29 траўня ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (пачатак у 18.30) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця. А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі.
«Нечаканы Скарына»
«Нечаканы Скарына» — новая кніга ў Бібліятэцы Свабоды. Замовіць тут
Водгукі першых чытачоў кнігі
• Алеся Аркуша
• Уладзімера Арлова
• Ганны Барвенавай
• Ірыны Дубянецкай
• Эдварда Зайкоўскага
• Сьвятланы Куль-Сяльверставай
• Аляксандра Лукашука
• Вячаслава Ракіцкага
«Новая кніга Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына» прысьвечана 500-годзьдзю беларускага кнігадрукаваньня і зроблена на аснове шматлікіх інтэрвію, узятых аўтарам у юбілейным годзе ў айчынных і замежных навукоўцаў, а таксама ягонага ўласнага аналізу скарынаўскай спадчыны. У канчатковым выніку з гэтага атрымаўся цікавы і захапляльны
зборнік культуралягічных эсэ, зь якім карысна азнаёміцца як гуманітарыям, так і шырокаму колу чытачоў.
Не распыляючыся на вузкаспэцыяльныя пытаньні зь біяграфіі беларускага першадрукара, Сяргей Абламейка асьвятляе асноўныя этапы жыцьця Скарыны, падае́ жыцьцёвы шлях і дзейнасьць нашага вялікага земляка ў кантэксьце эўрапейскай культуры пачатку XVI стагодзьдзя. У кнізе пераканаўча паказана, што тагачасная Беларусь, як і ўсё ВКЛ, у галіне асьветы, міжнародных сувязяў, гандлю, палітычных і эканамічных працэсаў разьвівалася ў адным рэчышчы з Цэнтральнай і Заходняй Эўропай. Добра паказаны патрыятычны чыньнік у дзейнасьці Скарыны, яго імкненьне ня толькі зрабіць друкаваную кнігу даступнай шырокім колам насельніцтва, але і сьцьвердзіць ідэі прывязанасьці да свайго краю, сваёй Радзімы.
Як і іншыя тытаны Рэнэсансу, Скарына быў усебакова адукаванай асобай і адмыслоўцам у многіх сфэрах: ня толькі друкар, але і высокакваліфікаваны лекар, мэнэджэр, спэцыяліст у галіне батанікі (каралеўскі садоўнік). Для яго была характэрная адсутнасьць канфэсійнай абмежаванасьці. Да таго ж ён скончыў некалькі ўнівэрсытэтаў і ўпэўнена пачуваў сябе ў розных краінах Эўропы: Польшчы, Чэхіі, Прусіі, Даніі, Італіі.
Паводле свайго паходжаньня зь месьцічаў, Скарына сваёй дзейнасьцю пры больш спрыяльных варунках мог стаць ідэолягам і трубадурам «трэцяга саслоўя», садзейнічаць пераходу да новых, капіталістычных адносінаў. Але трагізм як тагачаснай беларускай гісторыі, так і дзеячоў беларускай культуры заключаўся ў тым, што пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў адноснага вонкавапалітычнага спакою (як выніку Грунвальдзкай перамогі) з канца ХV стагодзьдзя на ўсходняй і паўднёвай межах ВКЛ зьявіліся дужа агрэсіўныя суседзі — узмацнелыя Маскоўскае княства і залежнае ад Турэччыны Крымскае ханства, чый мілітарны націск пачаў пагражаць самому існаваньню дзяржавы і прывёў да непажаданых дэфармацый у яе палітычным, эканамічным і культурным разьвіцьці.
Пра гэта — адны з самых шчымлівых старонак кнігі, якая ўсё ж па вялікім рахунку — аптымістычная».
Эдвард Зайкоўскі
«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.
Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.
Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.
Замовіць кнігу можна ТУТ.