Вярхоўны суд Беларусі 25 траўня не задаволіў скаргу аргкамітэту па стварэньні партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі на адмову ў афіцыйнай рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі.
Паводле сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай, у судовым рашэньні прадстаўленыя толькі аргумэнты Міністэрства юстыцыі.
Мін'юст тлумачыў адмову ў рэгістрацыі:
- адсутнасьцю ў дакумэнтах хатніх ці працоўных нумароў некалькіх сустаршыняў;
- памылкамі ў датах нараджэньня заснавальнікаў;
- нявызначанасьцю зь юрыдычным адрасам.
Як сказала Кавалькова, падчас паседжаньня ў Вярхоўным судзе Мін'юст прызнаў, што прымаючы рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі БХД, браў пад увагу заявы грамадзянаў, не правяраючы іх.
Падчас наступных зьездаў арганізацыя будзе рыхтаваць дакумэнты на рэгістрацыю БХД, бо хоча працаваць у Беларусі афіцыйна, сказала Кавалькова.
БХД адмаўлялі ў рэгістрацыі як палітычнай партыі 7 разоў, каля 40 разоў арганізацыя спрабавала зарэгістравацца як грамадзкае ці рэгіянальнае аб’яднаньне.
У 2011 годзе ў інтэрвію Washington Post Аляксандар Лукашэнка заявіў, што хрысьціянскія дэмакраты, імаверна, ніколі ня будуць зарэгістраваныя«, бо яны «бандыты» і «ўдзельнічалі ў беспарадках». Замежныя палітыкі неаднаразова патрабавалі зарэгістраваць БХД, у тым ліку пад пагрозай пашырэньня санкцый. Апошняя афіцыйна зарэгістраваная партыя ў Беларусі — КХП БНФ, Мін'юст дазволіў яе дзейнасьць у 2000 годзе.