31 траўня ў менскай кавярні «Грай» пройдзе вялікі канцэрт з удзелам вэтэранаў беларускага року Аляксандра Ванькевіча, Андрэя Філатава, Аляксандра Растопчына. Імпрэза прымеркаваная да 50-годзьдзя першага ў Беларусі і СССР біт-фэстывалю, які прымаў тагачасны Менскі радыётэхнічны інстытут.
Задоўга да рок-клюбаў і раней за Вудстак
Кароткі пэрыяд адлігі здолеў зрабіць неверагоднае. Музычны фэстываль арганізаваў камітэт камсамолу РТІ пры падтрымцы ўладаў гораду і рэспублікі. Журы ўзначаліў галоўны дырыгент дзяржаўнага эстрадна-сымфанічнага аркестру Барыс Райскі, адным з чальцоў быў кампазытар Ігар Лучанок. Менская тусоўка на год апярэдзіла знакавы фэстываль у Вудстаку.
Цягам трох дзён у сярэдзіне красавіка 1968-га на сцэну падымаліся 12 ансамбляў, якія прадстаўлялі найбуйнейшыя ВНУ Менску. Усе выступы праходзілі пры поўным аншлягу, актавую залю ў літаральным сэнсе бралі штурмам. Пераможцамі былі аб’яўленыя культавыя «Альгарытмы», прыпісаныя ўсё да таго ж РТІ. Паслухаць іх лічылі за гонар музыкі, слава да якіх прыйшла нашмат пазьней — Уладзімер Мулявін, Юры Антонаў, удзельнікі ВІА «Поющие гитары».
Акрамя «Альгарытмаў», таксама гралі «Зодчие», «2+2», «Дысканты», «Пінгвіны», «Вясёлыя лісы», «Рэфлексы», «Грыфы», «Пане-браце», «Ювента», «Сінія гітары», «Скіфы».
Праўда, замацаваць посьпех, зрабіўшы імпрэзу традыцыйнай, ужо не ўдалося. Падзеі ў Чэхаславаччыне прывялі да «закручваньня гаек». Другі фэстываль разагналі проста пасярод выступу гурту «Арганаўты». Аднаго з арганізатараў — Уладзімера Кандрусевіча — выключылі з кансэрваторыі, а ягоную каманду «Пане-браце» расфармавалі.
Асяродак вальнадумства і канцэртныя хітрыкі
Чаму менавіта Менскі радыётэхнічны інстытут стаў асяродкам моладзевага вальнадумства? Яго выпускнік Андрэй Казлоўскі, адзін з заснавальнікаў рок-гурту «Сузор’е», лічыць гэта заканамернасьцю.
Паколькі прафэсійныя інструмэнты ў той час былі вялікай праблемай, многія імкнуліся паступіць у РТІ, каб самастойна зьбіраць электрагітарныя ўзмацняльнікі, прыдумляць гукавыя эфэкты.
«Я ішоў з канкрэтнай мэтай: паралельна з тым, што мяне будуць там нечаму вучыць, у прыкладным парадку прыстасаваць тэхнічныя веды да музыкі, — згадвае Казлоўскі. — Урэшце вось так па наежджанай усё і пайшло. Пасьля першага будатраду набыў сабе дарагую гітару Eterna de Luxe — па тых часах вельмі добрую. І ўжо быў статусны чувак. Паступова зблізіўся з аднадумцамі, найперш з Колем Глазавым, які быў на год старэйшы, мы зь ім доўга гралі ў інстытуцкім асяродку. У маім выпадку ўсё атрымалася імкліва: літаральна цягам году стала зразумела, што ёсьць рэальным інтарэсам майго жыцьця».
«Сузор’е» супраць партыі. 40 гадоў таму распачалася і была спынена беларуская рок-экспансія
Паводле Андрэя Казлоўскага, РТІ стаў «клюбам па інтарэсах» для тых, хто меў ахвоту граць на інструмэнтах, удасканаленых мясцовымі талентамі. Сапраўдная Мэка, дзе ўсё правільна склалася — як у тэхнічнай частцы, так і ў адчуваньні свабоды, падкрэсьлівае суразмоўца.
«Каб „Сузор’е“ было ўкамплектаванае дыплямаванымі кадрамі з вучэльні ці кансэрваторыі (так званага „кулька“ тады яшчэ не было), іх прыструніць было б куды прасьцей. Што, уласна кажучы, і адбывалася. Хлопцы, якія адтуль выходзілі, разьмяркоўваліся ў структуры „Песьняроў“, „Верасоў“, „Сяброў“ і г.д. Яны ня тое што ляяльныя, проста прывыклі гнуцца, каб займацца сваёй справай. А нам прагінацца не было патрэбы, хоць даводзілася вынаходзіць розныя хады. Напрыклад, у праграме стаяла песьня Лучанка, а на канцэрце выконваўся рэзэрв, складзены з уласных твораў. Праграма падпісаная, Лучанок атрымліваў аўтарскія, усім добра. Вось так хітравалі».
РТІ скончыў і віртуоз-гітарыст Аляксандар Растопчын — удзельнік гуртоў «Унівэрсытэт», «Сузор’е», «Песьняры». Апошнія чвэрць стагодзьдзя ён жыве ў Нью-Ёрку, займаецца музыкай і інсталяцыяй канцэртнай апаратуры. 31 траўня ён упершыню за шмат гадоў выступіць на беларускай сцэне, а ўвечары 1 чэрвеня там жа, у кавярні «Грай», правядзе майстар-клясу для пачаткоўцаў і спрактыкаваных музыкаў.