«Працэс» Сянцова: фільм пра тое, як судзілі ўкраінскага рэжысэра. Відэа

Акцыя "Свабоду Сянцову" ў Кіеве

Расейскі рэжысэр Аскольд Кураў і прадусары вырашылі выкласьці рускамоўную вэрсію фільма «Працэс» у вольны доступ на знак падтрымкі ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.

У жніўні 2015 году Алега Сянцова прысудзілі ў Расеі да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасьці і тэрактах у анэксаваным Крыме: нібыта ён і яго саўдзельнікі рыхтавалі падрыў помніка Леніну ў Сімфэропалі і падпалілі офісы «Рускай абшчыны Крыму» і партыі «Адзіная Расея». Сенцоў сьцьвярджаў, што ў турме яго катавалі.

Amnesty International і расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызналі Сянцова палітвязьнем. Украіна накіравала ў Эўрапейскі суд у правах чалавека пазоў да Расеі ў сувязі з прысудам рэжысэру.

Рэжысёр Аскольд Кураўо сачыў за ходам «справы Сянцова» і па выніках назіраньняў зьняў фільм «Працэс», гісторыю, як ён кажа, пра бязьлітасную дзяржаўную машыну, пра гераізм і баязьлівасьць.

Прэм’ера «Працэсу» адбылася на «Бэрлінале» у 2017 годзе.

Ад 14 траўня Алег Сянцоў абвясьціў у расейскай калёніі бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі.