колькасьць расьце.

Мапа пэнітэнцыярных установаў у Беларусі

На чале ўсёй гэтай турэмнай гаспадаркі стаіць Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў (ДВП), які належыць да структуры Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Статыстычная інфармацыя аб пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі закрытая для грамадзтва, але паводле таго, што прасачылася ў СМІ, усяго ў Беларусі каля 7 тысячаў супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы, суадносіны колькасьці зэкаў да пэрсаналу — 5:1.​


Тэрыторыя ЗК


Часта блытаюць паняцьці «турма» і «зона», хоць абодва азначаюць месцы пазбаўленьня волі з найбольш жорсткім, у параўнаньні зь іншымі пэнітэнцыярнымі ўстановамі, утрыманьнем.

Што тычыцца агульнага паміж імі, то і турма, і зона ізаляваныя ад вонкавага сьвету дротам ды непранікальным мурам, тут свая ваенізаваная ахова, свой строгі прапускны рэжым, рубяжы бясьпекі, аўтаматчыкі з сабакамі.

Адрозьненьняў, аднак, значна больш.

Магілёўская турма №4

Турма — гэта агульнае паняцьце, якое выкарыстоўваецца ў дачыненьні да ўстановаў для тых, хто ўчыніў, або падазраецца ва ўчыненьні крымінальнага злачынства, і адпаведна, згодна зь дзейнымі законамі, грамадзтва мае патрэбу ў іх ізаляцыі.

Вонкава — гэта адасобленае збудаваньне з закратаванымі вокнамі, якое забясьпечвае так званы «крыты рэжым». Жыцьцёвая прастора вязьня абмежаваная чатырма сьценамі камэры. Таксама абмежаванае і ягонае перамяшчэньне — вязень мае права на адну гадзіну ў суткі для шпацыру ў турэмным дворыку.

Астатнія 23 гадзіны (за выключэньнем часу, праведзенага са сьледчымі, адвакатам ці рэдкага спатканьня з блізкім празь перагародку і тэлефон) зьняволены павінен знаходзіцца ў невялікай «камэры-камуналцы» з двух’яруснымі ложкамі. Гэта для яго адначасна і спальня, і кухня, і прыбіральня, і курылка, і месца адпачынку.

Зона — гэта выключна размоўны тэрмін, які ўжываецца як сынонім паняцьцю «папраўчая калёнія». Вонкава яна нагадвае ізаляваны пасёлак тэрыторыяй прыкладна 15 га, часам больш, часам менш.

Тут свая акрэсьленая інфраструктура. Жылыя зоны з баракамі або інтэрнатамі, адміністрацыйны будынак, працоўныя зоны, падсобная гаспадарка, крамы-шапікі, мэдчастка, месцы для заняткаў спортам, пральні з лазьняй, кацельня. На тэрыторыі большасьці папраўчых установаў ёсьць храмы. У Гомельскай жаночай калёніі № 4 маецца Дом малюткі — для дзетак арыштантак ва ўзросьце да трох гадоў.

Ілюстрацыйнае фота

Рэжым утрыманьня ў калёніі, як правіла, вальнейшы за турэмны. Вязьні адносна свабодна перамяшчаюцца ў межах зонаў, ходзяць на працу, могуць наведваць клюб і бібліятэку, займацца спортам.

Зьняволеныя жанчыны ў Беларусі складаюць менш за 10% ад агульнай колькасьці ўсіх турэмных насельнікаў, то бок прыкладна 3 тысячы.

Самым юным арыштантам у краіне — 14 гадоў, самым старым — ад 80-ці і вышэй.

Зьняволеных мужчын і жанчын у пэнітэнцыярных установах сучаснай Беларусі трымаюць паасобку. Таксама сядзяць асобна і непаўналетнія злачынцы рознага полу.

Хлопчыкі ад чатырнаццаці да васямнаццаці (у асобных выпадках верхняя ўзроставая мяжа дасягае 21–23 гадоў) утрымліваюцца ў бабруйскай выхаваўчай калёніі. Да 2007 году такіх установаў было тры.

Для непаўналетніх дзяўчат-крымінальніц існуе асобны атрад пры жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі. Да 2007 году для іх на тэрыторыі гомельскай «чацьвёркі» дзейнічала выхаваўчае аддзяленьне для дзяўчат.

Паводле колькасьці малых зьняволеных (25 на 100.000 дзіцячага насельніцтва) Беларусь сярод краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і СНД мела ў 2016 годзе другую пазыцыю пасьля Альбаніі (112).

Дзіцячая калёнія. Ілюстрацыйнае фота

Зэкі і зэчкі


З часоў СССР на турэмнай тэрыторыі Беларусі захоўваецца старая савецкая турэмная культура. Так арыштантаў ды арыштантак у турэмным асяродзьдзі па-ранейшаму называюць «зэкамі» ды «зэчкамі». Ад скарачэньня савецкага наватвору «зьняволены каналаармеец» («ЗэКа», «З/К»), якое выкарыстоўвалі ў дакумэнтах ад 1920-х да пачатку 1960-х гг.

Па-ранейшаму ў асяродзьдзі крымінальнікаў-мужчын, хоць і значна менш, чым у часы СССР, гучыць характэрная, неперакладальная на іншыя мовы «феня», захоўваецца «каставая» сыстэма ды «зладзейскія паняцьці». Аднак апошняе тычыцца ўсё ж мужчынскіх турмаў.

Зьняволеныя мужчыны — «зэкі» — тэрмін «зэчка» ўжываюць у некалькіх значэньнях.

Вядома, найперш гэта зьняволеная жанчына. Але таксама «зэчкай», паводле былых арыштантаў, называюць гідкую вынаходку савецкіх часоў — алюмініевы кубак: калі гатуеш у ім гарбату, кубак распаляецца так, што не дакрануцца, але ўсярэдзіне напой халодны.

Яшчэ «зэчка» — гэта частка летняга лягернага адзеньня: баваўняная кепка.

Нарэшце, апошнім часам, найчасьцей у Расеі, выраз «зэчка» ўжываюць (паводле аналёгіі, як «салдат — салдатка») у дачыненьні да «зэкаўскіх» жонак, маці, сясьцёр ды дачок — тых, каго традыцыйна можна сустрэць у чэргах каля турмаў ды калёній.

У жаночых турмах няма характэрнай для мужчынскіх «чырвонай» ды «чорнай» афарбовак, уласных «масьцей» ды кастаў (пра асаблівасьці мужчынскіх турмаў будзе ніжэй), няма «галоўнай» або каранаванай «зэчкі».

Блатная мова калі і гучыць на жаночай беларускай зоне, то надзвычай рэдка, як правіла, ад рэцыдывістак. Мужчынскія турмы маюць акрэсьленую «вэртыкальную герархію», а прынцып жаночай турмы, наадварот, гарызантальны. Тут прынята жыць так званымі «сем’ямі».

Гомельская жаночая калёнія. Жылая зона

Злачынствы і пакараньні


Беларусак і беларусаў асуджаюць прыкладна за тыя самыя злачынствы: крадзяжы, рабункі, распаўсюд наркотыкаў, хуліганства, бытавыя забойствы (найчасьцей у стане алькагольнага ап’яненьня), няплату алімэнтаў. Вялікі адсотак (у мужчын больш за 30%, а ў жанчын каля 50%) складаюць асабліва цяжкія злачынствы — забойствы, а таксама калецтвы, якія вядуць да сьмерці.

Сярод спэцыфічна жаночых цяжкіх злачынстваў — дзетазабойства. Як правіла, учыняюць яго маладыя дзяўчаты, якія ня маюць сям’і, дастатковага матэрыяльнага забесьпячэньня, уласнага жытла.

Калі «Свабода ў турмах» ладзіла традыцыйнае для гэтай перадачы вулічнае апытаньне ў Гомлі і Магілёве — гарадах, дзе месьцяцца жаночая ды мужчынская калёніі, — большасьць рэспандэнтаў выказалася за тое, каб закон караў усіх аднолькава, незалежна ад полу, а за дзетазабойства каб давалі нашмат больш жорсткія прысуды, чым цяпер.

У Беларусі суды звычайна ставяцца да жанчын мякчэй, чым да мужчын. За няжорсткія злачынствы — напрыклад, крадзяжы — жанчын значна часьцей, чым мужчын, асуджаюць без пазбаўленьня волі або караюць умоўна. Таксама заканадаўства забараняе прысуджаць жанчынам пажыцьцёвае і сьмяротнае пакараньне, тое, што ўжываецца ў дачыненьні да мужчын.

Апошняй з жыхарак Савецкай Беларусі, каму прысудзілі расстрэл, была Антаніна Макарава зь Лепелю — «Тонька-кулямётчыца», якая пры немцах расстрэльвала мірных жыхароў на Браншчыне. Доўгі час ёй удавалася хавацца, выкрылі яе выпадкова. Прысуд быў вынесены ў 1978 годзе.

Самы жорсткі вырак, які ў незалежнай Беларусі можа выносіцца жанчыне-злачынцы — гэта пазбаўленьне волі на 25 гадоў. У 2016-м на 19 гадоў турмы асудзілі 23-гадовую Юлію Астапенку. Да крымінальнай адказнасьці яе прыцягнулі паводле арт. 328, ч. 5 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд наркотыкаў, які пацягнуў за сабой сьмерць спажыўца (ад псыхатропаў памёр 16-гадовы хлопец). Такі самы прысуд атрымаў яе прыяцель Аляксандар Чарапко. Асуджаныя таксама мусілі выплаціць маці загінулага хлопца кампэнсацыю за маральныя страты.

Жанчын, за рэдкім выключэньнем, пры злосным парушэньні правілаў унутранага распарадку ў калёніі не пераводзяць, як мужчын, на больш жорсткі турэмны рэжым. Апошнімі гадамі зафіксаваныя адзінкавыя выпадкі, калі арыштанткі адбывалі пакараньне «на турме» ў Магілёве. У 2016 годзе такіх жанчын было дзьве, у 2017-м — адна.


Правілы Мандэлы

Нэльсан Мандэла, 2008

Як і іншыя пэнітэнцыярныя сыстэмы сьвету, Беларусь прызнае ў якасьці ўнівэрсальнага турэмнага стандарту «Мінімальныя стандартныя правілы абыходжаньня са зьняволенымі». У 2015 годзе Генэральная Асамблея ААН прадставіла абноўленыя «Мінімальныя стандарты», што ўлічваюць сусьветную практыку ў сфэры працы пэнітэнцыярных установаў і адлюстроўваюць новы падыход да кіраваньня турмамі ў XXI стагодзьдзі.

Дакумэнт, названы «Правіламі Мандэлы» (у гонар першага чарнаскурага прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі Нэльсана Мандэлы, які правёў у зьняволеньні 27 гадоў), дэкляруе прынцып гуманнага абыходжаньня са зьняволенымі і абараняе годнасьць людзей, якія апынуліся за кратамі.

Сярод іншага:

  • у турмах забароненая любая дыскрымінацыя (паводле расавай прыкметы, полу, мовы і г. д.);
  • мужчыны і жанчыны, падсудныя і асуджаныя, малалетнія і дарослыя вязьні, простыя сядзельцы і рэцыдывісты павінны ўтрымлівацца асобна;
  • Кожнаму ЗК у ідэале павінна належаць асобная «камэра ці пакой», а пры ўтрыманьні ў агульных камэрах — асобны ложак;
  • асьвятленьне камэр павінна дазваляць чытаць і працаваць «безь небясьпекі для зроку», а іх «кубатура» і вэнтыляцыя адпавядаць санітарным нормам;
  • прыбіральні неабходна трымаць у чысьціні, вязьні павінны мець да іх бесьперашкодны доступ;
  • асуджаным гарантуецца магчымасьць мыцца найменей раз на тыдзень, мужчынам — рэгулярна галіцца;
  • харчаваньне павінна быць рэгулярным і «дастатковым для падтрыманьня здароўя і сілаў», а вада — даступная ў любы момант;
  • зьняволеныя маюць права штодня найменей адну гадзіну гуляць на адкрытым паветры або займацца фізычнымі практыкаваньнямі;
  • асобы, пазбаўленыя волі, маюць поўнае права на такія самыя стандарты ў сфэры аказаньня мэдычнай дапамогі, як і іх суграмадзяне на волі;
  • зьняволеныя зь ВІЧ павінны мець доступ да антырэтравірусных прэпаратаў, адпаведным лячэньнем павінны быць забясьпечаныя хворыя на сухоты і розныя хранічныя захворваньні, а таксама нарказалежныя;
  • ва ўсіх турмах неабходна мець штатнага лекара агульнай практыкі. Акрамя таго, зьняволеныя павінны атрымліваць прафэсійную стаматалягічную дапамогу;
  • асуджаныя павінны мець магчымасьць рэгулярна асабіста кантактаваць з роднымі і сябрамі, даведвацца навіны са СМІ ці «іншымі спосабамі, кантраляванымі адміністрацыяй»;
  • у кожнай турме мусіць быць бібліятэка;
  • вязьні абавязаныя працаваць, але праца не павінна прыносіць пакуты і яе варта «справядліва аплачваць»;
  • пры пакараньні зьняволеных варта пазьбягаць жорсткасьці, прыніжэньня іх чалавечай годнасьці і цалкам выключыць цялесныя пакараньні, зьмяшчэньне ў «цёмныя камэры», кайданы і ланцугі;
  • забараняецца выкарыстаньне адзіночнага зьняволеньня ў дачыненьні да жанчын і дзяцей;
  • жаночыя турэмныя ўстановы павінны мець адмысловыя памяшканьні для неабходнага лячэньня і догляду за цяжарнымі жанчынамі і парадзіхамі. Там, дзе гэта магчыма, варта клапаціцца аб тым, каб роды адбываліся не ў турэмным, а ў цывільным шпіталі;
  • клопат пра жанчын, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, і нагляд над імі варта ўскладаць толькі на супрацоўнікаў жаночага полу.


У цэлым, на думку ААН, турэмны рэжым павінен мінімальна адрозьнівацца ад жыцьця на волі, каб «не зьнішчаць у асобе чалавека за кратамі пачуцьця адказнасьці і чалавечай годнасьці».

Правілы Мандэлы носяць рэкамэндацыйны характар і часткова выконваюцца ў Беларусі.