Жудасны лёс каралеўскай пароды: штогод забіваюць тысячы паляўнічых сабак

Гэтага зьбітага машынай шчанюка пароды падэнка ўратавала і вылекавала Аксана Мамедава.

Блізкаўсходнія харты зьявіліся ў Эўропе ў VIII стагодзьдзі да нашай эры, цяпер іх нашчадкаў называюць у Гішпаніі падэнка. У IX стагодзьдзі маўры вывелі яшчэ адну роднасную пароду паляўнічых сабак — гальга. Яе шанавалі эўрапейскія арыстакраты, і ў палацы Фантэнблё ў Францыі вы знойдзеце палотны анімаліста Жана-Батыста Удры, які намаляваў любімых гальга францускага караля Людовіка XV.

Любімыя гальга Людовіка XV. Карціна Жана-Батыста Удры

Але ў Гішпаніі XXI стагодзьдзя кожную вясну, калі завяршаецца сэзон паляваньня, тысячы гальга і падэнка альбо выганяюць на вуліцу, альбо забіваюць: прывязваюць ў лесе, так што сабака гіне ад голаду, вешаюць, кідаюць у глыбокія ямы і нават раствараюць у кіслаце. Іх выкідваюць на аўтастрадах, пераламаўшы лапы, каб сабака не знайшоў дарогі дадому. Электронныя чыпы выразаюць нажом, каб нельга было знайсьці гаспадара.

Страшныя фатаграфіі зьнясіленых, параненых, скалечаных хартоў можна знайсьці на рэсурсах абаронцаў жывёл. Аўтары сайту Galgonews прыводзяць такія лічбы: кожны год на вуліцу выкідваюць 100 тысяч гальга і падэнка, а 75 тысяч забіваюць.

Паляўнічыя цэняць толькі маладых сабак, двухгадовыя ўжо ня так жвава бегаюць за дзічынай. Ад іх пазбаўляюцца і бяруць у заводчыкаў новых. «Выкарыстаных» сабак можна купіць вельмі танна: ад аднаго да дзесяці эўра.

Ліза, шчанюк пароды падэнка, які жыве ў Аксаны Мамедавай

«У нас ёсьць паліцыя Seprona, якая абараняе жывёл, яны рэгіструюць каля 10 тысяч забойстваў сабак штогод, але спакойна можна дадаваць яшчэ 30-40%. Магчыма, 75-80 тысяч — гэта перабольшаньне, але ж і 15-20 тысяч кожны год — вельмі шмат», — кажа Аксана Мамедава, якая жыве ў Гішпаніі і дапамагае ратаваць бяздомных жывёл.

«Рэч ня толькі ў паляваньні, ёсьць яшчэ забегі, таму што падэнка бегаюць з хуткасьцю 70 кілямэтраў за гадзіну. Калі праводзяць трэніроўкі, іх прывязваюць да машыны пачкамі, па 30-50 сабак — хтосьці спатыкнуўся, у кагосьці зьвяло нагу — да канца трэніроўкі яны проста размазаныя па асфальце».

Чаму ж паліцыя не арыштоўвае тых, хто робіць такое? З 1997 году існуе эўрапейскі закон аб абароне жывёлы. Але ў Гішпаніі працуе папраўка, пралабіяваная паляўнічымі. Паляўнічыя сабакі не лічацца хатнімі жывёламі, якіх абараняе дзяржава. Яны — такі ж арсэнал паляўнічага, як і зброя.

«Калі паляўнічы атрымлівае ліцэнзію на паляваньне, ён аўтаматычна набывае права мець некалькі сабак пароды падэнка або гальга, і зь імі можна рабіць што заўгодна. Ня адсочваюць іх прышчэпкі, не адсочваюць, ці яны маюць чыпы, не адсочваюць, як яны харчуюцца. Калі такога сабаку вазьму я, ён лічыцца хатнім, а калі яго возьме паляўнічы — гэта проста рэч», — тлумачыць Аксана Мамедава.

У 2018 году выйшаў дакумэнтальны фільм Yo Galgo. Аўтары далі слова паляўнічым і абаронцам жывёлы, і распавялі пра тое, у якіх умовах жывуць гальга, якіх амаль ня кормяць, ня лечаць і выкідваюць, калі яны перастаюць бегаць.

«Бой быкоў — відавочнае зьдзек з жывёлы, але гэта традыцыя ў Гішпаніі. І што атрымліваецца? У краіне Эўрапейскага зьвязу існуе "культурная традыцыя", і Эўрапейскі зьвяз прымае яе пад увагу: бо гэта "традыцыя", быкі выключаюцца з закона аб абароне жывёл. Тое ж самае і з паляўнічымі сабакамі», — кажа Марыя Тэрэза Гарсія Радрыгес, арганізатарка кампаніі ў абарону гальга, якая жыве на востраве Тэнэрыфэ.

«Новы закон ад 2017 году абмяжоўвае злоўжываньне жывёламі, але калі затушаваць бой быкоў і паляваньне "культурнымі традыцыямі", дык у законе ёсьць агаворка: паляўнічыя сабакі і быкі для баёў выводзяцца па-за яго рамкі. Інакш будзе вялікая праблема: усіх паляўнічых і арганізатараў карыды давядзецца штрафаваць! Мы змагаемся цяпер, каб ліквідаваць гэтую папраўку, але адваротны бок спрабуе зноў і зноў яе захаваць. Стартуюць разнастайныя кампаніі пратэсту, але па-ранейшаму быкі і паляўнічыя сабакі — у пралёце».

Больш пра лёс паляўнічых сабак у Гішпаніі можна прачытаць тут.