25 траўня ў Парыжы завяршылася двухдзённая канфэрэнцыя міністраў адукацыі Эўропы. Абмяркоўвалася ў тым ліку пытаньне, ці застанецца Беларусь, якая за тры гады ня выканала патрабаваньні дарожнай мапы, у Балёнскім працэсе.
Як вынікае з дэклярацыі, падпісанай па выніках канфэрэнцыі, Беларусь засталася ў Балёнскім працэсе, але з пэўнымі ўмовамі, выканаць якія неабходна да 2020 году.
У выніковай дэклярацыі гаворыцца, што Беларусь пачала «некаторыя першыя рэформы», аднак «застаюцца істотныя праблемы», і каб іх вырашыць, міністры адукацыі Эўропы прапаноўваюць стратэгію на 2018-2020 гады.
Сярод мэтаў і задач, якіх Беларусь павінна дасягнуць да 2020 году, названыя наступныя:
- да 2019 году прыняць нацыянальную рамку кваліфікацый вышэйшай адукацыі. Сыстэма вышэйшай адукацыі будзе ўключаць дзьве прыступкі: бакаляўрыят, падчас навучаньня ў якім трэба набраць 180-240 «крэдытных пунктаў», і магістратура на 90-120 «крэдытаў»;
- цалкам адмовіцца ад пяцігадовага навучаньня ў бакаляўрыяце;
- працягваць укараненьне сыстэмы «крэдытаў». Асаблівы фокус павінен быць сканцэнтраваны на выніках вучэбнай дзейнасьці, складаньні навучальнага пляну,
- калі студэнт на сэмэстар едзе вучыцца за мяжу па абмене, атрыманыя ў замежным унівэрсытэце «крэдыты» павінны быць прызнаныя і залічаныя ў Беларусі;
- Міністэрства адукацыі Беларусі павінна працаваць над рэалізацыяй сумесных адукацыйных праграмаў і праграмаў з магчымасьцю атрыманьня двайнога дыплёму. Ад Беларусі чакаюць прадстаўленьня грантаў замежным студэнтам для навучаньня ў ВНУ Беларусі;
- вывучыць міжнародны вопыт разьмеркаваньня выпускнікоў, каб распрацаваць прапановы па пераглядзе існай сыстэмы разьмеркаваньня (дакладныя тэрміны ў стратэгіі не пазначаныя);
- у 2019-2020 гадах Беларусь павінна ўключыць студэнтаў у Раду па якаснай ацэнцы адукацыйных праграмаў.
- павінна быць распрацаваная працэдура вылучэньня кіраўніка унівэрсытэту на конкурснай аснове. Таксама ў стратэгіі нагадваюць пра адказнасьць за свабоду і аўтаномію унівэрсытэтаў.
Да 2015 году Беларусь была адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіла ў Адзіную прастору вышэйшай адукацыі. Беларусь прынялі ў Балёнскі працэс на пэўных умовах, замацаваных у так званай «дарожнай мапе»: ажыцьцяўленьне дзяржаўнымі інстытутамі і органамі ўлады Беларусі рэформаў вышэйшай адукацыі. Выканаць іх Беларусь абяцала да 2018 году.
У канцы 2017-га маніторынг, які правёў Грамадзкі балёнскі камітэт, паказаў, што Беларусь ня выканала цалкам ні адно з узятых абавязацельстваў. Пра гэта ж сьцьвярджаецца ў выніковым праекце справаздачы кансультацыйнай групы, якая ацэньвала ход выкананьня дарожнай мапы.
Усяго існавалі тры варыянты рашэньня па Беларусі:
- Працягнуць дзейнасьць дарожнай мапы.
- Уключыць Беларусь у блёк краінаў, якія не выконваюць шэраг патрабаваньняў Балёнскага працэсу.
- Цалкам выключыць Беларусь з працэсу.
З гісторыі працэсу
Балёнскі працэс — працэс збліжэньня і гарманізацыі сыстэм вышэйшай адукацыі краін Эўропы з мэтай стварэньня адзінай эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Каб уступіць у Балёнскі працэс, краіна прымае на сябе абавязаньні: бясплатна выдаваць выпускнікам ВНУ эўрапейскія дадаткі да дыплёмаў бакаляўра і магістра (адзінага ўзору), рэфармаваць нацыянальную сыстэму адукацыі ў адпаведнасьці з асноўнымі палажэньнямі Балёнскай дэклярацыі.
У 2015 годзе Беларусь стала адзінай краінай, якую прынялі ў Балёнскі працэс на пэўных умовах, замацаваных у «дарожнай мапе»: ажыцьцяўленьне дзяржаўнымі інстытутамі і органамі ўлады Беларусі рэформаў вышэйшай адукацыі.
Цяпер у Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі каля 50 краін.
Экспэрты адзначаюць, што ўдзел любой краіны ў Балёнскім працэсе робіць яе больш прывабнай у вачах замежных студэнтаў. А гэта цягне за сабою прыток фінансаў у выглядзе платы за навучаньне, пражываньне і г.д.