24 траўня ў Кракаве завершылася міжнародная канфэрэнцыя «За нашу і вашу свабоду», арганізаваная польскім Інстытутам нацыянальнай памяці. На сустрэчы была прынятая рэзалюцыя супраць маршаў у Гайнаўцы, удзельнікі якіх гераізуюць забойцаў беларусаў Падляшша.
У кракаўскай канфэрэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, вэтэраны польскага антыкамуністычнага падпольля, дысыдэнты з постсавецкіх краінаў — Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Украіны, Літвы, Чачэніі.
Беларусь на ёй прадстаўлялі кіраўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. З ініцыятывы Зянона Пазьняка канфэрэнцыя прыняла «Зварот да ўсіх польскіх патрыётаў і мясцовых уладаў у справе маршу памяці «Выклятых жаўнераў» і дзейнасьці Рамуальда Райса «Бурага». Гэты камандзір аднаго з аддзелаў пасьляваеннага польскага антыкамуністычнага падпольля нясе адказнасьць за масавыя забойствы беларусаў Беласточчыны.
«Зьвяртаемся да польскіх мясцовых уладаў і да польскіх патрыётаў, каб сёньня асобы, у шчырасьці намераў і патрыятызьме якіх мы не сумняваемся, баронячы памяць пра "выклятых жаўнераў", узгаднялі гэта з правам, з агульным інтарэсам і справядлівым падыходам, не дазвалялі, не праводзілі так званых "маршаў "Бурага"" і ня ўдзельнічалі ў іх, кіруючыся дзяржаўнымі інтарэсамі цяперашняй Польшчы, якія сёньня грунтуюцца на абніжэньні ўзроўню нэгатыўных эмоцыяў паміж польскім і беларускім народамі, на разьвіцьці супрацоўніцтва, заснаванага на даверы і ўзаемна карыснай мірнай працы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Польскія нацыяналісты і іх праціўнікі ў Гайнаўцы
Свабода зьвярнулася па камэнтар да старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка.
— Зянон Станіслававіч, можна зразумець эмоцыі беларусаў, але гэта ўсё ж польская дзяржава, яны вырашаюць, якія маршы праводзіць, а якія не. Ці справа гэта беларускага палітыка?
— Гэтая справа мае прыкметы генацыду. Што б ні адбывалася, скажам, у Сырыі, Чачэніі, Крыме ці Палестыне, заўсёды мы кажам пра справядлівасьць і правы чалавека. Гэта элемэнтарная рэч, гэтым жыве нашая цывілізацыя.
Тут прысутны ня толькі беларускі інтарэс. Парушаныя праўныя нормы, эўрапейскія і хрысьціянскія каштоўнасьці. За такія дзеяньні мусіла б быць кара і скруха нашчадкаў, каб такіх выпадкаў больш ніколі не было. Гэта ў першую чаргу важна для Польшчы, і ня менш важна — для Беларусі. Без прымірэньня гэтая язва будзе вечна балець. Нават пасьля зьмены пакаленьняў будуць выходзіць на паверхню старыя дэманы, калі іх пачнуць будзіць правакацыйнымі маршамі на магілы ахвяраў і славіць забойцаў. І могуць пачацца новыя канфлікты. Таму трэба закрыць гэтае пытаньне. Інакш ім стане кіраваць агентура чужой краіны, і вядома якой.
— Прыхільнікі маршаў кажуць, што гісторыя была складаная, што гэта вайна, на якой здараюцца і ахвяры сярод мірных людзей. А сёньня Польшча дэмакратычная, і гэтыя маршы не парушаюць законаў.
— Мне часам кажуць: а які ж гэта генацыд, забілі толькі якіх-небудзь 80 ці 100 чалавек. Але ж забілі за тое, што гэта былі беларусы, спалілі іхныя вёскі і людзей у хатах. Да такіх дзеяньняў павінен быць і маральны, і праўны падыход, а ня мераньне колькасьцю забітых. Нават калі забілі аднаго чалавека за тое, што ён габрэй ці беларус — гэта ёсьць злачынства з матывам нацыянальнай нецярпімасьці, якое падлягае пакараньню. А тут жа масавае забойства.
Каб не ўзьнікала нянавісьць, не аднаўляліся канфлікты, трэба, каб спыніліся правакацыі. Вельмі вялікае значэньне мае скруха. Яна разрывае кола варожасьці. Імпэрскія расейцы, напрыклад, ніколі ня каяліся за ваенныя і дзяржаўныя злачынствы сваіх папярэднікаў і сучасьнікаў. І паглядзіце, як пэрманэнтна разгортваецца ў іх ланцуг нянавісьці, злачынстваў і вайны. Яны ўжо ўвесь сьвет лічаць сваімі ворагамі, заяўляюць пра гэта і пагражаюць вайной. Тут тупік, няма сьветлай будучыні.
Другі прыклад — немцы, якія пакаяліся за злачынствы гітлерцаў, аплацілі ўсім рэпарацыі і сталі найбагацейшымі і наймацнейшымі ў Эўропе. Вось вам праўда Эвангельля ў дзеяньні. Мала быць католікам ў касьцёле. Хрысьціянін пазнаецца ў жыцьці.
Беларуская памяць пра «выклятых жаўнераў»
Канфэрэнцыя праходзіла 23-24 траўня ў кракаўскай Akademii Ignatianum. Ліст удзельнікам сустрэчы накіраваў польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі, а зь яе ўдзельнікамі сустрэўся мэр Кракава.
***
10 траўня 1945 году польскія падпольнікі, падначаленыя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», спалілі беларускую вёску Вілюкі на Беласточчыне. Быў забіты жыхар вёскі Васіль Германюк. 22 траўня падначаленыя «Лупашкі» спалілі Патокі.
Падчас пажару загінулі трое дзяцей — Мікалай Герасімчук (10 гадоў), Ніна Герасімчук (8 гадоў) і Яўгенія Герасімчук (6 гадоў). За тыдзень да гэтага той самы аддзел расстраляў чатырох жыхароў Патокаў — Яна Бекіша, ягонага 15-гадовага сына Ўладзімера, а таксама братоў Яна і Ўладзімера Малашэўскіх. Іх абвінавацілі ў сымпатыях да камуністычнай улады.
31 студзеня 1946 году «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія на загад улады паехалі ў пушчу нарыхтоўваць дровы для школы. «Буры» загадаў адпусьціць усіх фурманаў-каталікоў, а праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.
1 лютага «Буры» спаліў вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах ягоныя жаўнеры забілі 15 чалавек, пераважна жанчын і дзяцей.