Ірляндцы выказаліся за поўную легалізацыю абортаў

Дзьве траціны ірляндцаў заявілі пра гатоўнасьць падтрымаць легалізацыю абортаў. Пра гэта кажуць вынікі апытаньняў грамадзкай думкі пасьля ўчорашняга рэфэрэндуму.

За законны статус абортаў прагаласавалі 68 адсоткаў ірляндцаў, супраць — 32 адсоткі. Самая высокая колькасьць прыхільнікаў легалізацыі абортаў у сталіцы Ірляндыі — Дубліне. Там за адмену забароны выказаліся амаль 80 адсоткаў апытаных.

За дазвол абортаў да 12 тыдня цяжарнасьці без дадатковых умоваў выступае таксама кабінэт міністраў Ірляндыі. Міністар юстыцыі Чарлі Флянган назваў рэфэрэндум «яшчэ адным вялікім крокам зь цёмнага мінулага».

Цяпер закон аб перапыненьні цяжарнасьці ў Ірляндыі адзін з самых строгіх у сьвеце. Апроч іншага, у краіне забаронены продаж супрацьзачаткавых таблетак.

Ад 2014 году аборты былі дазволеныя толькі, калі цяжарнасьць пагражае здароўю і жыцьцю жанчыны. У адваротным выпадку ёй пагражае 14 гадоў турмы. Прававой падставай для абортаў паводле мэдычных паказьнікаў стаў закон аб абароне жыцьця цяжарных, за які парлямеэнт Ірляндыі прагаласаваў у 2013 годзе. Нагодай для яго прыняцьця стала сьмерць жанчыны, якой лекары адмовіліся рабіць аборт паводле мэдычных паказьнікаў і вынялі плод толькі пасьля таго, як сэрца эмбрыёна перастала біцца. У выніку жанчына памерла ад сэпсісу.

Штогод больш за 3000 ірляндак выяжджаюць у Вялікабрытанію для перапыненьня цяжарнасьці. У пэрыяд паміж 1980 і 2016 гадамі аборт па-за межамі Ірляндыі зрабілі 170 тысяч жанчын.